Знайсці
05.08.2017 / 21:41101РусŁacБел

Святлана Алексіевіч: Справу Курапат далей можа зрушыць толькі Якубовіч

Нобелеўскі лаўрэат па літаратуры Святлана Алексіевіч у гутарцы з «Нашай Нівай» паразважала пра тое, чаму ў Курапатах усё яшчэ не з’явіўся дзяржаўны помнік, а таксама параўнала Расію і Беларусь.

Фота Ірыны Арахоўскай.

«Наша Ніва»: Святлана Аляксандраўна, у красавіку вам прапаноўвалі ўзначаліць камісію па мемарыялізацыі Курапатаў. Можа быць, быў не лепшы час, вы адмовіліся. Аднак справа не рухаецца, патрэбны чалавек, які быў бы рухавіком гэтага працэсу. Ці не змяніліся вашы планы?

Святлана Алексіевіч: У мяне няма ўплыву на сённяшнюю ўладу, таму відавочна, што я была б бяссільная. Кантакту з уладай няма, а трэба было б звяртацца на самы верх. Мець магчымасць звярнуцца да народа, спецыялістаў, такой свабоды ў мяне не будзе. А аказацца марыянеткай у руках улады мне проста няёмка.

Я думала пра гэта ўсё, але я бездапаможная, як і любы свабодны чалавек у такой сітуацыі. Калі б хтосьці і мог гэта зрушыць з месца, то толькі Павел Якубовіч [галоўны рэдактар газеты «Советская Белоруссія», набліжаны Аляксандра Лукашэнкі].

Гэта ж усенародная справа, але ў яе няма падмурку. Бо спачатку трэба асудзіць сталінскія рэпрэсіі, адрэфлексаваць іх. У нас, канечне, крышачку пра гэта сказалі, бо няма куды адступаць, людзі жыццё паклалі, каб Курапаты сталі Курапатамі. А гэтага падмурку няма, свабоды ў грамадстве няма. Пра Сталіна размовы, пра ўсё… Наадварот, цяпер час Сталіна. Дзякуй богу, што толькі ў Расіі. Але я думаю, што ў розумах некаторых нашых людзей гэта таксама ёсць.

З майго боку наіўна меркаваць, што ў адзіночку нешта можна зрабіць, быць гэткім дон Кіхотам. Нават з групай энтузіястаў цяжка! Ніхто сёння не слухае і не чуе свабодных людзей. Справа нават не ўва мне, ці б я хацела, ці не хацела. Справа ў тым, што такія людзі, як я, уладзе непатрэбныя.

«НН»: Як вы лічыце, чаму гэтая ініцыятыва заглухла?

СА:

Гэта была асабістая ініцыятыва Якубовіча. Ведаеце, ён вельмі складаны чалавек. У ім шмат Якубовічаў — цёмны, светлы… Тут яму чамусьці здалося, што нешта можа вырашыць, але нават у яго не ўдалося.

«НН»: Некалькі гадоў таму кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка выказваў жаданне наведаць Курапаты, але ўсё яшчэ не зрабіў гэтага.

СА: Так. З чаго павінны пачынацца такія мерапрыемствы?

Прэзідэнт павінен наведаць Курапаты. Павінен стаць на калені, як некалі зрабіў нямецкі прэзідэнт Рыхард фон Вайцзэкер, прамовіць пакаянныя словы перад сваім народам, перад светам.

Што значыць помнік без руху і новых ідэй, думак, рэфлексій на мінулае? Што значыць помнік? Нешта фармальнае. Ён можа быць выкарыстаны аўтарытарнай уладай у сваіх мэтах. Я не бачу, як да такога помніка можа прыйсці народ. Пакуль гэта проста думка энтузіястаў. А народ і ўлада вельмі спакойна на гэта рэагуюць, улада нават раздражняецца.

«НН»: Ці верыце вы, што ўлады могуць пайсці на асуджэнне сталінскіх рэпрэсій?

СА: Думаю, што не. Мы вельмі цесна звязаныя з Расіяй, і хоць у нас няма многіх рэчаў, якія палохаюць нас у Расіі, у нас хапае свайго.

У нас, на шчасце, не ставяцца помнікі Сталіну, Івану Жахліваму, Мураўёву-вешальніку. І дзякуй богу, што ніякія праваслаўныя не стаяць ля «Беларусьфільма» і не пратэстуюць супраць нейкага кіно пра цара.

Такіх рэчаў не адбываецца. Але гэта цесная звязка. Цікава, як будуць далей развівацца адносіны з Расіяй, бо Беларусь — вельмі важная краіна для Расіі. Мы самі пакуль не ведаем, што нас чакае, які лёс. Але ў асобны працэс ачышчэння, дэмакратычнасці не вельмі верыцца.

Такога кашмару, як у Расіі ў нас, канечне, няма. Блізкасць да Польшчы, Літвы стварае іншы мікраклімат у краіне. Мы ж не далучыліся да гэтага антыўкраінскага шалу. Трэба аддаць належнае і нашай уладзе ў тым ліку. І народ абсалютна адмоўна да гэтага ставіцца.

Я нядаўна была ў чарзе да доктара. Пачалася размова пра Украіну. І я заўважыла, што за Расію былі толькі рускія людзі, беларусы альбо маўчалі, альбо адмоўна ставіліся.

Каб гэта адбылося, павінен быць вельмі моцны лідар, накіраваны на дэмакратызацыю, абнаўленне грамадства. Гэта павінен быць ці малады лідар, ці чалавек не стомлены ад улады.

«НН»: Усё адно хацелася б, каб нейкі помнік ад дзяржавы паўстаў у Курапатах.

СА: Я толькі за. Але думаю, гэта будзе вельмі доўга цягнуцца.

Гутарыў Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера