Знайсці
09.06.2017 / 15:3415РусŁacБел

«Я магу гэта купіць. Але навошта?» Мінская сям'я сартуе смецце і нічога не выкідвае на звалку

Недаедзены ёгурт чалавек вылье ў кампоставую яму, памые і пакладзе чысты пластык у асобны кантэйнер — на жаль, пакуль гэта не пра нас ці амаль не пра нас. Сям'я Некраш з Мінска паспрабавала жыць «як у Еўропе», сартуючы адходы і імкнучыся, каб усе яны патрапілі на перапрацоўку. Выйшла далёка не ўсё, але знайшлося шмат цікавых рашэнняў.

«Ці зможа сям'я аддаць смецце на перапрацоўку?»

— Пакатаўшыся па Еўропе, я быў уражаны тым, як людзі берагуць месца, у якім жывуць, — кажа Зміцер Некраш, 40-гадовы барадаты мужчына, які некалі працаваў у будаўніцтве. — Бутэлькі, пластыкавыя пакеты людзі альбо кладуць у кантэйнеры, альбо нясуць здаваць. Паўстала пытанне: ці зможа наша сям'я аддаць сваё смецце на перапрацоўку?

Сямейства задалося мэтай не толькі сартаваць смецце, але і зрабіць усё, каб другасная сыравіна патрапіла на перапрацоўку, а не на смеццевы палігон.

— Не адзін раз назіраў з акна, як прыязджае смеццявоз, звальвае з усіх кантэйнераў смецце разам і адвозіць на звалку. І тыя кантэйнеры, дзе другасная сыравіна, і тыя, дзе агульнае смецце, — распавядае ён.

Адкуль скепсіс?

Дарэчы, асцярогі сямейства Некраш не беспадстаўныя. Сістэма паасобнага збору ў Беларусі яшчэ не наладжана.

Адміністрацыя палігонаў «Экарэс» запэўнівала, што другасная сыравіна з кантэйнераў для раздзельнага збору ідзе на сартаванне. Але, напрыклад, за 3 месяцы ў 2016 годзе было 32 выпадкі, калі смеццявоз вывозіў іх на звалку. Праверку праводзіў Мінскі гарадскі камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

А са сметніка другасным матэрыяльным рэсурсам складана трапіць у абарот, бо там іх не могуць падзяліць паміж сабой перапрацоўшчык і мясцовыя ўлады. У 2016 годзе працяглую перапіску вялі перапрацоўшчык «РэПлас-М» з Магілёва і выканкам у Оршы, каб займець ПЭТ-бутэлькі з палігона.

Запал мясцовых уладаў прымушае задумацца: напэўна, у бутэльках на сметніку для іх ёсць нешта прыцягальнае.

Пластык і алюміній

Але вернемся да гісторыі.

— Самае сумнае — з пластыкам, — адзначае Зміцер.

Спробы здаць іх паблізу ад дома не скончыліся поспехам: у двух пунктах прыёму, дзе пабываў апавядальнік, адказалі: «Прымаем, але потым». Калі ж наступіць «потым», даведацца не атрымалася.

Таму шляхам эксперыментаў высветлілі: ПЭТ-бутэлькі можна ўжываць як тэрмаўсадку, можна — разрэзаць на вяроўкі (стужкі) і выкарыстоўваць у садзе або на градках. Непрыёмны пластык у сям'і трапляе ў агульны сметнік.

Цэлафанавыя пакеты ў сям'і выкарыстоўваюць шматкроць. У вялікіх пакетах бацькі на дачы робяць кампост: накладваюць змесціва, даліваюць вады, завязваюць і ставяць у сонечным месцы.

Алюміній і металічныя крышкі здаць прасцей, і яны адправіліся ў пункт прыёму. Папера — на падпалку печкі на дачы, паколькі яе няшмат.

Адзенне

Непатрэбнае адзенне пара аддае, як правіла, знаёмым.

— Калі нікому з іх не трэба, выстаўляем на два тыдні на барахолку за сімвалічныя рубель-два. Адна рэч — 1 рубель, 2 рэчы — 2 рублі, 3 рэчы — 3 рублі… 80% забіраюць, — кажа суразмоўца. — А што ж не сышло за 2—3 тыдні і на што надакучыла спатыкацца — даю на 3 дні ў суполкі кшталту «Отдам даром». Не забралі — акуратна кладу ў пакет і стаўлю каля кантэйнераў. Далейшы лёс не адсочваю.

Бытавая тэхніка: «Тэлевізары мы ўтылізавалі»

Самае комплекснае пытанне — пра тэхніку.

— Бытавую тэхніку мы не мянялі ўжо шмат гадоў. Мікрахвалёўкі я рамантую. Тэлевізар мы ўтылізавалі: кінескоп не прымаюць, яго пакінулі каля пункта прыёму. Новы не куплялі, мы не глядзім яго гадоў 10.

