Андрусь Храпавіцкі. Ланцуг
Сёньня я быў у Менску. Не люблю гэты горад...
Сёньня я быў у Менску. Не люблю гэты горад.
Прыяжджаю рэдка, але калі патрапляю,
То заўсёды а першай гадзіне
іду ў Парк Чалюскінцаў,
Сядаю ў цяні дрэваў і слухаю шамаценьне лістоты,
Заплюшчыўшы вочы, чакаю
На вызваленьне,
На дараваньне,
На тое, што ўсё гэта неяк возьме і скончыцца
Раптоўна ці паступова,
Але назаўжды.
А другой падыходзіць Іван,
Мы зь ім нават не вітаемся, ня гутарым.
І ўпасі божа не глядзім адно аднаму ў вочы.
Ён тыча мне здымак.
Мне дастаткова аднаго імгненнага позірку,
Каб запомніць твар і адрас.
Позна ноччу вяртаючыся да дому,
Я заўсёды спыняюся за горадам,
Сядаю пад дрэва.
І плачу,
Плачу,
Плачу,
Бы нешта зьменіцца,
Бы мае сьлёзы затопяць гэты чортаў сьвет,
Бы я сам патану ў іх…
Я вяртаюся давідна,
Каб пасьпець завезьці цябе ў школу.
* * *
Штодзённа ў рубрыцы «Літаратура» на сайце НН — новыя творы. Чытайце для сэрца, чытайце для розуму, чытайце для мовы.