Знайсці
20.08.2017 / 19:4428РусŁacБел

Сем найлепшых серыялаў гэтага лета

Лета — не найлепшы час для серыяльных навінак, але нешта цікавае з’яўляецца і ў гэтыя спякотныя месяцы года. «Наша Ніва» прапануе традыцыйны агляд самых цікавых серыялаў апошняга часу.

«Твін Пікс» (Twin Peaks)

Драма, дэтэктыў, жахі. ЗША, 3-і сезон

Рэйтынг на IMDB: 8,7

Злавесны саўндтрэк да гэтага серыяла камусьці помніцца з дзяцінства, камусьці — з юнацтва. Неабыякавым ён не пакідаў нікога. Гэты фільм даўно лічыцца адным з найлепшых у гісторыі тэлебачання. Глухі гарадок Твін Пікс у штаце Вашынгтон схаваны ад свету піхтамі Дугласа, тут гатуюць самы смачны ва ўсёй Амерыцы вішнёвы пірог, а таксама разліваюць цалкам прыстойную каву.

Аднак нечакана ў адзін момант увесь горад пачынае задавацца амаль сакральным пытаннем: «Хто забіў Лору Палмер?» Старшакласніцу мясцовай школы знаходзяць памерлай і згвалтаванай. І дзіўным чынам аказваецца, што магчымых падазраваных нашмат болей, чым можна сабе падумаць.

Выдатны рэжысёр і сцэнарыст Дэвід Лінч здольны трымаць інтрыгу ад пачатку і да канца, ён ведае тыя патаемныя кручкі, якія не дазваляюць спажыўцу сысці ад прагляду. Цяпер Лінч паставіў перад сабой не менш складаную задачу: адрадзіць «Твін Пікс» пасля 26-гадовага перапынку.

Пра новы сезон культавага серыялу можна пачуць шмат адмоўнага. Маўляў, не ўсё ясна, дзеянні марудныя. Аднак стабільна высокі рэйтынг «Твін Пікса» сведчыць пра тое, што Лінчу зноў атрымалася стварыць нешта блізкае да шэдэўра.

«Озарк» (Ozark)

Крымінальная драма, трылер. ЗША, 1-ы сезон

Рэйтынг на IMDB: 8,6

Фінансавы кансультант Марці Бёрд, у якога «дастаткова сумнае жыццё», загразнуў у пазыках. Ён не знаходзіць лепшага выйсця, як уцякаць з Чыкага ў маленькі гарадок Озарк, штат Місуры, каб уратаваць сваё жыццё, а таксама жыццё сваёй сям’і.

У серыяле можна знайсці дастаткова класічны кактэйль для крымінальнай драмы: мексіканскія наркагандляры, грошы, прастытуткі, пісталеты. Амерыканскія кінакрытыкі кажуць, што «Озарк» пакуль не дасягнуў узроўню класічных фільмаў гэткага жанру, але безумоўны патэнцыял маецца.

Плюс «Озарка» — у дасканалых дэкарацыях, прадуманых дыялогах галоўных герояў, у яго псіхалагізме. Марці спрабуе разруліць праблемы не толькі з наркакартэлем, але з уласнай сям’ёй, а гэтая лінія нават не менш цікавая.

«Восьмае пачуццё» (Sense8)

Фантастыка, драма. ЗША, 2-і сезон

Рэйтынг на IMDB: 8,4

Што агульнага ў мексіканскага акцёра-гея Літа Радрыгеса, сеульскай бізнэс-лэдзі Сун Пак, нямецкага злодзея Вольфганга Багданава і чыкагскага паліцэйскага Уіла Горскі? Усе яны незнаёмыя паміж сабой, але нечакана набываюць ментальную і эмацыйную сувязі адно з адным.

Так ісландская ды-джэйка Райлі Блю такім чынам можа аказацца знянацку ў Найробі ці Паўднёвай Карэі. Пачуць і зразумець чалавека зусім іншай культуры. Іх васьмёра, і яны аб’яднаныя гэтай псіхічнай сувяззю.

Кожная з серый прысвечаная камусьці аднаму з герояў, падрабязнай ягонай гісторыі, але адначасова развіваюцца і гісторыі іншых персанажаў.

Рэжысёры фільма ставілі сабе за мэту стварыць нешта абсалютна новае ў свеце серыялаў. Фільм здымаўся адначасова ў васьмі краінах. З другога сезона «Восьмае пачуццё» аддае больш увагі тэмам палітычных поглядаў, сэксуальнасці, рэлігіі.

Варта таксама адзначыць, што гэты фільм атрымліваў прэмію ад Амерыканскага альянса геяў і лесбіянак за карэктнае асвятленне гэтай тэмы.

«Амерыканскія багі» (American Gods)

Фэнтэзі, драма. ЗША, 1-ы сезон

Рэйтынг на IMDB: 8,2

Людзі нараджаюцца, жывуць, а потым паміраюць. Што, калі гэткі самы шлях маюць не толькі яны, але і багі? Амерыканскі пісьменнік Ніл Гейман лічыць, што багі такія самыя смяротныя, як і людзі. Яны не жывуць вечна, не ўвесь час піруюць у сваёй Вальхале. Багам таксама трэба зарабляць на жыццё.

Багі мінулага даўно забытыя, яны перабіваюцца аб’едкамі, якія пакідаюць ім багі інтэрнэту, тэлебачання, хуткасных шасэ і гіпермаркетаў. Калісьці гэтых багоў прывозілі ў ЗША з усяго свету: Скандынавіі, Беларусі, Егіпту, Ірландыі, Японіі і г.д. Праўда, чым болей часу праходзіла, тым меней пра іх згадвалі.

Містэр Серада (не лічыце гэта спойлерам, ён жа Одзін) збірае старых багоў на апошні крывавы бой з багамі сучаснасці. Дапамагчы яму ў гэтым мусіць Цень Мун, былы зняволены. Вось тут і пачынаюцца вандроўкі Одзіна і Ценя па ўсёй Амерыцы.

«Амерыканскія багі» — гэта постмадэрнізм, інтэлектуалістыка, схаваная пад пластам папсы. Не самы просты серыял сучаснасці, аднак здольны прынесці шмат разумовага задавальнення ад прагляду.

«Аранжавы — хіт сезону» (Orange Is the New Black)

Камедыя, драма. ЗША, 5-ы сезон

Рэйтынг на IMDB: 8,2

Турма — гэта адна са сфераў жыцця, куды хочацца зазірнуць многім, але не на ўласным досведзе. Вакол турэмных зняволенняў існуе мноства міфаў і заблуджэнняў. Якія ж там насамрэч парадкі, хто здольны выжыць на гэтай тэрыторыі, а хто не? І актуальна гэта не толькі для нас, але і для ЗША. Некалі фільм «Уцёкі з Шаўшэнка» паводле твора Стывена Кінга стаў ледзь не класічным.

«Аранжавы» ж прапануе зазірнуць за шырму жаночай калоніі. Маладая дзяўчына Пэйпер Чапмэн апынулася на 15 месяцаў у турме за саўдзельніцтва сваёй каханай Алекс Воўз у правозцы наркотыкаў. Чапмэн — з дастаткова багатай нью-ёркскай сям’і. Зняволенне для яе — рэальны шок. Яна не ведае, што рабіць і чаго не рабіць за кратамі.

Турма — гэта цэлы свет са сваімі адметнымі персанажамі. Напрыклад, руская кухарка Галіна Рэзнікава, яна ж Рэд. Усемагутная ў пачатку серыяла, яна спрабуе прывучыць наравістую Чапмэн, што яе і яе кухню крытыкаваць нельга. У адной з серый на сцяне ля ложка «Рэд» вісіць вымпел беларускага КДБ. Ёсць лацінаамерыканкі з самага дна амерыканскага жыцця, рэлігійныя фанаткі і нават сапраўдная манашка, трансгендар-цырульніца і шмат хто яшчэ. Нічыя гісторыя не падобная да іншай. Як выжыць і застацца чалавекам у гэтай закрытай прасторы?

«Прапаведнік» (Preacher)

Чорны гумар, драма. ЗША, 2-і сезон

Рэйтынг на IMDB: 8,1

Джэсі Кастэр — гэта не самы тыповы амерыканскі пастар. У яго даўні крызіс веры, не пакідаюць сумнівы, ці ёсць Бог. Ён бы даўно кінуў сваю працу, калі б не абяцанне бацьку перад смерцю апошняга. Нядзельныя прамовы Кастэра цяжка назваць натхняльнымі. Прапаведніку больш падабаецца жлукціць віскі і бурбон, а таксама курыць цыгары. Джэсі нечакана пачынае сяброўства з сапраўдным вампірам.

І гэткі дэкаданс працягваецца да той пары, пакуль у яго не ўсяляецца так званы Генезіс, плод кахання анёла і дэмана. Людзі з таго свету спрабуюць забраць Генезіса назад, але ўсе іх спробы застаюцца марнымі. У адзін з дзён прапаведнік абяцае прывесці ў царкву сапраўднага Бога…

Серыял зняты па матывах папулярнага ў ЗША комікса. Стваральнікі фільма імкнуцца перадаць у кіно менавіта атмасферу коміксаў. Здаецца, у іх гэта някепска выходзіць.

«Эль-Чапа» (El Chapo)

Крымінальны трылер, біяграфія

Рэйтынг на IMDB: 7,9

Слава серыяла «Нарка» пра жыццё знакамітага калумбійскага наркабарона Пабла Эскабара не дае спакою і іншым стваральнікам серыялаў. «Эль-Чапа» — гэта баёпік Хаакіна Гузмана, «Каратышкі», не менш вядомага гандляра наркотыкамі з Мексікі. Паводле розных ацэнак, Эль-Чапа нават пераўзышоў у багацці Эскабара.

У «Эль-Чапа» для гледачоў забяспечаны экшн ад першай серыі. Як і ў «Нарка», у фільме выдатныя саўндтрэкі на іспанскай мове. Галоўныя ролі выконваюць таксама іспанамоўныя артысты. Асобна варта адзначыць тое, што Гузман усё яшчэ застаецца жывым. Ён час ад часу нават уцякае з мексіканскіх турмаў. Цікава, ці атрымалася яму самому ўжо паглядзець серыял пра сябе?

Глядзі таксама: 

Сем найлепшых серыялаў гэтай восені

Сем найлепшых серыялаў гэтай зімы

Сем найлепшых серыялаў гэтай вясны

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930