Знайсці
13.05.2017 / 15:2019РусŁacБел

Navi і іх 25 канкурэнтаў за перамогу на «Еўрабачанні-2017» — усе ВІДЭА выступаў

13 мая — фінал «Еўрабачання». 26 краін будуць змагацца за перамогу, якую вызначаць журы і глядацкае галасаванне. Прадстаўляем вам ўсіх канкурсантаў.

Ізраіль. IMRI — I Feel Alive

Імры ўдзельнічаў у конкурсе ужо ў 2015 і 2016 гадах, але на бэк-вакале. З дзяцінства Імры ўмее спяваць на англійскай і іспанскай мовах, грае на гітары і піяніна, вывучаў акцёрскае майстэрства і нават агучваў некалькі роляў у мультсерыялах. У песні спявак распавядае пра свой шлях да поспеху, спрабуючы ніколі не здавацца.

Польшча. Kasia Moś — Flashlight

Кася Мось нарадзілася ў сям’і вядомага польскага дырыжора Марка Мося. З дзяцінства яна ішла па бацькавым шляху — скончыла музычную школу, а пасля факультэт джаза і забаўляльнай музыкі па класу вакала. У 2002 годзе яна запісала сваю першую песню, у 2011 ужо грала ў клубах Лас-Вегаса, а ў 2015 выпусціла сольны альбом. Пасля перамогі ў нацыянальным адборы Кася не губляла час і праехалася турам па Еўропе, таму ў яе таксама вельмі добрыя шанцы на выхад у фінал.

Беларусь. Naviband — Гісторыя майго жыцця

Ксюша і Арцём з лёгкасцю прайшлі ў фінал конкурсу. Naviband ужо дагрукаліся да сэрцаў беларусаў і замежнікаў сваім «Hey-hey-hayayayayo». Упершыню на сцэне ў фінале міжнароднага песеннага конкурсу прагучыць беларуская мова. Поспехаў Арцёму і Ксеніі!

Аўстрыя. Nathan Trent — Running On Air

Поп- і r'n'b-спявак Натан пачынаючы з трох год браў урокі па скрыпцы і фартэпіяна. Паралельна з гэтым ён выступаў у дзяржаўным тэатры. Папулярнасць ён займеў дзякуючы ўдзелу ў шоу талентаў у Германіі і Аўстрыі. Першыя свае песні Натан напісаў у 11 гадоў. Песня, з якой ён будзе выступаць, таксама часткова напісана спеваком.

Арменія. Artsvik — Fly With Me

Спявачка Арцвік будзе вядомая аматарам расійскага шоу «Голас», бо яна ўдзельнічала там у другім сезоне. У 5 год разам з бацькамі яна пераехала ў Маскву, там адвучылася ў школе з матэматычным ухілам, пасля скончыла ўніверсітэт па спецыяльнасці псіхолаг-лагапед. Але музыка перамагла. У 2012 годзе Арцвік удзельнічае адразу ў двух конкурсах і гэта прыносіць ёй пэўную папулярнасць. Дзякуючы выступам у яе атрымалася прадставіць Арменію на Еўрабачанні ў Кіеве. У сваіх песнях Арцвік выкарыстоўвае народныя матывы, часам пераспявае народныя песні.

Нідэрланды. OG3NE — Lights and Shadows

Дзявочы гурт, які складаецца з трох сясцёр: Лізы, Эмі і Шэлі. У 2007 годзе яны прэзентавалі Нідэрланды на дзіцячым конкурсе песні «Еўрабачанне» і занялі там 11-е месца. Іх песня напісана бацькам, каб аддаць даніну маці, якая цяжка хварэла. «Мы зробім усё, што ў нашых сілах, каб наша краіна ганарылася намі. Мы хочам бачыць гордую ўсмешку на твары нашай маці. Гэта наш спосаб сказаць дзякуй за ўсё, што яна дала нам, і за тое, што яна значыць для нас», — кажуць выканаўцы.

