Знайсці
07.08.2017 / 22:0823РусŁacБел

19-гадовы расіянін падмануў дзвюх мінчанак, прымусіўшы іх прадаць кватэры

Даверлівыя мінчанкі страцілі кватэры, паверыўшы 19-гадоваму ашуканцу з Расіі. Маладога чалавека шукаюць праваахоўнікі, паведамілі ў Партызанскім РУУС Мінска.

Паводле даных міліцыі, 19-гадовы расіянін Уладзіслаў Кузняцоў пазнаёміўся ў інтэрнэце з 18-гадовай мінчанкай і неўзабаве пераехаў у Беларусь. Спачатку пара жыла разам на кватэры маці дзяўчыны. Праз два месяцы жанчына папрасіла хлопца сысці, маладыя людзі пераехалі да сяброўкі, дзе жылі ўтрох.

Сяброўцы — гаспадыні жылля неўзабаве пачала пісаць у сацсетцы дзяўчына, якая назвалася пазашлюбнай дачкой яе бацькі, патрабавала прадаць кватэру і перадаць ёй грошы. Сваю дапамогу ў перадачы сродкаў прапанаваў Уладзіслаў. Дзяўчына прадала аднапакаёвую кватэру за $28 тыс., а грошы аддала Кузняцову для далейшай перадачы.

guvd.gov.by

Пасля продажу трое маладых людзей пераехалі жыць да яе маці, якую беспрацоўны расіянін неўзабаве ўгаварыў прадаць жылплошчу для таго, каб адкрыць начны клуб. Трохпакаёвая кватэра была прададзеная за $37 тыс. Былая ўласніца з дачкой пераехалі жыць у вёску ў Мінскім раёне. Уладзіслаў жа забраў атрыманыя за продаж грошы і з'ехаў у Расію.

Былая гаспадыня трохпакаёвай кватэры звярнулася ў міліцыю. Пасля праверкі ўсіх фактаў праваахоўнікі высветлілі, што замежны госць мае дачыненне таксама і да продажу аднапакаёвай кватэры. Менавіта ён завёў у сацсетцы профіль «пазашлюбнай дачкі» і патрабаваў прадаць жыллё.

Праваахоўнікі мяркуюць, што пацярпелых можа быць больш. Уладзіслаў Кузняцоў мог прадстаўляцца прозвішчам Балак. Малады чалавек можа знаходзіцца ў Расіі ці ва Украіне. Калі вам што-небудзь вядома пра месцазнаходжанне маладога чалавека або вы пацярпелі ад яго дзеянняў — звяртайцеся ў Партызанскі РУУС або тэлефануйце па тэлефонах 398-90-20, 398-90-30, +375 29 883-23-96 або «102». Канфідэнцыйнасць гарантуецца.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера