Знайсці
23.05.2017 / 09:3111РусŁacБел

Крык душы. Як інвалід у Барысаўскім раёне хацеў крамку адчыніць і як яго тармазнулі кабелем

Добры дзень, паважаная рэдакцыя!

Я Андрэй Міхайлавіч Міколінскі з аграгарадка Зембін Барысаўскага раёна Мінскай вобласці. Інвалід з дзяцінства І групы (вазочнік), але цяпер працую дырэктарам ТАА «Іралта». На жаль, «працую» гэта надта моцна сказана — ужо амаль год (калі дакладней — дзесяць месяцаў) прадпрыемства не можа пачаць працаваць і гэта таксама адна з прычын бойкі (інакш не назавеш) з райвыканкамам, але аб усім папарадку.

10 ліпеня 2016 года я з трыма аднавяскоўцамі заснавалі прадпрыемства дзеля таго, каб працаваць на сябе і атрымліваць крыху больш грошай, чым магчыма зарабіць на вёсцы. Заснаваўшы сваю справу, мы заключылі дамову арэнды для гаспадарчай дзейнасці (гандаль прадуктамі) пустуючага шмат гадоў памяшкання ў вёсцы Карсакавічы Барысаўскага раёна. Трэба дадаць, што нягледзячы на тое, што гэта вёска з’яўляецца цантральнай сядзібай сельскагаспадарчага прадпрыемства (зараз ААТ «Карсакавіцкае», у пачатку гэтай гісторыі — КСУП «Карсакавічы-Агра», але далей я буду ўжываць сучасную назву, каб не заблытацца), вёска гэта, як кажуць, «вельмі забітая»: амаль 50 км ад райцэнтра, убаку ад рэспубліканскай шашы, і «калгас» не багаты — хутчэй, наадварот. Але ёсць і вялікі плюс — знаходзіцца яна ў найпрыгажэйшых мясцінах з добрым паляваннем у вялікіх лясах навокал і недалёка ад Бярэзінскага біясфернага запаведніка. Менавіта там мы і збіраліся пачаць працаваць, бо ў сваім аграгарадку не знайшлося пустога памяшкання — нават тыя, што зачыненыя і не выкарыстоўваюцца гадамі, у арэнду на аддаюць: напэўна, грошы не патрэбныя.

Праблемы пачаліся адразу ў дзень падпісання дамовы арэнды: у памяшканне, якое належыць ААТ «Карсакавіцкае», галоўны ўваход праз невялічкі тамбур, з якога ўваход таксама і ў краму раённага спажывецкага таварыства, як кажуць, «дзверы ў дзверы». І вось гэта самае спажывецкае таварыства, што называецца, «упёрлася рогам» і не аддало ключ ад агульнай тэрыторыі: «Гандлюйце праз кацельню». Усе размовы «па-добраму» і довады пра незаконнасць перашкоджвання доступу ў памяшканне агульнага карыстання натыкаліся на сапенне і кіданне тэлефонных слухавак.

Смешна і сорамна расказваць, што дублікат ключа быў перададзены толькі пасля майго запісу на прыём да старшыні райвыканкама, бо скаргі ў аддзел гандлю і паслуг скончыліся нічым. На сам прыём я не трапіў — усё вырашылася за тры дні.

У арандаваным памяшканні па дамове найму будаўнікі-прыватнікі зрабілі рамонт, ясна, што абышлося даражэй, але затое хутка.

І вось калі да адкрыцця крамы засталося толькі падпісаць дамову на электразабеспячанне памяшкання і выклікаць супрацоўнікаў аддзела гандлю і паслуг, высветлілася, што падключыць памяшканне да ЛЭП проста немагчыма.

Калі карацей, то атрыміваецца так: сама ЛЭП знаходзіцца пад адказнасцю Барысаўскіх электрасетак, усё электраабсталяванне ў самім памяшканні — пад маёй адказнасцю, як дырэктара прадпрыемства-арандатара, а вось кабель ад слупа да будынка — пад адказнасцю ААТ «Карсакавіцкае» як уласніка памяшкання. Вось і пачалося маё «блуканне па пакутах».

Спачатку высвялілася, што ў гаспадаркі няма грошай на само далучэнне да ЛЭП (хто б сумняваўся!) і было заключана трохбаковае пагадненне — аплочвае ўсё маё прадпрыемства, я нават закрыў вочы на тое, што нельга аддаваць у арэнду памяшканне без інфраструктуры. На гэта і збіранне іншых папер (збіраў, зразумела, я) пайшоў месяц, і тут пачынаецца самае цікавае: для далучэння да ЛЭП патрэбныя копія загаду аб прызначэнні адказнага за электрагаспадарку і копія яго допуску да працы ад энерганадзору, але ў ААТ «Карсакавіцкае» яшчэ з часоў цара Гароха адказнага за электрагаспадарку проста няма, нягледзячы на тое, што без такога адказнага выкарыстоўваць электраўстаноўкі катэгарычна забараняецца, але што дзяржаўнаму прадпрыемству да нейкіх там законаў — у нашай жа краіне перад законамі ўсе суб’екты гаспадарвання роўныя, але некаторыя раўнейшыя. Азначала гэта толькі адно: альбо ў ААТ «Карсакавіцкае» з’явіцца ў рэшце рэшт адказны за электрагаспадарку, альбо наша ТАА «Іралта» трэба ліквідаваць,

бо рэгістрацыя прадпрыемства адбывалася па гэтым жа адрасе згодна з гарантыйным лістом ад сельгаспрадпрыемства, а пра страчаныя на арэнду, на адкрыццё прадпрыемства, абслугоўванне разліковага рахунку, на рамонт і іншыя дробязі (у цалку амаль 20000 рублёў — для сярэдняга заработку ў аг.Зембін у 300 рублёў гэта вельмі шмат і на адкрыццё нашага прадпрыемства мы ўчатырох збіралі амаль пяць гадоў) грошы можна проста забыцца — дзякуй за падтрымку сельскай гаспадаркі. І гэта нягледзячы на тое, што такімі дзеяннямі ААТ «Карсакавіцкае» парушае цэлую кучу законаў і інструкцый!

Больш за чатыры месяцы (!) амаль штодзённых размоў і сварак з кіраўніцтвам ААТ «Карсакавіцкае» прывялі да таго, што ў апошні тыдзень 2016 года кіраўніком ААТ «Карсакавіцкае» было прынятае рашэнне ўскласці абавязкі адказнага за электрагаспадарку на галоўнага інжынера гаспадаркі. Радасць мая была нядоўгай — у самым пачатку 2017 года ў райвыканкаме было вырашана правесці рэарганізацыю прадпрыемства.

Зараз гэта вельмі модна — не паклапаціцца аб тым, каб прадпрыемства пачало нармальна працаваць, а змяніць назву і чакаць, пакуль грошы дадуць.

У выніку гэтай праведзенай невядома для якіх мэтаў рэарганізацыі ў ААТ «Карсакавіцкае» змяніўся кіраўнік, і для мяне ўсё пачалося спачатку. У першай жа размове мне было ясна даведзена, што асабіста ў яго, новага кіраўніка, няма сэнсу штосьці рабіць для ТАА «Іралта» — яму і так добра, а мой абавязак — плаціць арэнду, а іншае яго не клапоціць.

Штосьці даказваць не мела сэнсу, і я запісаўся на прыём да непасрэднага кіраўніка гэтага «памешчыка» (якім ён сябе лічыць) — да першага намесніка старшыні Барысаўскага райвыканкама начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання А.С. Козела. На прыёме мне было паабяцана, што да 1 красавіка 2017 года праблема будзе вырашана. «Абяцанка-цацанка, а дурню радасць» — і ў дурнях, зразумела, застаўся я.

А.М.Міколінскі, Зембін Барысаўскага р-на Мінскай вобл.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930