Малдова. Sunstroke Project — Hey Mamma

Ну куды ж без выканаўцаў, ад якіх так і прэ пазітывам. Гурт «Sunstroke Project» ужо прадстаўлялі Малдову на конкурсе ў 2010 годзе, але тады занялі 22-е месца. У той раз яны выступілі так яскрава, што іх саксафаніст стаў мемам. У 2012 годзе гурт таксама спрабаваў прабіцца на Еўрабачанне, але з-за абвінавачвання ў плагіяце не прайшоў нават у першы этап нацыянальнага адбору. Сёлета гурт таксама выступае з даволі яркай песняй, але букмекеры не надта высока ацэньваюць іх шанцы.

Венгрыя. Joci Pápai — Origo

Венгерскі спявак, рэпер і гітарыст цыганскага паходжання. Ёці —яшчэ адзін выканаўца, які будзе выконваць песню на сваіх мовах — венгерскай і цыганскай. Публічны дэбют Папаі адбыўся ў 2005 годзе, калі ён быў удзельнікам мясцовых шоу талентаў. А яшчэ спявак на сёння мае аж 6 альбомаў. У анкеце Ёці адзначыў, што ягоная песня — рэзюмэ ўсяго ягонага жыцця.

Італія. Francesco Gabbani — Occidentali's Karma

Самы імаверны пераможца па версіі букмекераў. Сям'я Габані валодала крамай музычных інструментаў, таму ён з ранняга дзяцінства быў прывучаны да музыкі. У васямнаццаць гадоў, яшчэ да заканчэння вучобы ў ліцэі, падпісаў свой першы кантракт, два сінглы якога ўвайшлі ў ратацыю асноўных музычных тэлеканалаў Італіі. Выконваць песню Франчэска будзе па-італьянску.

Данія. Anja — Where I Am

21-гадовая Аня нарадзілася і вырасла ў Аўстраліі, але абое яе бацькі датчане. Яшчэ ў 2014 годзе са сваёй песняй «Where I Am» яна перамагла на аўстралійскім конкурсе. Прычым Аня прымала непасрэдны ўдзел у напісанні песні. Спевамі дзяўчына займалася з самага дзяцінства, а свае поспехі выкладвала на Ютубе.

Партугалія. Salvador Sobral — Amar Pelos Dois

Партугалец Сальвадор Сабрал — яшчэ адзін фіналіст, хто будзе спяваць не па-англійску. І ў яго даволі неблагія шанцы, бо ён і італьянец сёння на першых месцах у букмекераў. Негледзячы на сваю сціпласць, Сальвадор у дзяцінстве аб’ездзіў увесь свет, удзельнічаў у шматлікіх конкурсах і мае свой сольны альбом. Магчыма, ён скарыў усіх сваёй прастатой?

Азербайджан. Dihaj — Skeletons

Дыяна Гаджыева, вакалістка «Dihaj», мае ўкраінскія карані. Нарадзілася ў 1989 годзе ў Марыупалі. З дзяцінства займалася музыкай, скончыла музычную акадэмію, займалася джазам на прафесійным узроўні. Яшчэ ў 2010 годзе Дыяна спрабавала перамагчы ў нацыяльным адборы, але не змагла прайсці ў фінал. У 2014 быў створаны гурт «Dihaj», з якім спявачка збіраецца перамагчы на Еўрабачанні-2017. Бубначом у гурце, дарэчы, з’яўляецца муж Дыяны.

Харватыя. Jacques Houdek — My Friend

Харват Жак умее прыцягваць да сябе ўвагу, на відэадзённіках Еўрабачання ён з'яўляўся ўжо не раз. На радзіме ён адна з самых папулярных поп-зорак. Багатая дыскаграфія Жака налічвае 13 альбомаў. Жак займаецца дабрачыннасцю, дзе дапамагае асобам з абмежаванымі магчымасцямі і дзецям. Сваю песню ён будзе выконваць па-англійску і італьянску. Для спевака песня — гімн, дзе жыццё параўноўваецца з цудам, песня, якая заахвочвае нас жыць кожны дзень у поўнай меры і быць тым, кім мы павінны быць у жыцці.

Аўстралія. Isaiah — Don't Come Easy

Аўстралія даказала, што можа здзіўляць на «Еўрабачанні». У гэтым годзе краіну будзе прадстаўляць 17-гадовы спявак. Айзая у 2016 годзе ўдзельнічаў у мясцовым конкурсе X-фактар, увесь свой час прысвячае музыцы. Паводле яго слоў, найбольшы ўплыў на яго зрабіла Марая Кэры, з якой спявак хоча калі-небудзь праспяваць дуэтам. Яго поп-балада «Don’t Come Easy» распавядае пра мару і змаганне за яе.

Грэцыя. Demy — This is Love

Афінская прыгажуня Дзімітра Пападэя таксама мае дастаткова вялікія шанцы на выхад у фінал. Дзяўчыну заўсёды цягнула ў музыку, негледзячы нават на тое, што яна мае вышэйшую юрыдычную адукацыю. Праект «Demy» Дзімітра заснавала яшчэ ў 2011 годзе. З таго часу спявачка мае 2 альбомы, 15 сінглаў, а таксама ўзнагароды ад MTV, грэчаскіх тэлеканалаў і часопісаў.

Іспанія. Manel Navarro — Do It For Your Lover

Песня іспанца Манэля з'яўляецца хітом на радзіме спевака. 21-гадовы Навара з'яўляецца маладым кампазітарам і спеваком, чыя музыка ўяўляе сабой сумесь уплываў ад Боба Дылана да Эда Шырана. Гурт заўсёды спрабуе ламаць форму поп-музыкі. Манэль лічыць, што ягоная песня — гэта зусім новы стыль для Іспаніі. Песня будзе выконвацца на іспанскай і англійскай мовах.

Нарвегія. JOWST — Grab The Moment

Адзін з самых цікава аформленых выступаў. Гурт прайшоў вялікі шлях да вялікай сцэны — ад працы гукарэжысёрамі і настаўнікамі ў музычных школах да ўдзелу ў топавых конкурсах Нарвегіі. Падчас напісання песні хлопцы стварылі закрыты чат у фэйсбуку, дзе атрымлівалі адваротную сувязь ад фанатаў. Ці дапаможа ім гэта, каб выйсці ў фінал конкурсу? Пабачым.

Вялікабрытанія. Lucie Jones — Never Give Up On You

Люсі Джонс — спявачка і актрыса з Паўднёвага Уэльса. Яна мае багаты сцэнічны вопыт, пачынаючы з «Х-фактару» у 2009 годзе, дзе была фіналісткай. Адтуль яна пачала вельмі паспяховую музычна-тэатральную кар'еру. За апошнія 7 год Люсі займела вялікую колькасць тэатральных узнагарод. Сярод цікавостак, спявачка фанацее ад Гары Потэра — у сваіх інтэрв'ю адзначала, што ўмее граць саўндтрэк на флейце і фартэпіяна. 

Кіпр. Hovig — Gravity

Кіпрскі спявак армянскага паходжання Овіг Дэмірчан не з самага пачатку вырашыў, чым ён хоча займацца. Скончыўшы ўніверсітэт, ён працаваў маркетолагам у офісе, але ў пэўны момант зразумеў, што хоча іншага. Так Овіг і распачаў кар’еру спевака. Ён навучыўся граць на гітары і фартэпіяна, а таксама вывучаў джаз і вакал. Овіг стаў вядомы дзякуючы ўдзелу ў шоу X-фактар у 2009 годзе, дзе фінішаваў на сёмым месцы. Пасля ягонага выступу ў паўфінале ў інтэрнэце пачалі рабіць мемы, у якіх адзначалі падабенства выступу з Сяргеем Лазаравым, які прадстаўляў Расію летась.

Румынія. Ilinca ft. Alex Florea — Yodel It!

Гэты дуэт — адзіны гурт у Румыніі, які спявае ў ёдлінг-стылі. Акрамя гэтага, гурт выкарыстоўвае рок і рэп-аранжыроўкі, каб, па іх словах, паказаць, наколькі яны любяць музыку. Ілінка выступала ў оперы, таму з лёгкасцю можа спяваць фальцэтам, а Алекс — акцёр, таму з лёгкасцю ўваходзіць у розныя вобразы ў залежнасці ад жанру. Нягледзячы на тое, што дуэт прэзентуе Румынію, адчуваюцца нейкія ірландскія матывы, вам так не падаецца?

Германія. Levina — Perfect Life

У анкеце спявачкі Левін напісана — ідэальнае скандынаўскае зачараванне з хрыплым голасам міжнароднага класа і песняй, якая будзе радаваць Еўропу. Стаць папулярнай спявачцы дапамог удзел у нацыянальным музычным конкурсе яшчэ ў 9 год. Першую сваю песню Левін напісала ўжо ў 12. Для выхаду на прафесійны ўзровень вывучала вакал у Лондане. Левін жыве і працуе ў Берліне і Лондане. Яе песня распавядае пра дасканалае жыццё.

Украіна. O.Torvald — Time

Краіна-прымальнік «Еўрабачання» будзе выступаць з песняй у рок-жанры. Гурт «O.Torvald» быў створаны ў Палтаве і на сёння мае 5 альбомаў. Столькі ж у гурце і музыкаў. Дарэчы, апошні альбом выканаўцаў прадзюсаваў беларус Кірыл Мацюшэнка. Хлопцы так упэўненыя, што зоймуць высокія месцы, што ў іх пасля «Еўрабачання» ўжо распісаны тур па заходняй Еўропе.

Бельгія. Blanche — City Lights

Яшчэ адна фаварытка сёлетнага конкурсу. Элі Дэлвокс, якая выступае пад псеўданімам Blanche, нарадзілася ў Брусэлі. Вы не паверыце, але ёй усяго 17 год. Спявачка ўдзельнічала ў розных конкурсах, але не са сваімі песнямі. Яе «City Lights» («Агні гораду») — першая ўласная песня. Прычым, мяркуючы па стаўках букмекераў, выйшла даволі добра:

Швецыя. Robin Bengtsson — I Can't Go On

Папулярнасць напаткала спевака пасля ўдзелу ў конкурсе «Idol 2008», дзе ён заняў трэцяе месца. У дыскаграфіі Робіна 13 сінглаў і ніводнага альбома. Але гэта не перашкодзіла яму перамагчы ў адборы на Еўрабачанне з запальнай песняй «I Can't Go On». 27-гадовы швед з’яўляецца адным з сёлетніх фаварытаў.

Балгарыя. Kristian Kostov — Beautiful Mess

Крыстыян Костаў таксама лічыцца фаварытам конкурсу. Ён нарадзіўся ў Маскве, ягоная маці казашка, а бацька — балгарын. Яго будуць ведаць тыя, хто сачыў за шоу «Голас. Дзеці». Акрамя гэтага, спявак заняў 2-е месца ў балгарскім праекце «Х-фактар». У 2012 годзе спявак спяваў за Балгарыю на «Новай хвалі», дзе заняў сёмае месца. Як вы зразумелі, паслужны спіс у гэтага хлопца дастаткова вялікі. Пры гэтым ён самы малады выканаўца на сёлетнім «Еўрабачанні».

Францыя. Alma — Requiem

Алма — спявачка, піяніст і аўтар песень. Спявачка ў сваіх песнях спрабуе перадаваць жыццё — яе і ўсіх людзей. Свае першыя песні яна напісала за мяжой, дзе вучылася ў бізнэс-школе. Алма прадставіць свой сінгл «Requiem», які паказвае, як яе пошукі кахання ніколі не сканчаюцца. Сама спявачка ў інтэрв'ю адзначала, што песня робіць яе шчаслівай. Песня будзе выконвацца на французскай і англійскай мовах.

Мікіта Недаверкаў

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера