Знайсці
19.06.2017 / 11:011РусŁacБел

Першы беларускі графічны раман выйшаў да дня народзінаў Быкава

Саюз беларускіх пісьменнікаў адмыслова да дня народзінаў Васіля Быкава выпусціў апавяданне Васіля Быкава «Сваякі», зробленае ў жанры графічнага рамана маладым мастаком Янам Жвірблем. Кніга пабачыла свет у выдавецтве «Кнігазбор».

Жанр графічнага раману даўно стаў папулярным у Еўропе і ЗША. Гэтая разнавіднасць шырока вядомых коміксаў прэтэндуе на адмысловае становішча ў свеце мастацтва. Графічныя раманы ілюструюць сур’ёзныя літаратурныя творы і ў адрозненне ад коміксаў маюць павялічаны аб’ём і найчасцей выдаюцца ў палепшаным, багатым афармленні. Выходзяць і аўтарскія графічныя раманы, якія разглядаюцца як паўнавартасныя літаратурныя творы. Так, у 1992 годзе графічны раман Арта Шпігельмана «Маўс» пра халакост атрымаў найпрэстыжнейшую Пулітцараўскую прэмію.

У Беларусі коміксы так і не займелі трывалай нішы, хаця на пачатку 1990-х, калі выдаваліся памятныя «Дзікае паляванне караля Стаха» і «Дзе жывуць бурсонікі», на гэтыя кніжкі быў шалёны попыт. Апавяданне «Сваякі» ў аздабленні Яна Жвірблі робіць фанатам коміксаў і аматарам авангарднай кніжнай графікі сапраўдны падарунак. Жорсткі твор Васіля Быкава пра тое, як маці, паспадзяваўшыся на сваяцтва з вясковым паліцаем, неўпрыцям адпраўляе дваіх сыноў на смерць, праілюстраваны гэтак жа бязлітасна востра. Экспрэсіўныя, натуралістычныя і поўныя трагізму малюнкі мастака нагадваюць, што гэта зусім не просценькі комікс для дашкольнікаў, а паўнавартасны графічны раман.

Зусім нядорага кнігу можна купіць у наступных кнігарнях Мінска: «Акадэмкніга», «Цэнтральная», «Светач», «Веды», «Кнігарня пісьменніка», «Логвінаў», «Кнігі і кніжачкі». Дарэчы, усе выданні «Кнігазбора» можна замовіць у самім выдавецтве без гандлёвай надбаўкі.

lit-bel.org

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930