У Венесуэле група вайскоўцаў паспрабавала скінуць прэзідэнта
Улады паведамілі аб аднаўленні кантролю.
У нядзелю, 6 жніўня, група ўзброеных людзей на базе 41-й бранятанкавай брыгады Узброеных сіл Венесуэлы паспрабавала падняць паўстанне супраць прэзідэнта Нікаласа Мадуры.
У заяве, апублікаванай у сацыяльных сетках, некалькі вайскоўцаў пад кіраўніцтвам капітана Нацыянальнай гвардыі Венесуэлы Хуана Кагуарыпана паведамілі пра намер змагацца са «смяротнай тыраніяй Нікаласа Мадуры». «Гэта не пераварот. Гэта грамадзянскі і вайсковы рух па аднаўленні канстытуцыйнага парадку і выратаванні дзяржавы ад поўнага свавольства, спыненні забойства нашай моладзі і нашых сваякоў», — заявіў Кагуарыпана, які ад 2014 года знаходзіцца ў вышуку.
URGENTE! APOYO RESISTENCIA Con ellos también están Oficiales y tropas retirados, policías y civiles. pic.twitter.com/MXlwrA9o3O 2/
Група заклікала да бунту ў штаце Карабоба.
Адзін з лідараў кіруючай Сацыялістычнай партыі Венесуэлы Дыасдада Кабельё назваў гэта «тэрарыстычнай атакай». Паводле яго слоў, раніцай 6 жніўня ўзброеныя мяцежнікі захапілі вайсковую базу «Фуэртэ Парамакай» у прыгарадзе Валенсіі (штата Карабоба), але неўзабаве кантроль над ёй быў вернуты.
Нагадаем, што Венесуэла цяпер падзеленая на «чавістаў», гэта значыць паслядоўнікаў левай сацыялістычнай ідэалогіі, якой кіраваўся нябожчык прэзідэнт Уга Чавес, і тых, хто хоча змены 18-гадовага кіравання яго Адзінай сацыялістычнай партыі Венесуэлы (PSUV).
Мадура, які змяніў пасля смерці ў 2013 годзе Чавеса, быў абраны, каб працягнуць яго папулісцкую палітыку барацьбы з няроўнасцю і галечай шляхам пераразмеркавання прыбыткаў ад нафтавага экспарту — асноўнай крыніцы папаўнення бюджэту гэтай лацінаамерыканскай краіны.
Аднак апазіцыя заяўляе, што за гады кіравання PSUV дэмакратычныя інстытуты краіны былі разбураныя, а эканоміка прыйшла ў поўны заняпад. Чавісты ў адказ вінавацяць апазіцыю ў элітызме, а яе лідараў у тым, што іх спансуюць ЗША.
Падзенне сыравінных прыбыткаў з-за нізкай цаны на нафту вымусілі ўлады скараціць сацыяльныя праграмы. У краіне некалькі гадоў працягваецца скарачэнне эканомікі, расце інфляцыя, існуе востры дэфіцыт на тавары першай неабходнасці і медыцынскія прэпараты.