Знайсці
12.08.2008 / 12:55РусŁacБел

Марыя Роўда. Не ўлавіць тую птушку

Апавяданьне.

У маленстве мне вельмі карцела ўлавіць птушку. Птушкі былі паўсюль — дражнілі мяне, заахвочвалі, падманвалі да сябе й порстка ўцякалі, варта было наблізіцца й працягнуць руку. Але аднойчы ўдача мне амаль ўсьміхнулася.

Здаецца, была раньняя вясна. Гарод у вёсцы быў не засеяны, і па барознах павольна дзёўбаліся тугадумныя куры. Цоп — і зьдзейсьніцца мара, хоць гуляцца з курыцай, вядома, ня тое самае, што з маленечкім вераб’ём. Асабліва, калі тая курыца табе па калена. Скок за скокам — і даверлівая, неабачлівая птушка апынецца ў тваіх абдымках. Узрадаваная, я кінулася да курэй. Яны, незадаволеныя й зьдзіўленыя, адбеглі далей. Я за імі — а яны ледзьве не ляцяць.

Скончыўся гарод, сад, пачалося поле. Расставіўшы рукі, я бегла й бегла, каб дамагчыся свайго й завяршыць справу. Прыціснуць да сябе жывую трапяткую птушку, зажыць з пачуцьцём зьдзейсьненай мары. Толькі, відаць, куры ўжо даўна пайшлі ўрассыпную, бо ў пэўны момант я ўсьвядоміла, што стаю адна ў чыстым полі й наўкола няма ні хат, ні людзей, ні тых запаветных курэй.

Неба ў нашай вёсцы з аўчынку — згубіцца цяжка, але ў сваім дзіцячым ўяўленьні я дайшла да краю. Да таго ж тады яшчэ было неасушанае балота. Яно было паўсюль, і тысяча таемных сьцежак зьмяіліся да яго ад паселішча. Думаю, было страшна й сьлёзы ліліся, як мае быць. Але вочы глядзелі наперад , і ногі вялі да «кулісаў». Гэтак у нас называлі маліньнік, які цягнуўся ўздоўж самай багны, утвараючы мяжу паміж гэтым сьветам і гэным. Не ведаю, ці атрымала б я за «кулісамі» кампэнсацыю ў выглядзе няспрытнай птушкі, але мяне своечасова пераняла суседка — баба Волька.

Добрая баба Волька распытала, хто я, чыя й куды іду, а я, млеючы ад радасьці, паведаміла ёй, што зблудзіла. Дахаты мы вярнуліся разам, і я ня бачыла бабу Вольку некалькі гадоў, пакуль не дарасла да таго, каб памятаць ня толькі выключныя здарэньні. Самае цікавае, што баба Волька не магла потым узгадаць гэты эпізод і ніколі ня ведала прычыны маёй асаблівай прыязнасьці да яе. Я ж, падросшы й выправіўшыся ў цэнтар вёскі «на сяло», адразу пазнала сваю выратавальніцу сярод іншых кабет і шчыра дэманстравала ёй сваю прыхільнасьць праз усё жыцьцё.

З тае пары мінула трыццаць гадоў. Птушку я гэтак і не ўлавіла. Праўда, у клетцы ў мяне жыве канарэйка — зноў жа стварэньне дзікае, якое ня надта даецца ў рукі. Бабе Вольцы ўжо добра за восемдзесят, і ўсё гэтак жа зьбіраюцца каля ейнай хаты «на сяло» цяпер ужо нешматлікія суседкі.

Я прыяжджаю ў вёску летам, і мы любім пасядзець з бабай Волькай на лаўцы ў яе пад хатай і пагаманіць. У астатні час я тэлефаную ёй па мабіле. Можна сказаць, што мы сябруем. Баба Волька шануе мяне за тое, што я ўмею пагаварыць, ды яшчэ «па‑наську», а я сплачваю свой доўг за шчасьлівае пачуцьцё «знойдзенасьці».

Вось і сёньня мы сядзім з бабай Волькай перад хатай. Сьвежаваты вечар пасьля вільготнай сьпякоты. Баба Волька задуменна кажа: «Нікога ўжо няма. Нікога няма…» Я сьціскаю кулакі, але разумею, што час ня ўхопіш у жменю, як і тую птушку.

Усё ж мы двое яшчэ ёсьць. Вось я — гляджу на брук, а баба Волька ўзіраецца ў неба. Мы яшчэ тут і шкадуем свае то хоць як, то з сэнсам пражытыя гады. Насамрэч у гэтую хвіліну мы там, дзе й нас ужо няма. Зараз мы абедзьве памерлі.

А заўтра мы пойдзем у ягады. Баба Волька здасьць іх маладэчанскаму прадпрымальніку, а я навару варэньня, каб есьці яго ўзімку з тостамі перад ненавіснай працай. І бабы Вольчын унук, і я пакінем па сабе дзяцей. Магчыма, аднойчы на тым самым месцы нехта зь іх вымавіць: «Нікога ўжо няма. Нікога няма…» Але сёньня ж во мы сядзім на лаўцы каля бабы Вольчынай хаты. І я гляджу на брук, а баба Волька ўзіраецца ў неба.

* * *

Штодзённа ў рубрыцы «Літаратура» на сайце НН — новыя творы. Чытайце для сэрца, чытайце для розуму, чытайце для мовы.

Марыя Роўда

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера