Знайсці
18.09.2017 / 12:076РусŁacБел

Дзевяць восеньскіх лукаў з подыумаў, якія можна сабраць у крамах мас-маркету

Дызайнеры не спяць, і ўжо даўно вырашылі, што будзе модна ў новым сезоне: аб’ёмныя рэчы, футра, чырвоны колер, бліскучы абутак…

Мы зганялі ў некаторыя мінскія крамы і адшукалі там рэчы, якія адпавядаюць таму, што дыктуе нам мода. Калі вы яшчэ не паспелі ўцяпліць гардэроб, вось дзевяць лукаў, ад якіх можна смела адштурхоўвацца пры стварэнні актуальных вобразаў.

Для офіса

Агульны кошт: 127,7 BYN. Вобраз з крамы LC Waikiki.

Уявіце, што вы ў 70-х, і смела апранайце на сябе аб’ёмныя мужчынскія касцюмы. У трэндзе жакеты з футра і штаны з высокім поясам, а таксама смокінгі. Чым больш клеткі, тым лепш. Прычым незвычайнай і рознай: верх можа быць з адным відам прынту, а ніз — з іншым.

Кошт: 143 BYN. Вобраз з крамы Sisters.

Зноў руліць чорны колер (татальны і бясконцы), а таксама чырвоны. Вогненна-чырвоныя сукенкі і спадніцы — фаварыт сезона-2017. Калі хочацца цікавых дэталяў, то раім звярнуць увагу на рэчы з карункамі і бантамі. Рамантычнасць у адзенні дызайнераў з'явілася яшчэ ў мінулых сезонах, але ўсё яшчэ не згубіла актуальнасць. Боты ў стылі гранж зноў будуць у тэму, таму апранайце смела.

Кошт: 238,97 BYN. Вобраз з крамы Reserved.

Сваю ролю на моднай сцэне працягвае граць скура, асабліва чорная, і туфлі з вострым носам. Замяніце іх увечары на масіўныя боты, накіньце зверху такую ж скураную куртку — і можна адпраўляцца на Зыбіцкую. Вобраз Трыніці з «Матрыцы» — гэта самы піск, так усім і перадайце.

На кожны дзень

Кошт: 199,5 BYN. Вобраз з крамы LC Waikiki.

Калі хочацца крышачку пахуліганіць — не стрымлівайцеся. Бейсболка, кашуля свабоднага крою (ніякіх прыталеных), джынсоўка, кросы і вясёлы заплечнік — вось лук для актыўнай дзяўчыны. Калі абіраеце новую джынсавую рэч, спыняйцеся на цёмна-сінім колеры. Менавіта яго раюць абіраць дызайнеры.

Кошт: 439,95 BYN. Вобраз з крамы Reserved.

У гэтым вобразе спалучаюцца амаль усе галоўныя трэнды: а-ля брытанская класічная клетка, модныя колеры і элегантны бліскучы абутак. Незвычайнай дэталлю ў такім строгім камплекце няхай стане заплечнік з яркім малюнкам.

Кошт: 200 BYN. Вобраз з крамы Sisters.

Звяртайце ўвагу і на нюдавыя адценні ў вопратцы: праўда, асцярожней з гэтым колерам, ён пасуе далёка не ўсім. Вялікія накладныя кішэні — яшчэ адна модная дэталь, якая, між іншым, у дадатак вельмі карысная, бо можна сагрэць рукі.

Для выхаду на Зыбіцкую

Кошт: 309,96 BYN. Вобраз з крамы Reserved.

Аб’ёмныя пухавікі, паліто і курткі — гэта не толькі модна, яны яшчэ і выдатна спраўляюцца з сагравальнай функцыяй. Звяртайце ўвагу на футра і футравыя ўстаўкі. Касматыя рэчы — галоўны спадарожнік усіх модніц не толькі на гэтую восень, але і на зіму. А каб вобраз быў не такім масіўным, апранайце пад ніз рамантычныя сукенкі ці спадніцы з аксаміту — матэрыял актуальны не толькі для верхняй вопраткі, але і для абутку.

Кошт: 175,5 BYN. Вобраз з крамы LC Waikiki.

Як вы ўжо зразумелі, чым больш незвычайным будзе ваш абутак, тым лепш. Гэта могуць быць футурыстычныя красоўкі, фігурыстыя абцасы (у выглядзе чарачак, косак ці клінападобныя, калі хочаце) з упрыгожваннямі і незвычайнымі выразамі — не бойцеся эксперыментаваць.

Скура, шоўк і іншыя матэрыялы з металічным бляскам здаваць пазіцыі не збіраюцца. Калі вы баіцеся выглядаць як гераіня з будучыні, можаце звярнуць увагу на касмічныя аксэсуары: напрыклад, клатч, заплечнік ці абутак.

Кошт: 262,4 BYN. Вобраз з крамы Sisters.

Падкрэсліць формы можна шырокім поясам. Дызайнеры раяць выкарыстоўваць яго пры любой магчымасці: падвязваць кардыган, накідку, понча ці аб’ёмны швэдар з кажухом. Што тычыцца калготак, без якіх восенню і зімой ніяк, то лепш абіраць яркія колеры. Прычым калі яны не пераклікаюцца з асноўнай гамай, то так яшчэ і лепш.

Калі вы знайшлі ў адным з гэтых вобразаў сябе, то сабраць такі самы лук можна ў крамах гандлёвага цэнтра «Галерэя Мінск».

Кацярына Карпіцкая, фота Волі Афіцэравай

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера