Знайсці
02.09.2017 / 18:5250РусŁacБел

Палітычную актывістку Наталлю Гарачку-Басалыгу затрымалі на палігоне вучэнняў «Захад-2017»

Палітычная актывістка Натальля Гарачка знайшлася ў ізалятары часовага ўтрыманьня Барысава і застанецца там да суду.

Паводле наяўнай інфармацыі, на яе складзены адміністрацыйны пратакол нібыта за дробнае хуліганства.

1 верасьня жанчына прыехала праведаць сына Івана, які праходзіць тэрміновую службу і цяпер знаходзіцца на вайсковым палігоне пад Барысавам.

Там разьмешчана частка падразьдзяленьняў, задзейнічаных у вайсковых вучэннях «Захад-2017».

Увечары таго ж дня яна пасьпела затэлефанаваць калегам і паведаміла, што знаходзіцца ў аўтамашыне расейскіх вайскоўцаў у Барысаве.

Па яе словах, яна выйшла з маршруткі №10 на скрыжаваньні каля «Барысаў-Арэны» і пайшла ў бок лесу. Сьледам рушылі двое вайскоўцаў. Неўзабаве пад’ехала машына, на расейскім нумары быў пазначаны 50-ты рэгіён Расеі. Яе прымусілі сесьці, унутры былі два расейскія вайскоўцы, адзін з капітанскімі пагонамі. Не прадставіліся, не сказалі, хто яны такія і куды вязуць.

У выніку прыбылі на КПП №1. Там зь ёй, па яе словах, размаўляў беларускі афіцэр, які назваўся падпалкоўнікам Галавіным, праз слова крыў мацюкамі. Пасьля гэтага выклікаў міліцыю, супрацоўнікі даставілі яе ў Барысаўскі РАУС.

Натальлю Гарачку апытаў апэратыўны дзяжурны капітан міліцыі Мікалай Мікуліч і сказаў, што яна вольная. Аднак у гэты час атрымаў па тэлефоне загад не адпускаць жанчыну на падставе таго, што едзе начальства і хоча зь ёй пагутарыць.

Неўзабаве да РАУС на праспэкце Рэвалюцыі, 20 пад’ехаў чорны ўседарожнік. З аўтамабіля выйшлі два чалавекі ў цывільным, за рулём быў кіроўца ў вайсковай форме. Ніхто зь іх не прадставіўся і не паказаў ніякіх дакумэнтаў, але было прынятае рашэньне затрымаць Гарачку.

Сёньня стала вядома, што Гарачку вінавацяць у дробным хуліганстве і будуць судзіць.

Мяркуючы па ўсім, выходныя ёй давядзецца правесьці ў камэры ізалятару.

Сама Натальля Гарачка ў размове з калегамі назвала здарэньне спробай яе выкраданьня.

Паводле радыё «Свабода»

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера