Тэрыторыя, змушаная да прыгажосьці
Са словаў лідэра Паўночна-Заходняй Асеціі выходзіць, што апошняя вайна на Каўказе мела яшчэ і выразны характар эстэтычнай спрэчкі. Расея «дзейнічала прыгожа», тым самым навязваючы грузінам каноны хараства. Фэльетон Лёліка Ушкіна.
Са словаў лідэра Паўночна-Заходняй Асеціі выходзіць, што апошняя вайна на Каўказе мела яшчэ і выразны характар эстэтычнай спрэчкі. Расея «дзейнічала прыгожа», тым самым навязваючы грузінам каноны хараства, а тыя, у сваю чаргу, выходзіць, несьлі асэтынам і абхазам нейкія адстойныя ўяўленьні наконт разуменьня прыгожага.
Памятка салдату расейскай 58-й арміі, удзельніку вайскова-эстэтычнай апэрацыі «Змушэньне да прыгажосьці».
Салдат! Нашы доблесныя войскі ўступаюць на тэрыторыю Грузіі.
Салдат! Ведай: мы нясём грузінскаму народу ня толькі вызваленьне ад дыктатуры ружаў. Мы імпартуем новыя ўнівэрсаліі суб’ект-аб’ектнага шэрагу, якія фіксуюць сэмантычна-гельштальтную аснову дасканаласьці, якая, у сваю чаргу, успрымаецца сэнсорным спосабам.
Грузія даўно трактуе сьвет прыгожага ўтылітарна і плоска. Паглядзіце, у якія лахоўскія касьцюмы апрануў грузінскіх салдатаў Саакашвілі! Грузія перабывае ў татальным эстэтычным крызісе.
Салдат! Дзеючы на полі бою, не забывайся пра асноўны прынцып прыгажосьці, сфармуляваны Тамашом з Аквіна, — гармонія, гармонія і яшчэ раз гармонія. Таму, займаючы агнявую пазыцыю,
намагайся выкапаць адзіночны акоп паблізу якіх-небудзь прадметаў на мясцовасьці, якія б запускалі ў сьвядомасьці грузінаў працэс разьвіцьця ідэяў гармонііпрыроды і чалавека.
Салдат! Памятай пра эстэтычныя погляды кубістаў і экспрэсіяністаў — сапраўднае хараство рэчаў у тым, як яны ёсьць. Руйнуючы дамы, намагайся,
каб выбуховай хваляй тваіх гранатаў або бомбаў руіны эксплікаваліся і складаліся ў арыгінальную кампазыцыю, якая дазволіць грузінам выйсьці за межы клясычнай эстэтыкі Кікабідзэ— Джугашвілі.
Салдат! Не забывайся на тэорыю катарсісу, распрацаваную Арыстотэлем, — вызваленьне ад дрэнных афэктаў шляхам псыхатэрапіі. Напрыклад, праз узвышаны стыль мовы. Выкарыстоўвай у размовах з палоннымі і насельніцтвам на змушанай да прыгажосьці тэрыторыі цытаты з айчыннай і сусьветнай клясыкі. Кшталту: “
Ты, казёл! У Лукамор’я дуб зялёны.А цяпер ляжаць! Я сказаў ляжаць, казёл!»
Салдат! Памятай пра эстэтычныя забабоны постмадэрністаў, безь якіх нельга ўявіць цяперашнюю цывілізацыю.
Падчас перамоваў наконт тэрмінаў выхаду нашага корпусу з краіны навязвайце апанэнтам моўныя гульні,практыкуйце размытасьць сэнсавых канструкцый, адсутнасьць таталітарнай канкрэтыкі мадэрнізму. Гэта будзе дапамагаць грузінам уключыцца ў арбіту сучаснай эўрапейскай культуры.
Наперад! За намі Расея і вера ў абсалют дасканаласьці!
Твой,
галоўнакамандуючы, гарант хараства, эстэт