Маштабны апоўзень на Замкавай гары ў Навагрудку пагражае вежы ФОТА
Зямля папаўзла па ўсім усходнім схіле Замкавай гары ў Навагрудку — гэта той, які над Фарным касцёлам. У выніку пасунулася зямля і пад нядаўна рэканструяванай Касцельнай вежай.
Гэтае фота зрабіла Таццяна Царук:
Апоўзні на горах бываюць выкліканыя дзейнасцю чалавека або зменай кірунку грунтовых вод. Змагацца з імі няпроста. Нагадаем, што гэтай зімой зямля папаўзла і на Замкавай гары ў Вільні. Там апоўзень быў выкліканы бяздумнай высечкай дрэваў і кустоў на схілах.
Праект умацавання Замкавай гары і вежы ў Наваградку, які быў ажыццёўлены ў 2013—2014 гадах, распрацоўваў «Гроднаграмадзянпраект». Апошні апоўзень азначае, што праект аказаўся няўдалы.
«Мы праводзілі сваё геалагічнае даследаванне, — расказваў «Нашай Ніве» тады яго галоўны інжынер Рышард Кацынель. — Па яго выніках мы распрацавалі праект умацавання схіла бура-ін’екцыйнымі сваямі — па-іншаму гэта зрабіць было немагчыма. А ўжо металічная канструкцыя для ўтрымання вежы будзе трымацца на буранабіўных сваях. Бетанавалі зімой, але раствор закачвалі пад зямлю, таму гэта не патрабавала адмысловых прысадак. Сваі добра трымаюць грунт», — сцвярджаў тады Кацынель.
Зараз, пасля апоўзню, патрэбны пастаянны маніторынг стану вежы, маніторынг прасадак па гарызанталі, адхілення вежы ад вертыкалі. Сітуацыя патрабуе неадкладных крокаў.
Хочацца, каб беларусы захавалі для ўнукаў вежу Наваградскага замка такой, якой мы бачым яе цяпер, а не крушню пад гарой.
Навагрудскі замак стаіць на адным з самых высокіх узгоркаў краіны — 323 м над узроўнем мора. Калі стаіш на гэтай гары, перад вачыма рассцілаюцца прасторы.
Навагрудак (Наваградак) быў першай сталіцай Вялікага Княства Літоўскага, рэзідэнцыяй Міндоўга. Замкавая гара з вежамі — гэта адзін з самых знакамітых беларускіх краявідаў. Мураваны замак тут паўстаў у XIV—XV стст.
З Навагрудкам і замкам звязаныя пачаткі гісторыі Вялікага Княства Літоўскага — магутнай беларуска-літоўскай дзяржавы, у якой наш народ перажыў свой Залаты Век.
Рэканструкцыя вежы ў свой час выклікала вялікія спрэчкі.