Знайсці
09.08.2017 / 10:3310РусŁacБел

Якіх зменаў у заканадаўстве, што рэгулюе дзейнасць ПВТ, найбольш чакаюць менеджары IT-сектара — апытанне

Праект новага дэкрэта аб дзейнасці Парка высокіх тэхналогій узрушыў як беларускіх айцішнікаў, так і экспертную супольнасць. Але мала хто бачыў сам праект дэкрэта, таму «Наша Ніва» вырашыла запытацца ў беларускіх IT-менеджараў рознага звяна, якіх змен заканадаўства, што рэгулюе дзейнасць ПВТ, яны найбольш чакаюць.

Леанід Лознер, сузаснавальнік ЕPAM

Абмеркаванне, часам гарачае, магчымых змяненняў у прававым статусе ПВТ патрабуе, перш за ўсё, удакладнення некалькіх важных паняццяў. Што такое IT-сектар? Давайце паглядзім на Amazon, Google, Apple і Rovio (кампанія, якая стварыла гульню Angry Birds).

Amazon атрымлівае асноўны даход ад гандлёвай дзейнасці.

Google атрымлівае асноўны даход ад размяшчэння рэкламы.

Apple атрымлівае асноўны даход ад продажу электронных вырабаў.

Rovio атрымлівае асноўны даход ад продажу забаў.

Усе гэтыя кампаніі можна аднесці да IT-сектару (хаця мне больш падабаецца паняцце «лічбавая эканоміка»). Сёння гэтыя кампаніі проста не здолелі б стаць рэзідэнтамі ПВТ з-за існуючых там абмежаванняў на віды дзейнасці. Але калі выдзеліць з гэтых кампаній «інструментальны цэх», то бок распрацоўку праграмнага забеспячэння, на якім і працуе «мэтавы бізнэс», то такі інструментальны цэх, аформлены як асобная юрыдычная асоба, зможа стаць рэзідэнтам ПВТ. Чым гэта абарочваецца? Тым, што энергічны таленавіты прадпрымальнік выносіць свой мэтавы бізнэс за межы нашай краіны, пакідаючы тут толькі інструментальны цэх. Часам і сам прадпрымальнік перамяшчаецца ў іншую юрысдыкцыю.

Я хацеў бы падкрэсліць, што праблема з выбарам юрысдыкцыі для мэтавага бізнэсу звязаная не з адсутнасцю прэферэнцый, а з прынцыповымі абмежаваннямі дзейнага заканадаўства.

Галоўнай зменай у юрыдычным рэжыме працы ПВТ будзе магчымасць для кампаній-рэзідэнтаў стаць паўнавартаснымі дзейнымі асобамі ў сённяшняй лічбавай эканоміцы. Дагаворныя адносіны змогуць будавацца без залішняй папяровай фармалізацыі. Мне не хацелася б паглыбляцца ў дэталі абмеркавання юрыдычных акалічнасцей, тым больш што я не юрыст. Але сутнасць менавіта ў гэтым.

На мой погляд, гэта стварае цудоўны шанец (менавіта шанец, трэба яшчэ шмат працаваць, каб усё ажыццявіць) таго, што вядомыя прадукты лічбавай эканомікі вернуцца дадому, то бок да нас. І падаткаабкладанне ўсяго поўнага бізнэс-цыкла, а не толькі інструментальнага цэха, будзе адбывацца менавіта ў Беларусі. Тым самым ствараюцца перадумовы для пашырэння падаткаабкладанай базы. Гэта значыць, што ў выйгрышы будзе ўся эканоміка.

Крытыкі кажуць, што такія ж умовы трэба ствараць для ўсёй эканомікі. Нельга не пагадзіцца, але давайце не губляць пачуцця рэальнасці. Тым больш разважаць з пазіцыі «калі не ўсім, дык лепей ужо нікому».

Бізнэс эпохі лічбавай эканомікі не проста будзе прыціснуты ва ўмовах традыцыйнай папяровай справаздачнасці — ён папросту стане немагчымы. І ад гэтага ўжо дакладна ніхто не выйграе.

Сяргей Кірэйкаў, праграміст Exadel

ПВТ у нас добра ўпісваўся ў мясцовую рэчаіснасць — існаваў, але мала рабіў па сутнасці. Быў проста закрытым клубам для вялікіх гульцоў. Ведаю як мінімум адну кампанію, якая шчыра хацела стаць рэзідэнтам ПВТ, але патраціла на гэта 2 гады. ПВТ павінен быць больш адкрытым, ён павінен прыцягваць новых удзельнікаў, а не ствараць дадатковыя абмежаванні.

Хацелася б, каб і сама Беларусь стала больш адкрытай для інвестыцый і простай для бізнэсу. Вядома, так павінна быць ва ўсіх сферах, але няблага было б пачаць хаця б з IT.

Недзе 8 гадоў таму я працаваў непасрэдна на замоўцаў з ЗША. Яны шчыра хацелі адкрыць у Беларусі офіс, але калі даведаліся, што для гэтага неабходна, — адмовіліся.

Прыцягненне інвестыцый і стварэнне новых працоўных месцаў паўплываюць на ўзровень даходаў асобных грамадзян і ўсёй краіны. Мы зможам палепшыць свой імідж, што дапаможа прыцягнуць інвестыцыі не толькі ў IT-сектар.

Калі эксперымент стане паспяховым, то ён зможа быць прыкладам таго, як спрашчэнне правілаў гульні і дэбюракратызацыя спрыяюць развіццю не толькі асобнага сектара, а і ўсёй эканомікі.

Міхаіл Дубакоў, выканаўчы дырэктар Targetprocess

У першую чаргу ў Беларусі павінна спрасціцца працэдура адкрыцця прадуктовых кампаній. Для гэтага неабходна прыбраць даволі дзіўныя абмежаванні, напрыклад, на продаж дадаткаў праз AppStore ці атрыманне даходаў ад рэкламы.

Акрамя таго, трэба стварыць магчымасці для працы ў краіне венчурных фондаў. Гэта праца на паляпшэнне іміджу краіны і лёгкасць структуравання ўгод (апцыёны, падатковыя льготы на продаж інтэлектуальнай уласнасці, гарантыя прыватнай уласнасці).

Таксама вельмі неабходна максімальна спрасціць міграцыйныя правілы для спецыялістаў з іншых краін, бо дэфіцыт высокакваліфікаваных кадраў моцна адчуваецца.

Для краіны самае важнае — адукацыя. Таму было б выдатна, калі б ПВТ, напрыклад, мог адкрыць свае школы, універсітэт, а таксама актыўна ўдзельнічаць у стварэнні школьнай праграмы па ўсёй краіне. Дзяржава павінна падыходзіць комплексна да развіцця дзяцей, а таксама ўлічваць неабходнасць пажыццёвай адукацыі ў шматлікіх прафесіях.

Я вітаю любыя змены, якія спрашчаюць ці стымулююць развіццё высокатэхналагічных галін. Відавочна, што за імі будучыня. Таму неабходна спрабаваць і глядзець, што працуе, а што не.

Юрый Зісер, заснавальнік TUT.BY

Мне падабаюцца ўсе змены, закладзеныя ў праект дэкрэта. Усе яны накіраваныя на выгаду краіне, асабліва стварэнне ўмоў для кампаній, якія займаюцца прадуктовым праграмаваннем і рэкламай, а не толькі аўтсорсінгам, як цяпер. Важна, каб пасля ўзгаднення з дзясяткамі дзяржаўных органаў ад праекта не засталіся рожкі ды ножкі.

Максім Маханькоў

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера