Знайсці
05.07.2017 / 07:1411РусŁacБел

СтопСпам: як пазбавіцца ад надакучлівых рэкламных смс?

Напэўна, кожнага з нас калі-нікалі раздражняў рэкламны спам, які сыплецца з усіх «дзірак». І калі на вуліцах мы яго хутка мінаем, ад флаера можам адмовіцца, ад e-mail-рассылкі адпісацца (прынамсі, гэта ў правілах добрага тону), то вось з смс не заўсёды так проста: нумар спамера схаваны, на сайце інфы няма — што рабіць?

У якасці адказу на такое шырокае і філасофскае пытанне мы падрыхтавалі для вас невялікую інструкцыю, якая дапаможа пачысціць тэлефон ад непатрэбнага кантэнту.

Пачнём з матчасткі.

Якімі законамі ў Беларусі рэгулюецца спам?

Распаўсюджванне рэкламы пры дапамозе тэлефоннай, тэлекснай, факсімільнай, сотавай рухомай электрасувязі ды электроннай пошты рэгламентуецца 12-м артыкулам Закона «Аб рэкламе».

Апроч таго, ёсць Правілы аказання паслуг электрасувязі, зацверджаныя ўрадавай пастановай №1055 яшчэ ў жніўні 2006 года. Міністэрства сувязі і інфарматызацыі распрацавала змены ў гэтую пастанову, але яны пакуль не зацверджаныя. 

Што ў законах ёсць па тэме?

Ніхто нічога не можа дасылаць на асабісты нумар без вашага панскага дазволу. Калі абанент у пісьмовай дамове дае згоду на атрыманне рэкламы, яго павінны праінфармаваць і пра магчымасць неадкладнага спынення распаўсюду рэкламы на ягоны адрас. Такую магчымасць абавязаны прапісваць ў дамове.

Якія органы кантралююць выкананне закона?

Перш за ўсё, дзяржаўны кантроль у галіне рэкламы ажыццяўляецца Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю, мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі ды іншымі дзяржаўнымі органамі ў межах іх кампетэнцыі.

Такім чынам, што рабіць, калі вас дапякаюць спамам?

1. Калі гэта аператары мабільнай сувязі:

МТС раіць дадаць паслугу адмовы ад галасавой рассылкі і sms-рэкламы, скарыстаўшыся агульным нумарам 0890: называеце свой нумар тэлефона, імя уладальніка — і паслуга актывуецца. Натуральна, бясплатна.

«Вэлком» прапаноўвае звяртацца ў любыя фірмовыя офісы і пісаць там спецыяльную заяву. Абанент таксама можа патэлефанаваць у даведкавую службу і папрасіць заблакаваць непатрэбныя рассылкі. Калі ў вас ёсць асабісты кабінет, то адключыць непатрэбныя паслугі магчыма на сайце.

«Лайф» у такіх выпадках падказвае звяртацца ў інфармацыйна-даведкавую службу — спецыяліст, які здыме слухаўку, зафіксуе адмову ад рассылкі. Ёсць і яшчэ адзін варыянт: увесці запыт *120#, далей націснуць дзявяты пункт меню «Налады», абраць рэкламу ў смс і званках і адключыць яе.

2. Калі гэта нейкія «левыя» кампаніі, навіны якіх вам да лямпачкі:

Акрамя магчымасці адправіць пэўны нумар у чорны спіс і заблакаваць (калі ён адлюстроўваецца), ёсць некалькі варыянтаў. Так бы мовіць, для добрых і злых паліцэйскіх.

Першы: тэлефануеце ў кампанію, у лапы якой аднойчы трапіў ваш нумар тэлефона, і просіце прыбраць вас з базы (такі сцэнар можа адбыцца з кожным, хто хаця б аднойчы заказаў ежу, таксі ці касметыку і такім чынам трапіў у секту). Адэкватнае кіраўніцтва адразу пойдзе насустрач. Менавіта так зрабілі сэрвіс па дастаўцы ежы «Ёлкі-палкі», кампаніі «Фаберлік» і «Мілавіца», якім мы тэлефанавалі ў якасці эксперыменту.

Іншы шлях «разборак» прадугледжаны законам: вам трэба звярнуцца да свайго аператара сувязі са скаргай на дзеянні абанента ці карыстальніка, які вас турбуе. Скаргі могуць накіроўвацца як у вуснай, так і ў пісьмовай форме. Аператар сам абавязаны разбірацца з тым, хто вас панепакоіў. Аднак, як расказаў «НН» юрыст Вячаслаў Дрызгаловіч, які ў сваёй практыцы сутыкаўся з падобнымі выпадкамі, прававая непісьменнасць аператараў сувязі не заўсёды дазваляе адэкватна і хутка вырашыць такія пытанні.

3. Калі не атрымліваецца па-добраму:

З заявай пра здзяйсненне ў дачыненні да вас правапарушэння (так-так, гэта лічыцца адміністрацыйным парушэннем) трэба звярнуцца ў свой выканкам па месцы рэгістрацыі. Парушэнне заканадаўства аб рэкламе цягне накладанне штрафу ў памеры ад 5 да 30 базавых велічынь, на індывідуальнага прадпрымальніка — ад 10 да 40 базавых велічынь, а на юрыдычную асобу — ад 20 да 50 базавых велічынь. І гэта сапраўды працуе!

Увогуле ж, каб вам не давялося карыстацца парадамі з гэтага артыкула, будзьце пільнымі. Нярэдка людзі самі пакідаюць прыватныя тэлефонныя нумары і электронную пошту ў адкрытым доступе (у аб’явах ці на старонках у сацсетках), а потым здзіўляюцца, як трапілі ў чарговую базу рассылкі. Своечасова прыбірайце іх адтуль, калі няма жадання быць заспамленымі, і не забывайцеся пра магчымасць налады персанальных параметраў непажаданай пошты.

Аўтар дзякуе юрысту Вячаславу Дрызгаловічу і начальніку сектара каардынацыі ўзаемадзеяння і эксплуатацыі сетак Міністэрства сувязі Наталлі Кручковай за дапамогу ў падрыхтоўцы артыкула.

Кацярына Карпіцкая

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера