Знайсці
30.08.2017 / 07:043РусŁacБел

Грузінка Натэла Закарая: Не забудзьце пакаштаваць на «Тбілісобе» чурчхелу — во дзе самая смаката!

Вось ужо месяц у Натэлы Закарая праца кіпіць і днём, і ўначы, бо да «Тбілісоба Баржомі — 2017» засталося менш за тыдзень [усе, хто захапляецца грузінскай кухняй і шырокай грузінскай душой — сустракаемся 2 верасня ў Верхнім горадзе]. Да гэтага часу Натэле трэба паспець нарыхтаваць дзве тысячы чурчхел, каб ніхто не сышоў з гастранамічнага фэсту пакрыўджаным. Летась мінчукі змяталі літаральна ўсё, што было, і прасілі яшчэ.

Пра грузінскую гасціннасць ходзяць легенды. Вось і мы зазірнулі да Натэлы паглядзець, як там ідзе нарыхтоўка чурчхел, а нас чакаў цэлы стол. Канечне, не абышлося без усімі любімага дамашняга хачапуры і сацэбелі, што надае непаўторны смак любой страве.

Дарэчы, сацэбелі ад Натэлы таксама можна будзе адшукаць на фэсце [вельмі смачны, праўда, самі каштавалі]. Гэта грузінскі соус, прыгатаваны на памідорах. Будзе і ткемалі — таксама соус, але на алычы. Прычым у Натэлы — на грузінскай алычы, бо ў Беларусі яе сёлета папросту не адшукаць. Кажуць, соусы не толькі смачныя, але і надзвычай карысныя. Грузіны ужываюць іх з віном, прычым па ўсіх правілах яно мусіць быць налітае не з бутэлькі, а з адмысловага збанка, як на фота.

Сацэбелі і ткемалі.

Калі ўбачыце ў Верхнім горадзе на «Тбілісоба Баржомі» штосьці падобнае з выгляду да беларускіх пальцам пханых кілбасаў, ведайце, што ніякія гэта не кілбасы.

Чурчхела — сытны грузінскі нацыянальны ласунак. У тэорыі робіцца ён даволі проста, патрэбна ўсяго некалькі інгрэдыентаў: фундук або грэцкія арэхі, вінаградны сок і кукурузная мука.

Арэхі нанізваюцца на нітку, абмакваюцца ў загушчаны мукой вінаградны сок і потым сохнуць. Пасля працэс паўтараецца. Гатовы ласунак можа цэлы год чакаць нагоды трапіць на стол, ён не сапсуецца. Хаця насамрэч для таго, каб пахрумсцець арэшкамі, не варта чакаць нагоды.

Натэла кажа, за дзень паспявае нанізаць арэхаў на сто чурчхел. Працы так шмат, што яна нават забывае паесці.

Натэла з мужам Зурабам і сынамі жыве ў Беларусі амаль 25 гадоў. Ужо і дзеці павырасталі, ажаніліся. Адзін узяў у жонкі фінку, другі — беларуску. Натэла кажа, сыны ў Грузію ездзяць толькі на адпачынак, бо хоць там і жывуць сваякі, усе сябры ў іх тут. Сама ж жанчына моцна сумуе па радзіме, але іх сям’і ўдаецца захоўваць Грузію тут, у Беларусі, у сваім уласным доме. З мужам яны размаўляюць па-грузінску.

«У нас іншы менталітэт, ён вельмі адрозніваецца ад беларускага, — кажа Натэла. — Пасля таго, як мы сталі бежанцамі і прыехалі ў Беларусь, жылі на кватэры. Памятаю, як толькі засяліліся, Зураб пайшоў да суседа, хацеў пазваніць. Дык дзіця, што адчыніла дзверы і ўпусціла яго, ледзьве не забілі пасля: «Як ты ўпусціў чужога дзядзьку?» Але потым мы так пасябравалі, што наш сусед казаў: «Хачу, каб паміж нашымі кватэрамі былі адны дзверы». Я ўсіх суседак навучыла гатаваць грузінскія стравы, грузінскія прыправы. Яны ўжо лепш за мяне іх гатуюць».

«Няма такога чалавека сярод маіх знаёмых, які не марыць патрапіць у Грузію. І пажылыя, і маладыя — усе мараць, — распавядае пра радзіму Зураб. — Калі знаёмыя першы раз ехалі ў Грузію, баяліся. Усё ж чужая краіна, чужая мова. А потым, ужо як з’ездзілі і вярнуліся, расказвалі: «Мы не ведалі, што там жывуць такія людзі! Незнаёмыя запрашалі ў дом пасядзець разам, выпіць». Яны былі ў захапленні — не разумелі, куды патрапілі».

«Калі сябар Зураба з’ездзіў у Грузію, пабачыў Казбек, а там вельмі прыгожа, сказаў: «Зураб, што ты тут згубіў? Едзь на сваю радзіму!» — усміхаецца Натэла. — Мая душа там, я вельмі сумую. А дзеці ўжо прывыклі».

«У нас тут вельмі шмат сяброў, — працягвае Зураб. — Мы ўсе як адна сям’я. Вось заўтра, напрыклад, на свята чалавек дзесяць прыйдзе. На вуліцы стол накрыем, шашлыкі будзем смажыць, курыцу. Пасядзім, паразмаўляем. Ведаеце, як расказваюць? Бог раздаваў усім землі. Усе ўжо раздаў, а тут прыйшлі грузіны. Спазніліся, карацей, сталі апраўдвацца: «Разумееце, у нас было застолле…» І Бог сказаў: «Я прыбярог зямлю для сябе, але дару яе вам».

«У нас народ душэўны. У яго свайго нічога няма, але для госця ён знойдзе. Зойме грошай, стол накрые. Традыцыі ў нас такія, — кажа Натэла. — Грузіны, з якімі мы пазнаёміліся пасля вайны, нам ужо як радня. Ці вяселле, ці бяда нейкая — мы адзін аднаму дапамагаем, у нас гэта закладзена. На вяселлі сына было 250 чалавек!

А калі памерла мая маці, я нікому нічога не казала, ведала, што сябры будуць непакоіцца, грошы прынясуць, каб на дарогу было, яшчэ на што. Я не ведаю як, але хтосьці даведаўся. Усе прыйшлі, папросту кідалі мне гэтыя грошы. Вось так у нас прынята. Нічога няма, а мы ўсё адно стараемся. І гэта цудоўна!»

Гэта ўжо трэці фестываль «Тбілісоба Баржомі», у якім Натэла бярэ ўдзел. Для яе сям’і гэта сапраўднае свята, леташні фэст яна згадвае са шчырым захапленнем: «Прыйшлі 35 тысяч чалавек! У той дзень усе былі грузінамі, я вам кажу!» Выглядае, што сёлетняя «Тбілісоба» будзе не менш насычанай і гучнай.

Леташняя «Тбілісоба Баржомі».

Дзе знайсці Натэлу і што яшчэ паглядзець на сёлетняй «Тбілісобе Баржомі»

Ужо а 12-й гадзіне 2 верасня пачнуць працаваць 25 кропак фудкорта — гэта ўдвая больш, чым летась. Будзе і традыцыйная грузінская кухня, і стравы ў новым фармаце «on the go».

За тыдзень да фестывалю дзевяць месцаў Зыбіцкай узялі ўдзел у «Шашлык-маркеце». Яны прапануюць аўтарскае бачанне грузінскай кухні — тыя ж «хмельныя» або вегетарыянскія шашлыкі. Калі вы завітаеце туды да 2 верасня, да страў вам абавязкова дададуць бляшанку мінеральнай вады «Баржомі».

Увесь дзень у Верхнім горадзе будуць гучаць традыцыйныя мелодыі ў выкананні грузінскіх калектываў, на Зыбіцкай музыканты «Пешаходкі» будуць граць сучасныя каверы на грузінскую музыку.

На пляцоўцы Старога Тбілісі можна будзе ўбачыць нацыянальныя касцюмы і навучыцца пісаць па-грузінску. Дзецям таксама сумаваць не давядзецца — для іх пабудуюць грузінскі саламяны гарадок па суседстве з якім размесціцца «Слоік задавальненняў» «Баржомі». Усё лета тут прапаноўвалі розныя віды актыўнага адпачынку ў гарадскіх парках, але цяпер спіс абнавіўся.

А ўвечары гістарычны цэнтр Мінска будзе рухацца ў рытме грузінскай электроннай музыкі ў выкананні найлепшых дыджэяў Тбілісі: Nika Amirejibi і Lashа Guruli. Разынкай стане начны модны паказ пад адкрытым небам. Мінчукі змогуць ацаніць першую калекцыю адзення музыкі і дызайнера Кахабера Цыскарыдзэ, якая стала сенсацыяй на Tbilisi Fashion Week — 2017.

nn.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930