Знайсці
15.06.2017 / 08:15РусŁacБел

Сёння ў Празе пройдзе Дзень Скарыны

Сёння ў Празе цэлы дзень будуць гаварыць пра Скарыну. Адбудуцца Міжнародны навуковы сімпозіюм, ускладанні кветак да памятнай дошкі на будынку Славянскай бібліятэкі і на месцы друку першай беларускай Бібліі, адкрыццё дзвюх мастацкіх выставаў, прысвечаных Скарыну.

Міжнародны сімпозіюм «Францішак Скарына і Прага» арганізавалі Нацыянальная бібліятэка Чэхіі, Нацыянальная бібліятэка Беларусі і амбасада Беларусі ў Празе. У ім бяруць удзел навукоўцы з Беларусі, Літвы і Чэхіі.

Кветкі да памятнай дошкі Францішку Скарыну разам з удзельнікамі сімпозіюму ўскладзе міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей. 16 чэрвеня ў яго запланаваныя перамовы з міністрам замежных спраў Чэшскай Рэспублікі Лубамірам Зааралкам.

У будынку былога калегіюма езуітаў у Празе, дзе цяпер знаходзіцца Нацыянальная бібліятэка Чэхіі, адкрыюцца і дзве мастацкія выставы, прысвечаныя Скарыну.

Падчас адкрыцця выставы беларускай графікі, у якой бяруць удзел мастакі Уладзімір Вішнеўскі, Валеры Славук і Раман Сустаў, адбудзецца ўрачыстая перадача кніг шматтамовага факсімільнага праекта «Кніжная спадчына Скарыны», які выйшаў у Мінску, у фонды Нацыянальнай Бібліятэкі Чэскай Рэспублікі — Славянскай бібліятэкі.

Другая мастацкая выстава арганізаваная Бібліятэкай Урублеўскіх Літоўскай акадэміі навук, Славянскай бібліятэкай Чэхіі і амбасадай Літвы ў Празе. Абедзьве выставы працягнуцца два тыдні.

Радыё Свабода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера