Знайсці
19.04.2017 / 10:0824РусŁacБел

На партрэце Радзівіла рэнтгенам выявілі замаляваныя масонскія рэгаліі

Пад партрэтам князя Дамініка Радзівіла, які захоўваецца ў Наўгародскім дзяржаўным музеі-запаведніку выявілі другі, загадкавы партрэт, паведамілі ў музеі, перадае сайт vnovgorode.ru. 

Нечаканае адкрыццё стала вынікам амаль пяцігадовых даследаванняў партрэта, якія праводзіла старшы навуковы супрацоўнік ДМЗ, захавальнік фонду выяўленчага мастацтва Вікторыя Карпава.

Партрэт Дамініка Гераніма Радзівіла (Daminik Hieranim Radzivił). Невядомы мастак, XIX ст. Музей выяўленчых мастацтваў Наўгародскага музея-запаведніка.

Паводле інфармацыі Карпавай, партрэт невядомага мужчыны, які не меў аўтарства і дакладнай даты напісання, паступіў у музей у 1947 годзе. На шматметровым партрэце яго герой быў намаляваны ў цёмных вопратках з французскімі ордэнамі.

Паводле легенды, на партрэце быў намаляваны знакаміты магнат Дамінік Геранім Радзівіл (1786—1813 гады). Аднак навуковых пацвярджэнняў гэтай гіпотэзы на той момант не было.

У выніку даследаванняў Вікторыя Карпава выявіла, што на палатне сапраўды намаляваны Радзівіл. Пры гэтым супрацоўніцы ўдалося цалкам прасачыць лёс карціны.

Да 1939 года партрэт знаходзіўся ў Нясвіжскім замку Радзівілаў. Пасля далучэння Заходняй Беларусі да СССР партрэт апынуўся ў Дзяржаўнай карціннай галерэі БССР. У гады Другой сусветнай вайны акупанты вывезлі палатно ў Германію. Пасля вяртання з-за мяжы партрэт апынуўся ў сховішчы ў горадзе Пушкін, адкуль і трапіў у Ноўгарад.

7 сакавіка 2015 года партрэт прайшоў рэнтгенаграфічнае даследаванне. Рэнтгенаўскія здымкі былі зробленыя ў абласной клінічнай бальніцы. Усяго было зроблена 12 вялікіх здымкаў. Дзякуючы ім, навукоўцы высветлілі, што пад бачным воку партрэтам Радзівіла знаходзіцца яшчэ адзін.

Кампазіцыя першапачатковага партрэта, схаванага пад новымі пластамі фарбы, значна адрозніваецца ад таго, што бачаць гледачы цяпер. Князь на замаляваным партрэце выяўлены ў плашчы і, мабыць, у масонскім фартуху.

Замест французскіх ордэнаў, якімі Радзівіл быў узнагароджаны падчас вайны 1812 года, на грудзях героя выявіўся масонскі сімвал «палымяная зорка» з так званым «ключом усяведання». На партрэце таксама намаляваныя калона і пакуль не зразумелы прадмет — меч або жазло.

Калі і навошта быў перапісаны партрэт, на дадзены момант застаецца загадкай для навукоўцаў.

Карпава не выключае, што змены ўнёс першапачатковы аўтар партрэта, аднак не выключана таксама і тое, што ў партрэта былі ўсё-ткі два аўтары.

Для Вікторыі Карпавай відавочна, што змены ў партрэт былі ўнесены, каб схаваць масонскую сімволіку. Магчыма, гэта адбылося пасля таго, як імператар Аляксандр I ў 1822 годзе выдаў указ аб забароне тайных арганізацый і, у прыватнасці, масонскіх ложаў.

Аднак, як лічыць Карпава, малюнак напалеонаўскіх ордэнаў, атрыманых Радзівілам у вайне з Расійскай Імперыяй і яе саюзнікамі, гэтак жа, як і малюнкі масонскіх знакаў, былі свайго роду смелым выклікам грамадству.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера