Знайсці
31.08.2017 / 20:119РусŁacБел

Тры маркі электрамабіляў, зарэгістраваныя ў Беларусі

Нядаўна стала вядома, што Аляксандр Лукашэнка пракаціўся на апошняй мадэлі электрамабіля «Тэсла» і даручыў айчынным распрацоўшчыкам імкнуцца да гэтага ўзроўню. «Наша Ніва» вырашыла высветліць, якія электрамабілі карыстаюцца папулярнасцю сярод беларусаў.

Паводле даных ДАІ, аўтамабілі на электрычнай цязе не вельмі папулярныя: па стане на жнівень 2017 года ў краіне іх зарэгістравана каля 100. З іх 19 электрамабіляў маркі Tesla, 43 маркі Nissan Leaf і каля 40 — Chevrolet Volt. 

Tesla

Tesla Model S. Фота: tesla.com.

Кампанія «Тэсла» пад кіраўніцтвам Ілана Маска — самы вядомы вытворца электрамабіляў у свеце. Іхнія ж машыны і самыя дарагія. 

Зарада літый-іённага акумулятара мадэлі S, якую пратэсціраваў кіраўнік Беларусі, хапае на 426 км, што дазваляе Tesla Model S пераадольваць найбольшую адлегласць з даступных на рынку электрамабіляў. Базавая мадэль S выкарыстоўвае вадкаснае астуджэнне рухавіка пераменнага току, які мае магутнасць 362 конскіх сілы.

Салон Tesla Model S. Фота: tesla.com.

Цэны на Model S у ЗША ў 2017 годзе пачынаюцца ад 70 тысяч даляраў і даходзяць да 140 тысяч. Самы дарагі варыянт — Tesla Model S P100D з запасам ходу ў 507 кіламетраў, здольны разганяцца да 100 км/г за 2,7 секунды. Акурат пра гэта сказаў Лукашэнка: «Стартуе ён, як касмічны карабель, і яшчэ больш магутны. За дзве з паловай секунды — 100 км». Адсюль можна зрабіць вынік, што пратэсціраваў ён менавіта гэтую мадэль.

Nissan Leaf

Nissan Leaf. Фота: nissanusa.com

Японскі электрамабіль Nissan Leaf серыйна выпускаецца з вясны 2010 года. Зборка першых серыйных асобнікаў пачалася ў Японіі, потым з 2012 года Nissan разгарнуў вытворчасць электрамабіляў Leaf на заводах у ЗША (штат Тэнесі), а з 2013 года — у Вялікабрытаніі.

Ёмістасці акумулятара Nissan Leaf хапае на 160 км прабегу, і ў гэтым ён значна саступае Тэсле. Ніжэйшая і магутнасць электрарухавіка — 108 конскіх сілаў.

Прывад электрамабіля — пярэдні. Ніжняе размяшчэнне самага цяжкага элемента аўтамабіля — акумулятарнай батарэі — забяспечвае лепшую ўстойлівасць.

Nissan Leaf. Фота: nissanusa.com.

Nissan Motor заяўляе пра мадэль Leaf як пра першы ў свеце масавы і даступны на глабальным рынку электрамабіль. Кошт яго і сапраўды адносна нізкі: за мадэль 2011 года ў Еўропе просяць каля 30 тысяч еўра.

Chevrolet Volt

Chevrolet Volt. Фота: chevrolet.com

Chevrolet Volt быў прэзентаваны на Дэтройцкім аўтасалоне ў студзені 2007 года. Гэта гібрыдны аўтамабіль. Асноўным з'яўляецца цягавы электраматор на 149 к. с. (што адрознівае яго ад звычайных «гібрыдаў», дзе асноўным усё ж з'яўляецца рухавік унутранага згарання), і ў дадатак да яго чатырохцыліндравы бензінавы. Рухавікі могуць працаваць разам ці асобна адзін ад аднаго. 

Да хуткасці 100 км/г Chevrolet Volt разгоніцца за 9 секунд (супраць 2,7 секунды ў Tesla). 

Chevrolet Volt. Фота: chevrolet.com

Карыстальнікі кажуць, што кіравальнасць Chevrolet Volt знаходзіца на ўзроўні звычайнага бюджэтнага аўто.

На афіцыйным сайце Chevrolet цэны на электрамабіль пачынаюцца ад 34 тысяч даляраў.

Варта адзначыць, што шмат якія краіны прапануюць так званую «экалагічную» кампенсацыю пры набыцці электрамабіляў, якая залежыць ад кошту самой машыны. Так, пры куплі Chevrolet Volt улады ЗША дапамагаюць зэканоміць каля 8000 даляраў. 

Ілья Параскевіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930