Знайсці
05.09.2017 / 20:5314РусŁacБел

Святлана Алексіевіч дапамагла жанчыне-інваліду з Гомеля пагасіць банкаўскі крэдыт

Гісторыя 42-гадовай гомельскай інвалідкі Натальлі Васіленкі, якую за камунальныя запазычанасьці КЖРЭУП «Савецкае» наважвалася сёлета выселіць з арэндаванага пакою, моцна ўразіла пісьменьніцу Сьвятлану Алексіевіч. Нобэлеўская ляўрэатка стала штомесячна дасылаць Натальлі грашовыя пераводы па 200 рублёў, а ў жніўні сустрэлася зь ёй ды перадала тысячу даляраў на пагашэньне даўгоў.

Жыцьцё на два рублі за дзень

Зь невялікай пэнсіі інваліда 3 групы Натальлі Васіленкі ўпраўленьне сацыяльнай абароны адміністрацыі Савецкага раёну Гомлі вылічвае паводле розных выканаўчых лістоў амаль палову дзяржаўнай дапамогі. У выніку жанчына вымушана выжываць на 74 рублі ў месяц — па сутнасьці, на два рублі з капейкамі за дзень.

Агульны ж доўг жанчыны-інваліда складае 6748 рублёў, асноўная частка якога (6046 рублёў) — гэта тры банкаўскія крэдыты.

«З дапамогі, якую мне аказала Сьвятлана Алексіевіч, — кажа Васіленка, — я заплаціла 1243 рублі «Ідэя Банку». Думаю скарыстаць рэшту дапамогі, каб цалкам разьлічыцца з гэтым банкам. Дзякуй вялікі Сьвятлане Аляксандраўне. Яна мяне і без таго балуе: у жніўні даслала нават два пераводы па 200 рублёў — на дадатак да даляравай дапамогі. Мне хоць лекі ёсьць за што купіць».

Жанчына згадвае, што першы спажывецкі крэдыт на 5 мільёнаў недэмінаваных рублёў яна ўзяла ў «Дэльта Банку» ўвосень 2012 году. Пасьля прыступу эпілепсіі яна засталася бяз працы. Да таго ж моцна хварэла маці — ёй таксама былі патрэбны лекі. Сплачваць пазыку не было чым, няўстойка расла. На крэдыт у «Ідэя Банку» купляла кампутар і тэлевізар, каб неяк заняць сябе. Маці да таго часу памерла, і Натальля засталася адна ў арандаваным пакоі. Яна ды чорны кот Майкл. Іншыя два пакоі ў трохпакаёўцы высотнага панэльнага шматпавярховіка дасталіся стрыечнай сястры з мужам, якія сваю жыльлёвую плошчу даўно прыватызавалі.

Пакой ад дзеда

Трохпакаёвую кватэру у доме па вуліцы Жукава атрымаў колісь ейны дзед. Тут жанчына й гадавалася. Бацька зьехаў у Расею, пакінуўшы дачку на выхаваньне маці ды дзеда з бабай.

Натальля скончыла дзевяць клясаў у сярэдняй школе № 32. Далей вучыцца ня стала. Ад цэнтра занятасьці набыла спэцыяльнасьць маляра-тынкоўшчыцы, уладкавалася ў СУ-107 ААТ «Гомельпрамбуд». А яшчэ наведвала сэкцыі лёгкай атлетыкі і боксу.

Пакуль працавала, някепска зарабляла. А калі здарыўся выпадак з эпілепсіяй, жыцьцё пакацілася ў тартарары. Лекары ўвялі шэраг абмежаваньняў на працу: звыш васьмі гадзінаў рабіць нельга, у начную зьмену нельга, з рознымі мэханізмамі нельга, з шкоднымі рэчывамі нельга, зь людзьмі таксама нельга. Нават на перабіраньне гародніны не прайшла мэдычную камісію. Рукі апусьціліся. Бо да гэтага жанчына езьдзіла за межы гораду на розныя будаўнічыя аб’екты, «сьвяціла» нават доўгатэрміновая камандзіроўка ў Вэнэсуэлу.

Бяда адна ня ходзіць

Трэцюю групу інваліднасьці Натальлі прызначылі толькі праз два з паловай гады пасьля звальненьня з будаўнічай арганізацыі — у 2014-м. Пасьля выявіліся праблемы з сэрцам, крывяным ціскам. У 2016 годзе Васіленка наагул перанесла інсульт. Як выжыла, сама зьдзіўляецца. «Раней, да інсульту, у мяне былі нейкія спадзевы на лепшае. Думала, вярнуся хоць пасудамыйкай у кавярню ці яшчэ куды ўладкуюся і неяк пражыву. Былі думкі наагул зьехаць у эміграцыю — у Швэцыю альбо ў Ізраіль. Цяпер з інсультам ды эпілепсіяй я ўжо нікому не патрэбная. Во хіба толькі зачапіцца за ланцужок», — Натальля скрушна паказвае на столь, зь якой зьвісае ланцужок, што некалі трымаў прыгожую жырандолю для асьвятленьня невялічкага пакою, дзе апроч лядоўні, ложка ды століка зь невялічкімі палічкамі, забітымі лекамі, ніякіх лішніх рэчаў няма.

Радыё Свабода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930