Знайсці
12.09.2017 / 15:5520РусŁacБел

Ластоўскі: Егіпецкая выстава ў Мастацкім — камерцыйная халтура для забітых правінцыялаў

Ішоў сабе з гістарычнага музея і думаю: зазірну ў мастацкі, там жа адкрылі новую выставу пра Старажытны Егіпет. І патрапіў адразу на баль, то бок афіцыйнае адкрыццё — спецыяльна разаслалі нават фірмовую чырвоную дарожку на ўваходзе, праўда, я па засцеленых газетах яе адольваў.

Давялося лішнюю гадзіну кукаваць, але 1) выпіў гарбаты і з'еў пахлавы (падазрона вельмі падобная на турэцкую, ці егіпецкая пахлава такая ж самая, халера яго ведае), 2) паслухаў нашых чыноўнікаў з міністэрстваў адукацыі і культуры — унікальная магчымасць ужывую, ад крыніц, насыціцца мудрасцю, глыбокімі ведамі, гумарам і разнастайнасцю думак, 3) паглядзеў на народны егіпецкі танец: мужык таньчыць у спадніцы з падсветкай, я так і думаў, што егіпцяне былі вельмі прагрэсіўнай цывілізацыяй.

Па завяршэнні танца да сапраўднага егіпецкага мужыка можна было залезці пад спадніцу і зрабіць там сэлфі, гэтым з радасцю скарысталіся нашы журналісткі. Нарэшце, можна было прашчаміцца на выставу (якую ў перадбанніку адна з супрацоўніц музея чамусьці назвала «фуфлом») і заадно паслухаць экскурсію ад Мікіты Моніча. Той, як заўжды, расказваў утрапёна і з веданнем справы, хоць толькі напрыканцы экскурсіі закрануў пытанне аўтэнтычнасці.

Выстава — цалкам камерцыйны праект, пры нешматлікіх (з падслуханага — усяго 16) і не вельмі яркіх арыгінальных артэфактах асноўная стаўка робіцца на рэплікі самых вядомых прадметаў егіпецкай культуры. Прычым не заўжды ўлічваюцца нават арыгінальныя памеры (гэта заўважна па Разецкім камяні і галаве Неферціці). Што асабліва раздражняе, вельмі заблытана пазначана, дзе аўтэнтычныя артэфакты, а дзе копіі. Не менш хаатычна прапісанае сапраўднае месца знаходжання аб'ектаў. Ні пад якія сучасныя стандарты музейнага экспанавання гэта немагчыма падагнаць.

Я разумею, што сам разбэшчаны Луўрамі і Брытанскімі музеямі (да Каіра, праўда, пакуль не дабраўся), але выстава цягне толькі на камерцыйную халтуру для забітых правінцыялаў, якім галоўнае — зрабіць сэлфі на фоне пазалочанага сфінкса.

Аляксей Ластоўскі, facebook.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930