Знайсці
03.08.2017 / 16:585РусŁacБел

Што трэба зрабіць, каб менш плаціць за «камуналку» падчас адпачынку

У выпадку адсутнасці па месцы жыхарства больш за 10 сутак запар беларусы могуць разлічваць на перагляд у жыроўцы граф «водазабеспячэнне і водаадвядзенне» і «газазабеспячэнне» (пры адсутнасці прыбораў уліку), а таксама «абыходжанне з ЦКА» і «пакрыццё электраэнергіі, што спажываецца на працу ліфта». Пра гэта гаворыцца на партале фінансавай пісьменнасці gkx.by.

«Пераразлік можа рабіцца толькі ў дачыненні да чатырох відаў камунальных паслуг, указаных у Палажэнні аб парадку пераразліку платы за некаторыя віды камунальных паслуг і прыпынення (аднаўлення) прадастаўлення камунальных паслуг.. Да прыкладу, цеплазабеспячэнне шматкватэрнага дома ажыццяўляецца незалежна ад колькасці жыхароў, якія знаходзяцца ў ім, — падкрэслівае начальнік аддзела метадалогіі эканамічных працэсаў ды коштаўтварэння Мінжылкамгаса Людміла Шастак. — Падставай для пераразліку могуць служыць выезд за мяжу, у сельскія населеныя пункты (у тым ліку на дачу), праходжанне ваеннай службы, часовае ўтрыманне ў месцах пазбаўлення волі і многае інш. З усімі падставамі можна азнаёміцца ў палажэнні, але асаблівую ўвагу хочацца звярнуць на адну з іх: «пражыванне па дагаворах найму жылога памяшкання прыватнага жыллёвага фонду грамадзян, паднайму жылога памяшкання дзяржаўнага жыллёвага фонду».

Каб разлічваць на пераразлік, грамадзянін абавязаны папярэдне паведаміць пра факт выезду ў арганізацыю, якая ажыццяўляе налічэнне платы за жыллёва-камунальныя паслугі.

Пастановай № 1466 у якасці падставы для пераразліку прадугледжваецца даведка, выдадзеная адпаведным дзяржаўным органам. Да прыкладу, даведка з месца вучобы або аб знаходжанні на стацыянарным лячэнні.

Факт пражывання на дачным участку пацвярджаецца мясцовым сельскім саветам, а знаходжанне ў садовым таварыстве можа засведчыць старшыня кааператыва. Пры гэтым не мае значэння, дзе знаходзіцца садовае таварыства — у межах горада або за яго межамі. «Гэты нюанс часам выкарыстоўваюць хітрыя грамадзяне, якім для атрымання неабходнай даведкі дастаткова прайсці на суседнюю вуліцу. Аднак закон ёсць закон, і змагацца з такімі хітрыкамі можна толькі афіцыйнымі метадамі. Дзе б па прадстаўленых дакументах ні знаходзіўся ўладальнік ці наймальнік жылля, але калі факт вяртання да месца прапіскі хоць бы на адну гадзіну зафіксаваны і заактаваны адпаведным чынам, то пераразлік здымаецца за ўвесь перыяд адсутнасці», — падкрэсліваецца на партале.

Часам у якасці доказу таго, што ў кватэры пэўны час ніхто не пражываў, прадастаўляецца даведка Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь. Аргумент быццам бы лагічны: калі памяшканне знаходзіцца на сігналізацыі, то пранікнуць у яго незаўважна не атрымаецца. Аднак у палажэнні аб пераразліку няма ні слова аб такім дакуменце, а значыць, ён не можа з'яўляцца падставай для пераразліку.

Выезд за мяжу грамадзянін можа пацвердзіць праязнымі квіткамі, але спецыялістам разлікова-даведачных цэнтраў неабходна памятаць аб статусе дзяржаўнай мовы. У нашай краіне маюць вагу толькі дакументы з беларускім ці рускім тэкстамі. Калі квіток набыты ў замежнай транспартнай кампаніі, то не абысціся без перакладу, правільнасць якога пацвярджаецца подпісам перакладчыка, а таксама заверанай пячаткай юрыдычнай асобы або індывідуальнага прадпрымальніка, які ажыццяўляе пераклад.

А вось калі гаворка ідзе пра выезд у Расію, як раз адсутнасць афіцыйнай мяжы з'яўляецца перашкодай для атрымання якіх-небудзь пацвярджальных дакументаў. Часовая рэгістрацыя не стане падставай для пераразліку платы за камунальныя паслугі, бо ніякім чынам не абмяжоўвае руху, і грамадзянін можа хоць кожны дзень ездзіць па маршруце Масква—Мінск і назад.

Такім чынам, дакументы, якія пацвярджаюць адсутнасць па асноўным месцы жыхарства, разам з заявай з'яўляюцца краевугольным каменем працэдуры пераразліку. Але для захавання іх дзейснасці неабходная яшчэ адна важная ўмова: згодна з палажэннем, «дадзеныя дакументы прадастаўляюцца не пазней як праз 7 каляндарных дзён з дня вяртання грамадзяніна да месца жыхарства».

«Гэтая норма часам ігнаруецца заяўнікамі, і, нават крыху спазніўшыся з афіцыйным зваротам, непунктуальные грамадзяне ставяць камунальных работнікаў у далікатнае становішча. Калі ўсе дакументы ў парадку, то адмаўляць у пераразліку, па сутнасці, няма падстаў, і спасылкі на невыкананне часовых рамак выглядаюць як залішні бюракратызм. Дарэчы, у такіх сітуацыях суды, як правіла, становяцца на бок жыхароў, і падобныя рашэнні яшчэ больш ўсяляюць сумневы ў спецыялістаў» — гаворыцца на партале.

«Работнікі разлікова-даведачных цэнтраў павінны няўхільна выконваць літару закона і кіравацца нарматыўнымі дакументамі, — упэўненая Людміла Шастак. — Зразумела, што сітуацыі бываюць розныя, і без індывідуальнага падыходу да кожнага чалавека не абысціся. Але любая імправізацыя, хай нават і з самымі лепшымі намерамі, можа быць вытлумачаная кантралюючымі органамі як нямэтавае выкарыстанне бюджэтных сродкаў. Таму ў спрэчных выпадках лепш пакінуць рашэнне на меркаванне суда, вердыкт якога ўзаконіць далейшыя дзеянні».

nn.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930