Паведамленне Абамы стала самым папулярным у гісторыі твітара ФОТАФАКТ
Як вынікае са статыстыкі выдання Favstar, што адсочвае папулярнасць паведамленняў у твітары, паведамленне Абамы, якое ён апублікаваў пасля сутыкненняў у штаце Вірджынія, лайкнулі ўжо 3 млн чалавек. 1,2 млн карыстальнікаў за тры дні падзяліліся гэтым паведамленнем з іншымі.
У сваім твітары Абама прывёў цытату Нэльсана Мандэлы, якая цалкам гучыць так: «Ніхто не нараджаецца з нянавісцю да іншага чалавека з-за колеру скуры, паходжання або рэлігіі. Людзі вучацца ненавідзець, і, калі яны могуць навучыцца ненавідзець, трэба імкнуцца вучыць іх любові, бо любоў нашмат бліжэйшая да чалавечага сэрца».
З-за абмежавання на колькасць знакаў у паведамленні Абама падзяліў цытату на тры часткі, а папулярным стаў твіт з першай часткай выказвання, да якой былы прэзідэнт прымацаваў фатаграфію.
"No one is born hating another person because of the color of his skin or his background or his religion..." pic.twitter.com/InZ58zkoAm
На ёй Абама стаіць каля дзіцячага садка ў штаце Мэрыленд, з акна якога на яго глядзяць дзеці розных рас. Другая і трэцяя часткі цытаты сабралі па мільёне лайкаў кожная.
Ранейшым лідарам па колькасці «лайкаў» у твітары было паведамленне спявачкі Арыяны Грандэ, апублікаванае пасля выбуху на яе выступе ў Манчэстэры: «Разбітая. Ад усяго сэрца мне вельмі шкада. У мяне няма слоў».