Электроніка пайшла на радыёдэталі — я паяю. Лішняе выкінулі. Камп'ютары мы трохі ненавідзім, у гульні не гуляем і таму не мяняем іх. Кухоннаму камбайну гадоў 10, хлебапечцы — 5. Іх куплялі фірмовымі, і яны служаць доўга. 

— Старыя і рабочыя ці ўмоўна рабочыя тэлефоны (батарэйка трымае паўдня, напрыклад) хутка забіраюць у «Аднакласніках». У «Фэйсбуку» добра аддаваць больш дарагія рэчы, накшталт мэблі.

Часта даводзіцца падладжвацца пад людзей: яны гатовыя вывезці шафу, але ў нязручны для цябе час, або просяць дапамагчы спусціць, а я па здароўі не магу, на жаль.

Сродкі перамяшчэння: ровар, машына

Пару разоў даводзілася разбірацца з роварамі: ламалася рама. Яе падварваў, і ровары аддавалі людзям, якія не могуць сабе іх дазволіць.

— Новую машыну мы прадалі, і наступная машына, калі яна будзе, — толькі электрамабіль, прынцыпова, — запэўнівае Зміцер. — У мяне былі яшчэ «Волга» і Volkswagen Passat, старыя і гнілыя. Спрабаваць паклеіць газетамі і ўцюхаць — гэта не па сумленні, рамантаваць не мае сэнсу, а як ёсць яны нікому не патрэбныя. Было прынята рашэнне разрэзаць, нармальныя запчасткі прадаць, а астатняе ўтылізаваць.

Шкло раней прымалі ў пакрышаным выглядзе, але ўжо не бяруць (сцвярджаюць, што там у складзе свінец). Яшчэ яго можна прадаць праз аб'яву цэлым, але за такую сімвалічную суму, што можна аддаць дарма.

Знайшоў людзей, гатовых прыехаць па жалеза, адны па 8 капеек, другія — па 9 за кілаграм.

Аўтамабільную праводку проста аддаю знаёмаму, які займаецца меддзю. Усё роўна гэта не ўплывае на бюджэт. Пры досыць высокім кошце медзі яе крыху, і сума будзе мікраскапічная.

Мой тата знайшоў спосаб утылізаваць на дачы пакрышкі. Ён робіць высокія грады. Чатыры колы трэба паставіць адно на адно, у тры засыпаць зямлі, у чацвёртае — перагной. Атрымліваюцца слупкі, якія выграваюцца раней за астатнюю глебу. У іх выдатна растуць памідоры, клубніцы.

Самаму першаму слупку на дачы гадоў 30. І іх за гэты час назапасілася не так шмат.

Дарэчы, з металічных вырабаў можа выклікаць пытанні старая чыгунная ванна. Дзмітрый раіць не спяшацца з ёй у пункт прыёму ДМР. Такую рэч можна прадаць людзям, якія яе потым адрэстаўруюць.

«Нам перашкаджаюць сіндром жабрака і адсутнасць культуры»

Слоікі Дзмітрый і Алена аддаюць знаёмай, якая горача захапляецца закаткамі (іх жа можна прапанаваць, напрыклад, прадаўцам мёду на рынку).

І ў завяршэнне нашага гайда — экскурс у пункт прыёму шклатары і чорнага металу. Слоікі, не прыдатныя для закатак, у сям'і збіралі паўгода і адправілі ў пункт прыёму ў самым канцы мая. Вынік — на балконе стала вальней, а кошка атрымала пачак кансерваў за выручаныя грошы.

— Збіраючыся здаваць, я прайшоўся і глянуў у акрузе, якія пункты ёсць, — распавядае Зміцер. — Публіка ў асноўным выклікае шкадаванне… А з іншага боку, яны санітары горада. Тое, што для шараговага грамадзяніна смецце, для іх — заробак.

Тарыфы на лом чорных і каляровых металаў. Напрыклад, за кілаграм чыстага алюмінія даюць 1,62 рубля

У нас лом збіраюць бамжы. У Еўропе дзеці пасля школы, з заплечнікамі, ідуць і зарабляюць сабе на марозіва. Не грэбуюць зазірнуць у сметніцу і фоткаюцца з бутэлькамі на айфон.

Мяне ўразіла.

А нам перашкаджае сіндром гаротнага бедняка. Гэта пра людзей, якія вырваліся з галечы або думаюць, што вырваліся, стараюцца жыць па-багатаму.

Для многіх знаёмых дзіўна, што з нашымі даходамі мы купляем рэчы ў стоках, што мы нешта рамантуем. Так, я магу сабе дазволіць гэта купіць. Але навошта, калі я магу нешта выкарыстоўваць?

Новае адзенне або новы камп'ютар у крэдыт не робяць цябе багатым. Яны робяць рабом сістэмы. І пакуль будзе так, да таго часу будзе такое стаўленне: лепш выкінуць, чым спрабаваць утылізаваць. Нам не хапае культуры стаўлення да адходаў.

greenbelarus.info

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера