Знайсці
13.06.2017 / 12:59РусŁacБел

Cтартуе навучальная сесія «Заспявай 4x4»

Фіналістаў конкурсу чакае насычанае лета — кансультацыі ментараў, цыкл лекцый, заняткі па вакале, праца ў студыі і справаздачныя канцэрты.

Чацвёрты сезон конкурсу маладых выканаўцаў праходзіць у новым фармаце — упершыню ўведзены адукацыйны складнік. Пасля вызначэння фіналістаў пачынаюцца заняткі і майстар-класы. Перад музыкамі стаіць задача зрабіць па выніку сваю конкурсную песню лепей з улікам атрыманага досведу. За кожным з прэтэндэнтаў на перамогу замацаваны свой ментар: спявачку K3tyvana падтрымае Дзмітры Літвіновіч, заснавальнік гурта CherryVata і кіраўнік лэйблу Ezhevika; з гуртом «Тутэйшыя» будзе працаваць Сяргей Доўгушаў, лідар гурта Vuraj і кіраўнік «Спеўнага Сходу»; гурт «Малала» можа разлічваць на Алега Хаменку, лідара гурта «Палац», а дуэт Марыны Гаўрыленкі і Аліны Казачэнкі пасупрацоўнічае з саўндпрадусарам Андрэем Акатавым.

«У фінал выйшлі вельмі цікавыя, а галоўнае разнапланавыя музыкі. Хоць для істотнага прафесійнага росту патрэбны куды большы час, мы пастараемся разам дасягнуць поспеху за гэтыя два месяцы. Магчыма нават некага мы пабачым у абсалютна іншым гучанні, вобразе ці нават стылістыцы. Мы паспрабуем дапамагчы зрабіць хоць невялікі, але важны крок да прафесійнай музычнай дзейнасці», — зазначае Андрэй Акатаў, кіраўнік студыі Central Station, адказны сярод іншага за гук праграмы Belsat Music Live.

16 і 17 чэрвеня для фіналістаў «Заспявай» пройдзе шэраг лекцый і майстар-класаў, які закране шэраг аспектаў музычнай сферы. Яны пазнаёмяцца з тонкасцямі студыйнай працы, маркетынгавымі тэхналогіямі, прынцыпамі распаўсюду і продажу сваёй музыкі, дазнаюцца пра арганізацыю канцэртаў і фэстаў ды пра важнасць візуальнай канцэпцыі ў музыцы. Заняткі правядуць як самі ментары, так і запрошаныя госці, сярод іх піар-мэнеджар Зміцер Безкаравайны, прамоўтэр Антон Сіманкоў, граф-дызайнерка Наста Шастак. Конкурс шчыльна звязаны як з музыкаю, так і з паэзіяй. Адмысловыя лекцыі рыхтуюць выкладчык беларускай літаратуры БДУ Аляксей Стрэльнікаў, які распавядзе пра гісторыю сучаснай беларускай паэзіі — ад суполкі «Тутэйшыя» да батлаў у «Графіці». А даследчык Віктар Сямашка распавядзе пра гісторыю сучаснай беларускай музыкі ў кантэксце сусветнай.

«Пакуль лекцыі даступныя толькі для фіналістаў, але мы маем спадзеў, што ў будучыні гэты конкурс пераўтворыцца ў яшчэ больш маштабны праект, а то і рэаліці-шоў, у якім бы спалучыліся адукацыйны і забаўляльны складнік, і які быў бы карысным як для адмыслоўцаў, так і для музыкаў, так і для звычайных слухачоў, якія хочуць пашырыць свой кругагляд», — кажа прадзюсар «Заспявай 4x4» Сяргей Будкін.

Пасля лекцый цягам наступных некалькіх тыдняў фіналістаў чакаюць заняткі па вакале, па працы з аранжыроўкаю і па запісе ў студыі. Пры канцы лета — на пачатку восені ўдзельнікі «Заспявай 4x4» прэзентуюць вынік сваёй працы і дадуць справаздачныя канцэрты пры падтрымцы вядомых музыкаў. Пераможцу чакае галоўны прыз — грашовы прыз у 1000 рублёў і здымкі кліпа ад рэжысёра Арцёма Лобача.

За навінамі конкурсу «Заспявай 4x4», які праводзіць партал TuzinFM.by разам з фондам «Вяртанне» пры падтрымцы кампаніі «Будзьма беларусамі!», можна сачыць праз афіцыйныя суполкі Facebook і УКантакце.

tuzinfm.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера