Знайсці
15.08.2017 / 18:1050РусŁacБел

Як «Наша Ніва» разам з тату-салонам зрабілі першую наколку маладой маці на лініі бікіні ФОТЫ

На мінулым тыдні разам з «Jerry’s sailors tattoo» сярод нашых чытачоў мы разыгралі халяўную татуіроўку. Пераможцай стала Кацярына Сяргеева — маладая маці, якая даўно марыла ўпрыгожыць сваё цела якім-небудзь узорам.

На свой першы сеанс Кацярына прыйшла разам з дачкой Крысцінай.

Эскіз для дэбютнага тату дзяўчына абрала вельмі рамантычны: ініцыялы свайго імя і мужа Аляксея.

«Сардэчна запрашаем на іголку!», — жартаўліва вітаюць Кацярыну майстры студыі «Jerry’s sailors tattoo». Сыходзячы з уласнага досведу, хлопцы ведаюць дакладна: калі чалавек прыходзіць за першай татуіроўкай, то ў 90% выпадкаў ён прыйдзе і за другой, і за трэцяй… Для кагосьці працэс нанясення малюнкаў на цела — проста даніна модзе. Аднак тыя, хто падыходзіць да гэтага кроку свядома, знаходзяць у ім і тэрапію, і магчымасць зафіксаваць важныя жыццёвыя падзеі, і выказаць рэспект асобным людзям. Падлеткі, напрыклад, хітруюць і просяць бацькоў прэзентаваць тату ў якасці ўзнагароджання за выдатна здадзеныя іспыты.

Кліенту Раману перакрываюць старую няўдалую татуіроўку. Замест рыцара і вежы — рыба. Добра, што стары малюнак выліняў, інакш яго можна было б замяніць толькі на чорны квадрат.

Канстанцін Макароўскі займаецца татуіроўкай 10 гадоў. Яшчэ ў школе яго любімым заняткам было маляванне, якім ён займаўся ў тым ліку на іншых уроках, таму хлопец вельмі рады, што хобі ўдалося зрабіць працай.

Тату-майстар Канстанцін Макароўскі.

Днямі і вечарамі Косця забіваў целы мінчукоў і прыезджых кліентаў (нават на маці лілею вытатуіраваў), ствараў кліенцкую базу, і нарэшце, год таму адкрыў уласны тату-салон, дзе працуе разам з напарнікам Пашам Дуброўскім.

Павел Дуброўскі.

Паша, дарэчы, марыў стаць татуіроўшчыкам яшчэ з дзяцінства, пакуль астатнія аднакашнікі збіраліся ў касманаўты: за булачкі маляваў сябрам гелевымі ручкамі пакемонаў і іншых мультперсанажаў. Паспеў папрацаваць і будаўніком, і настаўнікам, але толькі цяпер, кажа, кожную раніцу ідзе на работу з усмешкай на вуснах, а адсутнасць выходных больш не напружвае.

«Jerry’s sailors tattoo» пранізаная любоўю да мора і духам олд-скула. Яшчэ б! Сваю назву студыя атрымала ў гонар Марака Джэры — Нормана Кейта Колінса, знакамітага татуіроўшчыка, які лічыцца заснавальнікам стылю олд-скул. Партрэты бацькі-натхняльніка разам з тросамі і якарамі ўпрыгожваюць сцены салона.

Якія ж татуіроўкі сёння часцей за ўсё набіваюць беларусы? Распытваем Косцю і Пашу, пакуль ідзе падрыхтоўка працоўнага месца для Каці.

«Тут варта падзяліць людзей на некалькі ўзроставых груп. У маладых папулярныя так званыя партакі — татуіроўкі, якія спецыяльна робяць крыва ды іголкай, а не машынкай. Калі раней усе імкнуліся накалоць татуіроўку на нябачным месцы, каб заставалася магчымасць схаваць яе пад адзеннем, то цяпер усё больш просяць «размаляваць» твар або шыю — гэта мода прыйшла да нас з Амерыкі. Дарослыя са сваімі перавагамі засталіся недзе ў 2000-х: яны маюць прыхільнасць да котак, абстрактных узораў, кветак і надпісаў. Нядаўна я набіваў хлопцу-гісторыку беларускі арнамент — гэта плынь стала вельмі моднай, але людзей наносяць беларускія выявы бяздумна», — расказвае Паша.

Нярэдка ў хлопцаў з «Jerry’s sailors tattoo» просяць зрабіць і інтымныя татуіроўкі. Часам яны настолькі інтымныя, што майстры адмаўляюцца ад замовы.

Калі наша гераіня сказала, што хоча татуіроўку «ніжэй жывата» мы таксама крышачку спужаліся, але ў выніку ўсё атрымалася вельмі міла — глядзіце самі.

Тату-майстар падрыхтаваў для Каці каля 50 варыянтаў эскізаў з тату. Абраць адзін з іх было досыць цяжка.

Самы нізкі кошт татуіроўкі ў салоне — 80 рублёў. Зарабіць на тату-майстэрстве сёння магчыма, але канкурэнцыя вялікая. Без сфарміраванай кліенцкай базы не выжыць.

Каця мужна цярпела ўвесь працэс і сцвярджала, што болі не адчувае. «Нараджаць куды больш страшна», — смяялася дзяўчына, пакуль машынка размалёўвала яе скуру.

У будучыні Каця не выключае, што дазволіць зрабіць тату і малой. Але спачатку на чарзе муж, якому вынік вельмі спадабаўся. Сергеевы вырашылі, што будуць тату-сям'ёй.

Кацярына Карпіцкая, фоты Сяргея Гудзіліна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера