Знайсці
13.05.2017 / 13:4458РусŁacБел

«У мяне няма страху, што я нешта згублю, калі маё дзіця не пойдзе ў школу». Як працуе беларуская школка з нефармальнай адукацыяй

Беларускамоўная «Школка на падворку» працуе ад верасня. Цяпер тут усяго адзін клас, першы, дзе займаюцца адзінаццаць дзяцей. Заняткі ідуць тры разы на тыдзень па чатыры гадзіны на дзень.

Уласніца школкі — Наста Хоміч-Базар. Можа, школка б ніколі і не з’явілася, калі б у Насты і яе мужа Дзяніса Хоміча не падрасталі ўласныя дзеці, якія падштурхнулі да нефармальнай адукацыі. Старэйшай Мілаславе 8 гадоў, яна заканчвае першы клас школкі. Малодшай Дамініцы — 6 гадоў.

Наста кажа, што ў іх сям’і ад пачатку ўсё пайшло не па звычайным сцэнары. Традыцыйную медыцыну са штогадовымі паходамі па дактарах у сям’і не ўспрымаюць. Дзяцей Наста нараджала дома разам з мужам, а не ў радзільні. Вось і да адукацыі ў Хомічаў свой падыход.

«Пытанне не ў тым, што нехта дрэнны, проста трэба мяняць сістэму»

Першапачаткова бацькі паспрабавалі вадзіць дзяцей у беларускамоўную групку звычайнага сталічнага садка №314. Групка была рознаўзроставая, таму абедзве дачкі Насты і Дзяніса вучыліся разам.

«Мы хадзілі хутчэй патусавацца. Асабіста я не бачу сэнсу ў цяперашнім фармаце садка. Па-першае, завялікая колькасць дзяцей на аднаго дарослага. Я лічу, што 10-12 дзяцей на выхавацельку — гэта максімум. Нават проста для таго, каб закрыць псіхалагічныя і фізіялагічныя патрэбы ў кантакце, — тлумачыць Наста.

Наста Хоміч-Базар.

— Тут пытанне не ў тым, што нехта дрэнны, проста трэба мяняць сістэму. Ну альбо дайце мне выбар. Калі ў садку ён ёсць, то са школай узнікаюць пытанні, даводзіцца шукаць свае варыянты».

Калі Наста зірнула на прыклады тых, хто практыкуе хатнюю сямейную адукацыю або хоўмскулінг, зразумела, што гэта іх варыянт. Сям’я прыняла рашэнне не аддаваць дзяцей у школу.

«Часам людзі кажуць: «Я б хацела перайсці на хоўмскулінг, але не магу, бо працую». Калі бацькі спакойныя праз тое, што адвялі дзіця раніцай у школу, пайшлі працаваць і ўвечары пасля падоўжанкі забралі — добра. Для дзіцяці гэта будзе нашмат лепш, чым калі бацькі будуць разрывацца і нервавацца. Няма лепшага і горшага. Ёсць тое, што больш пасуе розным сем’ям, вось і ўсё, — разважае ўласніца школкі.

— Я лічу, што большасці людзей пасуе школа. Мы нічога ні ў каго не забіраем, нічога не даказваем, не пераманьваем на свой бок. Я кажу пра тое, што некаторыя маюць патрэбу ў хоўмскулінгу. Прычыны могуць быць розныя: часам дзіця не гатова да вялікай колькасці людзей, часам дзіця не гатова хадзіць у школу пяць разоў на тыдзень. Дзеці розныя, гэта нармальна».

Наста кажа, што адзіная магчымасць перайсці на хоўмскулінг у Беларусі — гэта займацца па індывідуальным плане. Ён прапісаны для таленавітых дзяцей, для дзяцей-спартоўцаў, якія часта ездзяць, і для дзяцей бацькоў, што часцяком бываюць у камандзіроўках.

«Адразу ўзнікае пытанне: таленавітае дзіця — гэта якое? Хто гэта вырашае? На маю думку, фармулёўку трэба пашырыць, каб бацькі маглі самі вырашаць, як ім адукоўваць дзяцей, — кажа Наста. — Я разумею, што гэтым могуць скарыстацца людзі, якія хочуць ніяк не вучыць сваіх дзяцей, але ж ёсць праверкі, сацыяльныя службы, атэстацыі».

«Тое, што хоўмскулеры абдзеленыя сацыялізацыяй — гэта абсалютны міф»

Калі афіцыйна шлях да нефармальнай адукацыі ўжо быў пракладзены, бацькі сталі думаць, які ж фармат навучання абраць: выкладаць самім, наняць рэпетытара ці аб’яднацца некалькімі сем’ямі і ўзяць настаўніка. Спыніліся на трэцім варыянце.

«Як паказвае практыка, дастаткова дзве-чатыры гадзіны заняткаў на тыдзень з рэпетытарам, каб прайсці праграму першых трох класаў. Гэта натуральна, таму што настаўніца займаецца персанальна з дзіцём. Калі ў класе 20-30 чалавек, колькі часу з тых 45 хвілін урока застаецца на кожнага? А што да пытання камунікацыі дзяцей, сацыялізацыі, якой усе палохаюць…

Ну якая сацыялізацыя ёсць у школе? Яна ідзе тады, калі дзіця кантактуе з іншымі дзецьмі. Гэта значыць, у школе дзеці сацыялізуюцца на перапынках, падчас фізкультуры і ў нейкіх камандных гульнях. На ўроках яны фактычна паміж сабой не камунікуюць. Таму тое, што хоўмскулеры абдзеленыя сацыялізацыяй — гэта абсалютны міф», — разважае ўласніца школкі.

«Мы не з’яўляемся школай, не выстаўляем адзнакі. Мы проста вучым і развіваем сваіх дзяцей»

«Школка на падворку» пачалася з антыкавярні «Сямейны падворак», дзе ёсць асобны дзіцячы пакой і дзе ў будні працуе няня. Калі «Школка на падворку» — альтэрнатыва школе, то «Сямейны падворак» — альтэрнатыва садку. Цяпер дзве гэтыя прасторы знаходзяцца насупраць, у некалькіх метрах адна ад адной. Побач вялікі ўнутраны двор будынка з дзіцячай пляцоўкай, на якой часцяком займаюцца альбо дурэюць у вольны час дзеці.

«Афіцыйна наша школка — гэта гурток. Мы не з’яўляемся школай, не выстаўляем адзнакі. Мы проста вучым і развіваем сваіх дзяцей, — дадае Наста. — Нам хапае прасторы для дзесяці дзяцей, але мы ўжо разумеем, што нам патрэбны асобная спартовая зала, асобны музычны кабінет. Таму, канечне, мы плануем пашырацца. Пакуль што дзеці дадаткова ходзяць на гурткі».

Наста кажа, што вучыцца ў школцы не нашмат даражэй, чым у школе, бо не трэба купляць вопратку, заплечнік, плаціць за падручнікі, сшыткі, здаваць на капрамонты, падарункі настаўніцам і настаўнікам на святы.

Цяпер тут адзінаццаць дзяцей ад 6 да 9 гадоў, якія займаюцца па праграме першага класа. У школку яны ходзяць па аўторках, серадах і пятніцах, заняткі цягнуцца ад 10 да 14 гадзін. Палова дзяцей налета пойдзе ў школы і гімназіі. Тым часам у школцы плануюць набраць яшчэ адну групу і весці ўжо дзве: па праграме першага і другога класаў.

«Калісьці на адной з лекцый па адукацыі мы пісалі, чаго хочам ад малодшай школы. Пішам, пішам, пішам і ў нейкі момант разумеем: 20 пунктаў і ніводнага пра прадметы. А што там? А там бяспека, спакойная абстаноўка, адсутнасць гвалту… І я для сябе зразумела канчаткова, што гэта аснова і база. Калі будзе гэта, тады ў дзіцяці будуць сілы і жаданне, каб нешта вывучаць. Бо калі дзіця губляе сілы на тое, каб перажываць, хвалявацца, старацца быць лепшым, то што тады застаецца на навучанне?», — даводзіць Наста.

Яна не баіцца, што яе дзеці штосьці недаатрымаюць. Жанчына кажа, што калі раптам ім будзе нечага не хапаць, яна гэта дасць сама.

«У нас пытаюцца: «А што вы будзеце рабіць праз пяць гадоў?» Я не ведаю, што мы будзем рабіць праз пяць гадоў. Цяпер у нас мэта — пачатковая школа. Мы яе скончым і тады будзем разумець, што далей», — падсумоўвае Наста.

«Дзеці проста шчаслівыя, яны з задавальненнем ідуць у школу»

У «Школцы на падворку» выкладае Любоў, у якой таксама падрастаюць двое дзетак. Падчас атрымання педадагічнай адукацыі Люба зацікавілася ў тым ліку альтэрнатыўнымі методыкамі і падыходамі да адукацыі.

«Першая і самая галоўная перавага хоўмскулінга, што бацькі цалкам свабодныя ў выбары зместу навучання. У школе толькі адна дзяржаўная праграма ад якой нельга адхіляцца, — тлумачыць настаўніца. —

Па-другое, навучанне ў маленькім сямейным класе нашмат больш прадуктыўнае і эфектыўнае проста за кошт таго, што менш дзяцей. Па-трэцяе, ты не абмежавана ў выбары вучэбнай літаратуры і можаш абіраць самыя прасунутыя вучэбна-метадычныя комплексы ды працоўныя сшыткі. Плюс ты сама абіраеш методыкі, можаш міксаваць класічнае навучанне з гульнявымі формамі. Напрыклад, рашаць прыклады па матэматыцы падчас скатвання з горкі. І як вынік, дзеці проста шчаслівыя, яны з задавальненнем ідуць у школу».

Пакуль мы размаўляем у двары, дзеці ездзяць побач на роліках, цяпер якраз вольны час. Перад гэтым у іх быў класічны ўрок, калі вучні сядзелі за партамі, а настаўніца стаяла ля дошкі. Праўда, клас тут не такі, як у школе: сталоў усяго некалькі і шмат прасторы для творчых заняткаў. Любоў кажа, што прастора — вельмі важны інструмент у навучанні, бо дазваляе прыдумляць незвычайныя формы ўрокаў, каб зацікавіць дзяцей прадметам.

«Прастора — якраз тая рэч, якую можна было б пачаць выкарыстоўваць у школе, напрыклад, зрабіць мабільныя парты», — зазначае настаўніца.

Частку заняткаў, тую ж матэматыку ці грамату, у школцы выкладаюць як у звычайнай школе. А вось «Чалавек і свет» дзеці вывучаюць у натуральнай форме, напрыклад, падчас шпацыру. На выяўленчым мастацтве Любоў раскладвае розныя прылады для малявання і хто хоча, той далучаецца. Прычым у гэты час настаўніца можа чытаць дзецям якую-небудзь кнігу.

Заняткі ў школцы доўжацца да 25 хвілін. На думку настаўніцы, больш трымаць дзяцей за партай папросту бессэнсоўна, бо далей яны не засвойваюць інфармацыю.

«Часам мы бяром падручнікі, сшыткі і ідзём на Свіслач. Там яны могуць гэтак жа рашаць матэматыку, толькі на дрэвах. Вынік той жа, але задавальнення нашмат больш», — дадае Любоў.

Для сваіх дзяцей Любоў пакуль што разглядае толькі такі варыянт адукацыі. Хоць і дапускае, што ў будучыні можа штосьці змяніцца.

«На сярэднюю школу многія глядзяць са страхам: а як там? Можа, трэба вярнуцца ў школу? Мне здаецца, наадварот. Якраз у сярэдняй школе ў дзяцей з’яўляюцца пэўныя цікавасці, якія застаюцца на ўсё жыццё. Хоўмскулінг дае магчымасць паглыбіцца ў іх, бо ў дзяцей шмат вольнага часу, — кажа настаўніца. —

Прычым не трэба наймаць 14 настаўнікаў па ўсіх прадметах. Я дакладна змагу даць беларускую і рускую літаратуру, беларускую і рускую мовы, гісторыю, ЧГД, геаграфію. Гэта мая кампетэнцыя. Можа быць, асобна будзе фізіка, хімія і біялогія, асобна — англійская мова. У мяне ўвогуле няма страху, што я штосьці згублю, калі маё дзіця не пойдзе ў школу. Калі я бачу, што магу зрабіць эфектыўней і цікавей, чаму б не зрабіць?»

«Цяперашняя сістэма адукацыі цалкам зжыла сябе»

Мама адной з вучаніц кажа, што адукацыю ў звычайнай школе яны нават не разглядалі.

«Я лічу, што цяперашняя сістэма адукацыі цалкам зжыла сябе. Проста няма сэнсу столькі жыцця губляць на тое, каб сядзець у школе і чакаць, пакуль адкажуць іншыя дзеці. У мяне дачка вельмі матываваная ў навучанні. Ёй цікава дазнавацца новае, чытаць, пісаць, таму я не баялася паспрабаваць гэты варыянт, — тлумачыць Жэня. —

Некаторыя кажуць, маўляў, лепш бы аддалі ў звычайную школу, і дзіця б усяму навучылі бясплатна. Але пры гэтым яны не ўлічваюць мінусы звычайнай школы. Дзіця ў сем гадоў не можа сядзець столькі часу на адным месцы. Вельмі шмат матэрыялу, які падаецца нецікава, але яго прымушаюць вучыць і патрабуюць вынік. У дзіцяці ў першыя месяцы школы прыходзіць разуменне, што цяпер увесь час трэба будзе вось так сядзець і адказваць на непатрэбныя пытанні».

Настасся Роўда, фота Сяргея Гудзіліна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера