Знайсці
05.09.2017 / 11:2524РусŁacБел

Цяжкасці перакладу і духоўныя франшызы: будысты супраць мусульман

Піша Мардэхай Валошка.

Будысцкія манахі трымаюць плакат: «Прыхільнікі рахінджа — нашы ворагі». Фота АФП.

Усе ўжо ведаюць пра канфлікт у М’янме. Некаторыя клічуць краіну на каланіяльны капыл Бірмаю, што толькі падкрэслівае, як нам на самай справе пофігу, што там адбываецца. Але робяцца заявы, лайкаюцца пасты, рэтвіцяцца твіты, дадаюцца дэталі ў мазаікі тэорый сусветнай змовы.

Распавядаю караценька. У правінцыі Рахайн, якая нам вядома па каланіяльнай назве Аракан, мясцовая аўтахтонная бірманская этнічная большасць вельмі не любіць мясцовую арыйскую (я сур’ёзна, інда-арыйскую) этнічную меншасць. І адзін аднаго б’юць і забіваюць. Нейкая рахінья ці рахінджа…. А каб яго халера. Многія заходнія СМІ нават не могуць правільна назваць, як каго там клічуць, таму проста кажуць «бірманскі ўрад» прыгнятае нейкую пэўную меншасць. Бо мы завём гэтую зямлю як Аракан — нам пофіг, партугальцы прыдумалі, і годзе — адпаведна, тамтэйшы народ «араканцамі». А яны «рахаінцы», ці «рахіны», ці «рахінье»… Не лінгвіст, таму магу блытаць, як там іх дыфтонгі правільна на мову перадаюцца. Карацей, яны — «тутэйшыя» жыхары Рахайна. Кажуць, што тая Рахайна яшчэ ёсць у Рамаяне, як зямля «чорных людзей». Вось гэта яны. І, адпаведна, інда-арыйская меншасць кліча сабе «рахінджа»… то бок гэтымі самымі тутэйшымі, але на свой арыйскі капыл.

А пасля незалежнасці М’янмы, ці тады Бірмы, мясцовыя ўлады, як паўсюль у былых калоніях, прыпалі да глебавага трайбалізму, абвесціўшы, што, хто тут як мы — карэнны народ, — няхай будзе. А вось тыя, што іншай формы чэрапа, няхай валяць у сваю Індыю альбо Бангладэш ці Усходні Пакістан, да сваіх арыяў. Вашыя дзяды, з-за неразборлівасці прыгнятацеляў-англічан, свавольна перайшлі раку Наф і захапілі нашую зямлю! Мала таго, вы яшчэ Будзе духмяных свечак не ставіце, а ў той мячэт ходзіце і па-нянашаму нешта там вам кожны тыдзень кажуць! А некаторыя наогул ля сваіх рознакаляровых статуй са шматрукімі чарцямі скачуць! Годзе! Бірма для бірманцаў. Аракан для араканцаў. Паган для паганцаў.

Калі этнічныя біхарцы і урду, нашчадкі рабочых англійскіх каланіяльных кампаній, як і шмат якіх народаў у ходзе падзелу былога Раджа, сапраўды вярнуліся ў Індыю, то большасць рахінджа засталіся, бо лічылі гэтую зямлю сваім домам. Маўляў, тутэйшыя. Этнічныя сутыкненні працягнуліся, з прымусовым згонам з зямлі, забаронай у карыстанні калодзежамі і іншымі атрыбутамі глебавай «справядлівасці». Часткова рахінджа пасля чарговых спалохаў мігрыравалі, але ж да гэтага часу там іх шмат. Пад мільён.

Далей болей. Паколькі этнічныя сутыкненні былі не толькі ў Аракане, але і на поўначы, і на ўсходзе краіны, закон аб грамадзянстве 1982 бірманскія генералы прынялі як тыя генералы ўмеюць — просты і жорсткі. Хто да 1823 (!) — той самай вайны з англічанамі) года тут не жыў — не тутэйшы, на грамадзяніна не цягне. Гэтым самым больш за 130 народнасцяў, прыкладна 1/8 насельніцтва краіны была абвешчана унтэрменшамі. Яны не тутэйшыя — прыйшлі з Кітая, прыйшлі з Індыі, карацей, панаехалі. Гэтак заканадаўча этнасы былі падзеленыя на «правільных тутэйшых» і «няправільных тутэйшых». Каб дзіця атрымала ID, скончыла школку ды мела далей шанец у жыцці — трэба даваць хабар чыноўніку з «правільных тутэйшых». Самі ўжо неяк дажывем.

Кажуць, што рэфарматары з ураду пані Аўн Сан Су Чжы прапанавалі не рабіць на нацыянальных дакументах ні этнічнай, ні рэлігійнай пазнакі. Але як гэта? На гэта наш народ пайсці не можа. Як мы будзем вызначаць пятую калону? Ставім і будзем ставіць. Вы яшчэ прапануйце на розныя мовы дакументы перакладаць! А гэтыя хай едуць у Бангладэш. Іх дзяды на чоўнах сюды прыплылі па асабістым загадзе імператара Японіі Хірахіта, каб укараняць сакрэтныя планы Абдул-Азіза ібн Абдурахмана аль-Сауда, сам бачыў!

Карацей, гэта клінічны выпадак глебавай нянавісці. Але не ўнікальны. Праз мора на Шры-Ланцы сінгалы (арыі) і тамілы (дравіды) з часоў самой Рамаяны вырашаюць, хто ж там на выспу першы прыплыў, асядлаў сланоў і загнаў абарыгенаў у джунглі. У караля Тайланда этнічныя меншасці змагаюцца за сваю глебу на поўначы і на поўдні. У Індыі ў кожным штаце ёсць адпаведная гісторыя, як мой дзед тут у часы Чандрагупты ганяў гусей, калі твой дзед яшчэ з гор не сышоў. Я ўжо не кажу за Блізкі Усход, адкуль-такі ўсё пачалося! Большасць канфліктаў у Азіі, як і ў свеце, глебавая. Бо ўсе ж мы не асабліва сышлі ад нашых продкаў, таму зямля і яе рэсурсы — гэта тое, чаму групы людзей змагаюцца паміж сабою.

І чым далей, тым болей мы разумеем, што ранейшыя вялікія перасяленні народаў, звязаныя з імі заваёвы, узвышэнні ды падзенні гарадоў ды імперый мелі збольшага прыродную прычыну. Калі раптам ежы не стае, пойдзем вунь туды, за гарою, дзе рэкі цякуць і само ўсё расце. А там ужо жывуць нейкія і ў свайго бога вераць. Не хочуць, каб мы побач сяліліся. Тады надаем ім па галаве!

Таму, як тая Касандра, папярэджваю, што ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі сотні мільёнаў людзей будуць жыць на тэрыторыях, дзе будзе занадта горача, дзе не будзе хапаць пітной вады ці, наадварот, будзе занадта залеваў. Што гэтыя людзі будуць рабіць? І што будуць рабіць іх суседзі? Але.

А прычым тут духоўныя франшызы? Разумееце, вось калі людзі пратэстуюць супраць капіталізму, асабліва амерыканскага, г.зв. «заходняга», яны «выносяць» Макдональдс. Не фондавую біржу ці штаб-кватэру якой карпарацыі, а страўню з гамагенізаванай ежай, дзе працуюць іх суседзі за малы заробак. Бо гэта побач, гэта — паўсюль. Больш за тое, гэта бяспечна, бо нас шмат, а ў іх шыбы без аховы! І зазвінела шкло. Гэта наша ўсёпераможная камянюка — зброя пралетарыяту ды пітэкантрапаў.

Так і тут. Дзесяцігоддзямі да тых рахінджаў нам не было справы. А цяпер з’явілася. А яны хто? Трэба ж начапіць нейкую бірку, тэг. Эва… дык яны ж мусульмане! А хто іх забівае? Будысты! Усё, ва ўсяго вашага ёга-класа ў фрэнд-стужцы кагнітыўны дысананс. Бо вы ж не бачылі, як хлопцы ў ружовых накідках распальваюць натоўп: пайшлі біць вунь тых, яны не нашыя! І крамы ў іх багатыя, і перцу шмат кладуць у кары, і духмяных свечак няма дзе паставіць… Ці вы думалі, што яны нейкія іншыя? Рэлігія міру vs. рэлігія дабра. Deathmatch. Новая забаўка вам на паўгадзіны. Заўтра будзе іншая.

Яны абсалютна такія ж, як і ўсе іншыя. І таму канфлікт тыповы. Чаму ж мы вешаем на іх рэлігійныя франшызы? Гэта выгадна ўсім, як мне падаецца. Рэлігійныя франшызы застаюцца актуальнымі, бо інакш трэба прызнаць роўнасць удзельнікаў. А так маем «Бургер-кінг» насупраць «КФС». Гаваркія галовы (мне падабаецца індыйскае слова pundit, але ў нас шчэ не прыжылося) адразу робяць абагульненні касмічных памераў ды эпічнага глупства аб цывілізацыйным супрацьстаянні. А мы вершаем бірку на праблему, кладзём на адпаведную палічку ды супакойваемся. Мы — добрыя, а гэтыя — вунь якія дзікуны. Прыплылі на чоўнах па загадзе кайзера ды скралі ў нас золата тампліераў. Ад таго крызіс ды захад нашай цывілізацыі. Моладзь нас не слухаецца. Жанчыны нас не кахаюць. Што будзе далей? Амаль як пісалі адзін аднаму на тых таблічках 5000 год таму шумеры.

А далей трэба жыць і неяк вучыцца на досведзе мінулага. Бо інакш усе нашыя інавацыі — гэта ўсяго толькі сродкі, як хутчэй дастаць банан ды надаваць па галаве іншым, хто па яго цягнецца. І ад забойства суседа нас аддзяляе толькі тое, што крама з бананамі адчыняецца а дзявятай гадзіне.

Мардэхай Валошка

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера