Знайсці
02.08.2017 / 18:5128РусŁacБел

Трамп падпісаў закон аб санкцыях супраць Расіі

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў закон, які прадугледжвае ўвядзенне дадатковых санкцый супраць Расіі, паведамілі ў Белым доме.

Getty

Абедзве палаты амерыканскага кангрэса раней падтрымалі законапраект, які таксама ўключае меры супраць Ірана і Паўночнай Карэі, піша ВВС.

У ЗША выказваліся здагадкі, што Трамп можа накласці вета на законапраект, хоць, з улікам практычна адзінагалоснай падтрымкі закона ў абедзвюх палатах парламента, вета лічылася малаімаверным.

Падпісаўшы закон, Трамп заявіў, што ён утрымлівае «антыканстытуцыйныя нормы».

Галоўнае ў новым законе — тое, што ён пазбаўляе прэзідэнта магчымасці адмяняць санкцыі супраць Расіі без дазволу кангрэса.

«Я выступаю за больш жорсткія меры, за тое, каб пакараць і спыніць агрэсіўныя і дэстабілізуючыя паводзіны Ірана, Паўночнай Карэі і Расіі, і ў той жа час лічу, што гэты закон мае істотныя недахопы, — заявіў Трамп. — Кангрэс, спяшаючыся прыняць гэты закон, уключыў у яго некалькі відавочна антыканстытуцыйных палажэнняў».

Цяпер, каб адмяніць ужо ўведзеныя санкцыі, прэзідэнт павінен падаць падрабязна абгрунтаваны запыт у профільныя камітэты абедзвюх палат, які тыя разгледзяць на працягу 30 дзён і пагодзяцца з прэзідэнтам ці яму адмовяць.

Закон зводзіць разам і дапаўняе вялікі аб'ём прынятых раней, пасля анексіі Крыма і пачатку вайны на Данбасе, дакументаў аб санкцыях супраць Расіі. Закон не ўводзіць наўпрост ніякіх новых мер і не абавязвае прэзідэнта іх уводзіць.

У той жа час, па меркаванні шматлікіх экспертаў, сама пагроза прадугледжаных у законе новых санкцый можа прымусіць нейкую частку кампаній і фінансавых устаноў ЗША і іншых краін з асцярожнасці ўстрымацца ад працы з Расіяй.

Акрамя пазбаўлення прэзідэнта права адмяняць санкцыі, асноўнымі навінкамі ў законе з'яўляюцца санкцыі за ўдзел у будаўніцтве і абслугоўванні расійскіх трубаправодаў, за ўдзел у замежных нафтавых і газавых праектах, якія трапілі пад ранейшыя санкцыі расійскіх кампаній, санкцыі супраць датычных да камп'ютарных узломаў, далейшае ўзмацненне жорсткасці умоў крэдытавання кампаній і банкаў, якія раней трапілі пад санкцыі, а таксама публікацыя падрабязных дакладаў аб асобах, набліжаных да прэзідэнта РФ Пуціна.

nn.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера