Знайсці
15.05.2017 / 19:0820РусŁacБел

Гісторык Мінска Харэўскі: «Політэхнічная» — добрая назва для станцыі метро, «Мінск-Мір» — поўны трэш

Агучаныя меркаваныя назвы станцый мінскага метро на чацвёртай лініі. Мы паразмаўлялі пра гэта з культуролагам, знаўцам гісторыі Мінска Сяргеем Харэўскім.

«Агульныя ўражанні значна лепшыя за папярэднія спробы, выглядае ўсё вельмі няблага. Гэткія крокі па дэкамунізацыі і ўмацаванню ўласнай ідэнтычнасці. Такія вось «чалавечыя» назвы будуць гаварыць людзям пра нешта большае, чым «Пралетарская» ці «Маладзёжная».

Цалкам згодны з назвай станцыя метро «Політэхнічная». Яна апелюе да больш чым 80-гадовай гісторыі. На гэтым месцы Політэхнічны ўніверсітэт паўстаў яшчэ напрыканцы 1930-х. То бок праз гадоў 12 гэтай назве і ўніверсітэту будзе ўжо 100 гадоў. Часам пра гэта мы проста забываем, што Мінск 50-х — гэта ж сярэдзіна мінулага (!) стагоддзя. Цалкам апраўданая для соцень і тысяч людзей, якія спрычыніліся да гэтага ўніверсітэта, назва.

«Кіеўскі сквер», чаму не назваць проста «Кіеўская»? Там побач бульвар Шаўчэнкі, кінатэатр «Кіеў». У афармленні станцыі можна выкарыстаць украінскія элементы, ці нават запрасіць з Кіева дызайнераў паўдзельнічаць у распрацоўцы інтэр’ера. Улічваючы нашы глыбінныя повязі з Кіевам, то варта мець у Мінску не толькі «Кіеўскую станцыю», але і вуліцу, і праспект.

«Альшэўская». Пытанне будзе заўсёды, хто такі гэты Альшэўскі? Я заўсёды быў супраць гэткага патэрналізму, называння нейкіх аб’ектаў у гонар канкрэтных людзей. Альшэўскі быў камуністычным дзеячам, тут яго расстралялі… Я не маю нічога супраць Альшэўскага, у адрозненні ад Берута, вуліца якога блізкая да Альшэўскага. Але такая назва прывязаная да канкрэтнага прозвішча, выклікае пэўныя накладкі.

Выдатная назва «Цівалі». Так завецца летняя рэзідэнцыя Папаў Рымскіх. У Мінску, пасля Капенгагена, назвалі так першы парк забавак. Быў такі маёнтак Цівалі, яго арандаваў пад забаўкі грамадзянін Прусіі. Гэта класная назва, пра якую можна шмат пагаварыць, паразмаўляць.

«Тучынка» — выдатная назва, старая, аднаўляецца памяць пра ўрочышча, якое там было спрадвеку. Добрая назва «Берасцейская».

Мне не падабаецца назва «Лакаматыўная». Прагрэс на месцы не стаіць. Сёння лакаматыў — а заўтра будзе нешта іншае. І такіх анахранічных назваў у нас хапае. Чаму не «Чыгуначная»?

«Мінск-Мір» — гэта поўны трэш. Так завецца планаваны «Ітэрай» мікрараён на месцы аэрапорта «Мінск-1». Будзе такая пампезная назва. Хоць, па-мойму, трэба неяк падкрэсліць і захаваць, што тут быў першы аэрапорт сталіцы. Можа быць, «Аэрадромная», тым больш і вуліца такая ёсць.

Ва ўсім астатнім, што «Козырава», што «Вяснянка», што «Старавіленская» — абсалютна ўсё слушна. Хаця, калі гаворым пра «Старавіленскую», то чаму не называць проста «Віленская». Тым больш, што «Старавіленская» і «Нававіленская» вуліцы побач».

Запісаў Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930