Знайсці
01.09.2017 / 10:49РусŁacБел

Выстава, прысвечаная Віленскай беларускай гімназіі, праходзіць у музеі Янкі Купалы

З 31 жніўня Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы запрашае на выставу «Кузьня беларускага духу».

Упершыню ў Беларусі будуць прадстаўлены ўнікальныя матэрыялы з гісторыі беларускага школьніцтва са збораў Грамадскай арганізацыі «Беларускі музей імя Івана Луцкевіча» (Вільнюс, Літва) і Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. Рэалізацыя праекта стала магчымай дзякуючы Пасольству Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь.

Выстава прапаноўвае рэтраспектыўны погляд на гісторыю Віленскай беларускай гімназіі — цэнтра беларускага школьніцтва 1920-30-х гадоў, на ўзор якога ствараліся гімназіі на тагачасных абшарах Заходняй Беларусі: Наваградку, Радашковічах, Клецку. У 1920 і 1941 годзе пачэсным госцем вучняў Віленскай беларускай гімназіі быў Янка Купала.

Асоба і Слова Песняра былі для моладзі ўзорам жыцця дзеля сваёй Радзімы, яго паэтычныя радкі сталіся нацыянальным гімнам для беларускіх гімназістаў:

Не загаснуць зоркі ў небе,
Покі неба будзе, —
Не загіне край забраны,
Покі будуць людзі.

Выставачны праект «Кузьня беларускага духу» скіраваны на вывучэнне і перайманне найлепшых традыцый беларускага школьніцтва — спазнання спадчыны продкаў і сусветнай культуры на сваёй роднай мове. Бо нацыянальная асвета — краевугольны камень будаўніцтва дзяржаўнасці Беларусі.

Інтэрактыўная праграма выставы дасць магчымасць азнаёміцца з рарытэтнымі выданнямі 1920—30-х гадоў: творамі Даніэля Дэфо, Марка Твена, Віталя Біянкі па-беларуску. Можна будзе адчуць сябе вучнем Віленскай беларускай гімназіі: пазнаёміцца з вучэбнай праграмай, пагартаць вучнёўскія сшыткі і нарэшце праверыць сваю кемлівасць — выканаць заданні таго часу.

Выставачны праект скіраваны на наведвальнікаў розных катэгорый, і ў першую чаргу для вучнёўскай моладзі.

Для арганізаваных груп пры папярэднім запісе могуць быць праведзены тэматычныя інтэрактыўныя экскурсіі.

Наведаць выставу можна да 27 верасня 2017 года.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера