Знайсці
02.05.2017 / 18:4847РусŁacБел

Мітрапаліт Кандрусевіч абурыўся «аўтазакамі» на царкоўных мерапрыемствах

Фота Радыё Свабода

Кіраўнік беларускага Каталіцкага касцёла, мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч выступіў з дакладам у Акадэміі кіравання пры прэзідэнце, у якім ён закрануў некалькі праблем суіснавання Касцёла і дзяржаўнай улады.

У сваім дакладзе мітрапаліт Кандрусевіч закрануў праблему аховы царкоўных мерапрыемстваў.

«Бяспека грамадзян, нашых вернікаў, падчас святочных масавых набажэнстваў важная для ўсіх, як Касцёла, так і дзяржавы. Аднак сітуацыя, якая ўзнікла сёлета падчас святкавання Вялікадня ў Мінску, зусім не спрыяла настрою галоўнага хрысціянскага свята.

Першае, што пабачыла святочная Пасхальная працэсія, выходзячы з катэдральнага касцёла, гэта спецаўтамабіль ля яго ўваходу — так званы «аўтазак».

«Відавочная прысутнасць гэтых спецаўтамабіляў на далейшым шляху працэсіі стварала настрой напружанасці, недаверу да народа, які мірна праслаўляў ўваскрослага Хрыста.

Дзяржава і Касцёл павінны навучыцца сумесна і прафесійна выпрацоўваць такі план дзеянняў падчас арганізацыі вялікіх касцёльных мерапрыемстваў, які будзе спрыяць рэлігійнаму святкаванню, а не ўскладняць або нават перашкаджаць у яго правядзенні», — мяркуе царкоўны іерарх.

Неразуменне Тадэвуша Кандрусевіча выклікала і патрабаванне некаторых аддзелаў ідэалогіі прадстаўляць праграму навучання Катэхізісу ў нядзельных школах і спісы дзяцей, якія іх наведваюць.

«Гэта ні што іншае, як умяшанне ва ўнутраныя справы Касцёла і неадпаведнасць закону аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацый, — мяркуе мітрапаліт. — Якая мэта такіх патрабаванняў? Праверыць прававернасць навучання дзяцей? Дазвольце спытаць: «А суддзі хто?» Хто з супрацоўнікаў ідэалагічных аддзелаў скончыў каталіцкі, праваслаўны, юдэйскі, мусульманскі ці пратэстанцкі ўніверсітэт?»

«Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі падрыхтавала адпаведныя падручнікі, якія мы выкарыстоўваем для катэхізацыі дзяцей. Яны афіцыйна зацверджаныя касцёльнай уладай і выдадзеныя. Ніхто нічога не хавае і нікога не вучыць патаемна».

«Гэта не адзіная праблема ў адносінах з мясцовымі органамі ўлады. Часта ў розных раёнах ставяцца розныя патрабаванні да прадстаўлення інфармацыі аб дзейнасці рэлігійных арганізацый», — мяркуе ён.

Тадэвуш Кандрусевіч таксама выказаў заклапочанасць тым, што бязвізавы рэжым не закранае святароў.

«Але немагчыма загадзя ведаць пра ўсіх святароў, якія захочуць наведаць Беларусь як турысты. Такі святар прыходзіць у касцёл і просіць дазвол у пробашча цэлебраваць святую Імшу. Што павінен рабіць пробашч? Паводле закону — адмовіць.

Складваецца парадаксальная сітуацыя, калі замежны святар можа прысутнічаць на Імшы як вернік, але, калі стане па іншы бок алтара і ўзначаліць літургію, адначасова ён становіцца парушальнікам закону. У якім жа святле замежны святар будзе распавядаць пра Беларусь за мяжой?

Калі мы хочам, каб за намі замацаваўся пазітыўны імідж, гэту норму трэба як мага хутчэй адмяніць, бо яна не адпавядае патрабаванням часу. Я не ведаю ніводнай краіны ў свеце, дзе існуе падобная норма, калі замежны святар павінен прасіць дазвол ва ўлады на цэлебрацыю святой Імшы.

Хоць за апошнія 25 гадоў колькасць беларускіх святароў павялічылася значна — з 60 да амаль 400, тым не менш нам яшчэ патрэбна дапамога святароў з-за мяжы. Гэта дапамога патрэбна і Праваслаўнай Царкве, а таксама іншым веравызнанням.

У той жа час узгадненні на працу святароў з-за мяжы даюцца не заўсёды, а калі даюцца, то апошнім часам найчасцей толькі на шэсць месяцаў або нават на тры.

Гэта не спрыяе нармальнай працы святара, а адпаведна і душпастырству, духоўнай фармацыі людзей, а асабліва моладзі, з усімі наступствамі, якія адсюль вынікаюць.

Мы клапоцімся пра мясцовыя пакліканні, але гэта патрабуе часу. Дэмаграфічны крызіс, аднак, таксама негатыўна ўплывае на колькасць пакліканняў. Гэта можна параўнаць з адукацыяй у ВНУ. Нездарма дзяржавай было агучана рашэнне, што на педагагічныя спецыяльнасці будуць прымаць без экзаменаў. Ці хто мог бы ўявіць сабе такую сітуацыю яшчэ дзесяць гадоў таму? Напэўна, не. А сёння гэта рэчаіснасць.

Па невядомай прычыне Беларусь чамусьці баіцца замежных святароў. Але колькі касцёлаў ўжо пабудавана і будуецца дзякуючы ім! Колькі пастырскіх і дабрачынных праграм ажыццявілі і далей ажыццяўляюць гэтыя святары!

«Горка за краіну»: мітрапаліт Кандрусевіч заклікаў цывілізавана вырашыць праблемы дэкрэта №3

Мітрапаліт Кандрусевіч у заяве з нагоды падзей 25—26 сакавіка заклікаў да ўзаемнага прымірэння

Тадэвуш Кандрусевіч выступіў у абарону Курапатаў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930