Знайсці
20.06.2017 / 08:494РусŁacБел

Нямецкі Zeit Online пра Яўдаху і перамогу беларускага постмадэрнізму

Піша Антон Лявіцкі. 

Беларуская рэчаіснасць эпохі пасля «эканамічнага цуду» нібыта створаная для таго, каб ілюстраваць герметычныя назіранні Мішэля Фуко альбо Жака Дэрыда. Пра гэта Вера Дзядок піша ў «ZEIT Online».

Параўнальна невялікі допіс «Нават той, хто размаўляе, застаецца нямы» выйшаў у серыі «10 пасля 8». Канцэпцыя серыі наступная: журналісткі тройчы на тыдзень пішуць «паэтычна, палітычна, паэтычна». Менавіта так напісаны і тэкст Дзядок.

Беларуская журналістка спрабуе сцісла абагульніць прыроду беларускага грамадства і засяроджваецца на мове. Яе цікавіць, як мова — не ў сэнсе руская ці беларуская, а, хутчэй, як дыскурс Фуко — шчыльна ўзаемазвязаная сістэма ведаў, паняццяў і адрозненняў, якія арганізуюць і стымулююць (кантралююць) светапогляд, досвед і дзеянне, — функцыянуе ў Беларусі.

Дзядок паказвае, што на руінах савецкага «рэжыму праўды» паўстаў спецыфічны паноптыкум паняццяў і сэнсаў: «Як і раней у Савецкім Саюзе, мова ў Беларусі рытуалізаваная. Яна мае сэнс толькі ва ўласным кантэксце і ніяк не суадносіцца з рэчаіснасцю».

Цэнтральным прыкладам, пры дапамозе якога ілюструецца гэтая думка, служыць «справа патрыётаў». Арышт 20 чалавек пасля тэлевізійных заяў першай службовай асобы выявіў глыбінную адвольнасць беларускіх паняццяў. Пакуль дзяржаўнае тэлебачанне і афіцыйныя асобы называюць іх экстрэмістамі, у публічнай сферы дамінуе ўяўленне пра арыштаваных як патрыётаў. Тут Дзядок паказвае і структурныя прычыны такога канфлікту ў мове: у грамадстве няма кансэнсусу наконт таго, што такое патрыятызм.

Як і патрабуе логіка дыскурс-аналізу, распрацаванага Фуко, Дзядок коратка звяртаецца да інстытутаў, якія забяспечваюць матэрыяльнае ўзнаўленне дыскурсу. Найперш гэта школа. З аднаго боку, лічыць Дзядок, школьныя праграмы спраектаваныя такім чынам, што не дазваляюць вучням устанавіць сувязь паміж зместам навучання і рэальным жыццём: «Напрыклад, амаль ува ўсіх вершах, якія дзеці вывучаюць у другім класе, гаворка ідзе пра любоў да бацькаўшчыны, якая звязваецца выключна з вясковым наваколлем, да якога нашыя невялікія гарады ўжо не маюць, на жаль, ніякага дачынення».

Рытуалізаваная мова непасрэдна вызначае дзеянне, працягвае разважаць Дзядок. Так, у школах нядаўна ўзрасла норма здачы макулатуры — з 20 да 30 кілаграмаў на вучня:

«Ніхто не ведае, чаму гэта змянілася. На кожнай вялікай вуліцы ў Менску стаяць кантэйнеры для збору паперы, то бок гэта не праблема, збіраць паперу самастойна. Кіраваны дзяржавай збор паперы выходзіць з таго, што людзі недастаткова свядомыя для экалагічнага ўчынку. Таму надзейней зрабіць адказнымі настаўнікаў. Большасць не задаюць далейшых пытанняў, так заўсёды было, і сабатуюць гэты «грамадска-карысны абавязак», некаторыя старанна збіраюць і зусім рэдка хто пытае, чаму школа ўсё яшчэ мусіць гэтым займацца».

Постмадэрновая рэчаіснасць беларускай мадэлі тычыцца, аднак, не толькі дзяржавы. Яна размяркоўваецца па ўсім грамадстве, прыводзячы да розных наступстваў. З аднаго боку, беларусы выяўляюць вялікую залежнасць ад мовы (дыскурсу): прышчэпленыя яшчэ ў савецкай школе ўяўленні аб уласнай талерантнасці, гасціннасці і працавітасці ніхто не ставіць пад сумненне. «Але што азначае гэта папраўдзе? Ці мы сапраўды гасцінныя? Кожны, хто аднойчы быў у Албаніі ці Грузіі, адназначна адкажа: не. Толькі самім беларусам гэта не ўпадзе на думку, крытычна запытацца пра ўласную гасціннасць. Клішэ само ўсё даказвае».

Досвед такога абыходжання з мовай робіць беларусаў ідэальнымі атрымальнікамі «карты паляка». Вера Дзядок прызнаецца, што сама магла б атрымаць гэтае пасведчанне, але не змагла ўявіць сваю дэкларацыю прыналежнасці да польскага народа. Між тым, многім беларусам гэта не зрабіла ніякай цяжкасці. «Мне цікава, колькі маіх суайчыннікаў падпісалі гэтую дэкларацыю, ані на момант не завагаўшыся. Бо яны прызвычаеныя з савецкіх часоў прызнаваць сябе ўсім, чым яны не з’яўляюцца? Бо яны ведаюць, што гэта так ці іначай толькі прызнанне на паперы?»

Безумоўна, з далягляду эсэ не знікаюць контр-прыклады. Як актывіст, які сімвалічна «павесіў» царскага паліцэйскага — сам помнік яшчэ адзін прыклад штодзённых дысанансаў паміж школай (праграма якой — ці то гісторыя, ці то літаратура — напоўненая выкрываннем царскай паліцыі) і рэчаіснасцю.

«Я б хацела аднойчы прачнуцца ў краіне, у якой кожнае слова мае яснае значэнне, і я не павінна адрозніваць «патрыёта» ад патрыёта, «тэрарыста» ад тэрарыста, «праваабаронцу» ад праваабаронцы, — гэта значыць, работа ўнутрымоўнага перакладу больш непатрэбная». Тут яна зноў, як відаць, звяртаецца да справы колішняга «Белага легіёна». З якой допіс і пачынаўся — дакладней, з Яўдахі, з ягонага прозвішча. «Магчыма, нейкі горды прадстаўнік сям’і прыняў «н» прэч, бо хто ж хоча называцца няўдахам?»

Антон Лявіцкі

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930