Знайсці
18.04.2017 / 19:3827РусŁacБел

Жонка ратавальніка Дундукова: «Калі Андрэя арыштавалі, сын хаваўся пад ложак і пытаўся, ці яго таксама арыштуюць злыя дзядзі»

Яшчэ месяц таму Ганна Дундукова не магла ўявіць, як скончыцца чаканы сямейны адпачынак ва Украіне. Яе мужа, супрацоўніка МНС, затрымалі на беларуска-ўкраінскай мяжы 22 сакавіка і пад вартай вярнулі ў Мінск.

Фота з сямейнага архіва

Пакуль Ганна даведалася, дзе знаходзіцца муж, трэкер зафіксаваў 60 000 крокаў. Аказалася, што Андрэю Дундукову было выстаўленае абвінавачанне ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў, а Ганна без грошай (канфіскаваных падчас ператрусаў і затрымання мужа) і сталай працы засталася разам з трохгадовым сынам Міраславам чакаць мужа. За няпоўны месяц яна страціла 7 кілаграмаў, вывучыла правілы прыёму перадач у СІЗА КДБ і на Валадарцы і разам з сынам піша лісты тату, які «пайшоў у горы».

Пасля арышта мужа сын хаваўся пад ложак і пытаўся: «Ці за мной таксама прыйдуць і забяруць?»

«Калі Андрэя забралі, Міраслаў [трохгадовы сын Андрэя і Ганны Дундуковых — НН] вельмі моцна перажываў. Ён вельмі доўга кепска спаў і нават адмаўляўся есці. Ён увесь пайшоў у тату і не паказвае, што яму кепска. Прыйшлося адвезці яго да бацькоў у Брэст. Там яму было лепей, бо мне даводзілася выбягаць а 7-й ранку з хаты і вяртацца позна дадому.

Фота з сямейнага архіва

Цяпер кажу сыну, што тата проста пайшоў у горы. Бо калі ад пачатку справы аднойчы сказала, што тата за кратамі, Мірык пачаў хвалявацца і пытацца: за што тату пасадзілі ў нейкую клетку? Ці за ім таксама не прыйдуць, каб арыштаваць, тыя злыя людзі? Ён хаваўся пад ложак. А калі сказала, што тата пайшоў у горы, бо Андрэй часта хадзіў у горы, Мірык нават узрадаваўся. Цяпер пішам разам яму лісты і нават малюнкі робім. Міраслаў вельмі чакае, што тата хутка вернецца з тых гор. Спадзяюся, што мужа хутка вызваляць, бо цяжка будзе нешта потым казаць».

«Муж зарабляў, а я падпрацоўвала — варыла мыла»

«Андрэй адзіны, хто зарабляў грошы ў сям’і, быў адзіным кармільцам. Я толькі падпрацоўвала, але гэта не тыя грошы, на якія можна жыць. Муж казаў, што гэта толькі справа, каб не звар’яцець, бо да дэкрэту я працавала дызайнерам-афарміцелем гандлёвых памяшканняў. Камандзіроўкі, падарожжы… А калі нарадзіўся Мірычак, я выйшла ў дэкрэт, і каб кудысьці скарыстаць сваю энергію, вырашыла займацца мылам.

На сталую працу я выйсці не магу, бо Мірык заўжды са мной. У садок яго ўзяць не хочуць, бо ў адным месцаў няма, а ў іншым — два дні ходзіш, а потым хварэе сын некалькі тыдняў. Браць на працу маці з малым сынам таксама асабліва ніхто не хоча. Сітуацыя няпростая, асабліва пасля таго, як падчас ператрусу ў нас канфіскавалі ўсе грошы».

Убачыла ў сястры мыла з кавай і зацікавілася, як яны туды каву запіхнулі

«Як я зацікавілася мылам? Гэта пачалося некалькі гадоў таму. Проста прыйшла да сястры ў госці і пабачыла фабрычнае мыла з дадаткамі кавы. Адразу зацікавілася, як яны яго туды запіхнулі. Пачала чытаць у інтэрнэце пра гэтую справу. Так і пачалося неяк.

Потым на народзіны Андрэй падарыў першы набор для мылаварэння. Ён заўжды мяне падтрымліваў і дапамагаў, ніколі не смяяўся, што я мылавар. Калі паўстала пытанне, выходзіць на сталую працу пасля дэкрэту ці працягваць мылаварэнне, шмат хто казаў: «у цябе пенсіі не будзе», «што гэта за справа такая?», а Андрэй падтрымліваў, на пошту пастаянна хадзіў, каб даслаць замовы. Нават у цяжкія часы крызісаў, калі ледзь у нуль атрымлівалася выйсці. У нашай «мыльнай» суполцы «УКантакце» больш за дзевяць з паловай тысяч падпісчыкаў. Нашая справа называецца «Дрэва». Доўга думалі, як назваць на беларускай мове, каб не было «мыльнай феі» ці «мыльных казак».

Андрэй заўжды казаў, што хоча вялікую бараду, каб быць яшчэ больш мужным

«Пакуль некалькі месяцаў таму не пераехалі ў Мінск, два гады Андрэй жыў на два гарады. Пакуль мы з Мірыкам жылі ў Бабруйску, ён амаль увесь гэты час не спаў. Так працаваў у Мінску, дзяжурыў суткі, а потым ехаў да нас у Бабруйск і назад. Жахлівы быў час, бо муж вельмі стамляўся, прыязджаў пасля працы дадому, а там я з малым ды са сваім мылам. Калі мы пераехалі ў Мінск, ён хоць пачаў трошкі спаць.

Андрэй — вельмі мужны, вобраз сапраўднага мужчыны. Я яму пастаянна паўтараю: «Ад цябе цягне тэстастэронам за кіламетр». Ён заўжды казаў, што хоча вялікую бараду, каб быць яшчэ больш мужным. Куды яму яшчэ больш мужным, палохацца людзі будуць!

Фота з сямейнага архіва

Яго многія людзі ведаюць па працы. Сябры ведаюць па справах, а я яго ведаю трошкі іншым. Ён гэта не афішуе, але ён вельмі клапатлівы і рамантычны. Калі я хварэю, заўсёды мне гарбатку зробіць, лекі прынясе, па галаве мяне гладзіць пяшчотна і кажа: «Ух ты, мая маленькая дзевачка». Калі ў мяне сезон працоўны, пытаецца: «Чым я магу дапамагчы табе?» Ён вельмі рамантычны, але ніколі не гаворыць пра гэта і толькі мне паказвае. Нават з лістоў гэта відаць.

Муж не ведае, што лісты друкуюцца. Спадзяюся, што ён не будзе крыўдзіцца, калі людзі будуць ведаць яго не толькі як мужнага чалавека.

Калі я атрымала ад мужа першы ліст, то адчула палёгку. Я шмат плакала і смяялася, бо ў яго цудоўнае пачуццё гумару, нават у складаных абставінах. Ведаю, што ён вельмі перажывае за сына цяпер. У іх надзвычайная сувязь добрая з першых дзён. Андрэй неяк пытаўся: «Ці ты зайздросціш нам?» Але я, наадварот, радуюся, што ў мужа з сынам такія адносіны. Мірык — такая маленькая копія Андрэя. У іх нават аднолькавыя інтарэсы і захапленні — горы, лес, экстрым.

Фота з сямейнага архіва

Сын пастаянна просіць: «Тата, хадзем у лес», «хадзем на горку», «хадзем вогнішча паліць».

У Андрэя пэўная адрэналінавая залежнасць, ён любіць скакаць, роўпджампінгам займацца, спусціцца пад ваду, пажары… Вось і малы такі расце. Як кажа Андрэй — дадасць ён маме сівых валасоў. Я такіх экстрэмальных захапленняў не маю. Праўда, абяцала мужу, што пойдзем улетку ў горы. Муж мяне трэніраваў, каб я была мацнейшая і здолела пайсці, бо пасля цяжарнасці была вельмі кволая. Сыну абяцалі, што паедзем разам у горы, і я спадзяюся, што пойдзем у горы насамрэч».

Другі ліст быў сумным, доўга не магла яго дачытаць з-за слёз

«Другі ліст я атрымала пасля ператрусу, калі ўжо зразумела, што Андрэя не адпусцяць. А ўсё, што спрабуюць зрабіць цяпер — сфабрыкаваць справу. Я памятаю свае пачуцці ў момант пасля ператрусу. Я адправіла вельмі сумны ліст, і ён адказаў, што «я тут застануся». Ён быў не спалоханы, але нейкі згублены больш… Муж не разумеў, як так атрымалася. Мабыць, цяпер, калі месяц амаль прайшоў, нешта зразумеў.

Трошкі непакоюся, што ўжо паўтара тыдня Андрэй не атрымлівае мае лісты. Я лістую штодня, а атрымала толькі 1, 2, 3, 4 і 7. Дзе пяты і шосты, нават не ведаю».

За месяц схуднела на 7 кілаграм

«Цяпер пераязджаем на новую кватэру да нявесты Міраслава Лазоўскага. Буду жыць з сяброўкай, якая аказалася ў такім самым становішчы, як і мы. Мы даўно сябруем. Нашыя хлопцы вельмі радуюцца, што мы будзем жыць разам жаночай грамадой, амаль як бельгійскія жанчыны падчас крыжовых паходаў.

Так атрымалася, што на той кватэры, дзе я жыву, проста нічога не магу рабіць. Прыязджаюць сябры, мяне варушаць, намагаюся прыходзіць так, каб проста прыйсці і легчы спаць. Усведамленне, што ты адна ў гэтай кватэры — жудаснае. Адной быць вельмі цяжка.

Як месяц прайшоў? Схуднела на 7 кілаграм. Я заўжды была худзенькая, але цяпер вага ўпала да крытычнай, намагаюся есці, але няпроста гэта. Вельмі дапамагаюць бацькі ў гэты момант. Яны адразу сказалі: «Не хвалюйся, мы побач. Разумеем, што за справа». З сынам дапамагаюць моцна. Міраслаў дагэтуль амаль не ўмеў размаўляць. А цяпер прыходзіць, гладзіць мяне па галаве і кажа: «Не хвалюйся, я не дам цябе ў крыўду». Калі нас пасля затрымання на мяжы везлі ў Мінск, Андрэй сказаў сыну: «Ты толькі маці не давай у крыўду!» І малы, відаць, пераняў гэтую мужнасць».

Бачу салідарнасць ад людзей, якіх раней нават не ведала

«Адчуваю падтрымку з самых першых дзён пасля арышту мужа. Тэлефануюць сябры, гуляюць з малым, намагаюцца нават пакарміць мяне, возяць па справах і чакаюць. Сёння людзі, якіх раней нават не ведала, прыедуць дапамагчы перавозіць рэчы на кватэру. Прыемна бачыць, што ўсім сем’ям, якія патрапілі ў бяду, дапамагаюць, якая шырокая салідарнасць нечакана з’явілася.

Фота з сямейнага архіва

Да слёз здзівіла ініцыятыва лідара «Старога Ольсы» Змітра Сасноўскага. Мы трошкі знаёмыя, я з ім асабіста бачылася некалькі разоў, а Андрэй яго вельмі добра ведае. На некалькі год лёс моцна сутыкнуў іх, і яны нешта рабілі разам, хутар прыводзілі ў парадак. Гэта вельмі мужны ўчынак, бо за салідарнасць у Беларусі можа адбыцца ўсякае».

Гэты фільм [«расследаванне» БТ — «НН»] я паглядзела ўначы. Гэта была мая вялікая памылка

«Не трэба было яго глядзець. Мяне вельмі напужаў стан Андрэя Комліка-Ямаціна. Я яго ведаю даўно, гадоў шэсць ці сем, і ён зусім іншы ў жыцці, ён не так размаўляе, не так сябе паводзіць, здаецца, ён увогуле казаў нейкую лухту… Не было чуваць, якія пытанні яму задавалі, на якія адказваў. Тое, што гэты фільм паказалі, гэта не проста кепска, гэта проста лайно. Спадзяюся, мы яшчэ паглядзім гэты фільм і пасмяёмся.

Я асабіста адпачывала ў гэтым лагеры 6 год. Яны працавалі з года ў год на ўзроўні бабруйскай адміністрацыі, на базе цэнтра дзіцячай творчасці.

Там былі дзеткі з сем’яў, дзе няма маці ці таты, каб яны не цягаліся па вуліцы, бо Бабруйск не самы спакойны горад. Многія дзеткі пасля тых летнікаў ішлі ў вайскоўцы і цяпер займаюць добрыя пасады. Мікола стараўся зрабіць з дзетак нешта прыстойнае, а што цяпер выходзіць? Ён казаў ім пра любоў да радзімы, пра добрыя каштоўнасці, а атрымліваецца, што рыхтаваў тэрарыстаў?

Туды нават бацькі часам прыязджалі, быў час, калі нават намёта не было дзе паставіць. З дзеткамі малымі прыязджалі. Фотаздымкі і інфармацыю пра яго ніхто не хаваў. З вайсковага там была толькі форма, але як яшчэ ў лесе апранацца?

Прапагандавалі здаровы лад жыцця. Калі дзесьці знаходзілі акурак, то хавалі яго па традыцыі з сумнымі спевамі глыбока-глыбока. Вайсковага чагосьці там было мала. Над летнікам ажыццяўляўся велізарны кантроль, бо многім хлопцам-удзельнікам было 16 гадоў. Усе вельмі чакалі гэтых летнікаў. Яны нават дапамагалі ветэранам і сталым людзям».

Аднойчы ў вёсцы нашай быў пажар, дык Андрэй сеў на ровар і панёсся на дапамогу

«Людзям, якія ведаюць Андрэя, цяжка ў гэта паверыць, бо ён сем год працаваў ратавальнікам і заўжды спяшаецца на дапамогу, як што здараецца ці аварыя на дарозе бывае.

Аднойчы ў вёсцы нашай быў пажар, дык ён сеў на ровар і панёсся на дапамогу, бо ў яго быў велізарны досвед. Апошнім часам яго вельмі цікавіла медыцына. Ён хацеў для душы адвучыцца на фельчара. Некалькі месяцаў таму адбылося здарэнне. Наш сын з’еў яблык, і раптоўна ў яго пачаўся ацёк Квінке. Я была ў шоку і не ведала, што рабіць, а Андрэй імгненна паклаў сына і выклікаў хуткую. Цяпер піша мне ў лістах, што «ўжо наўрад ці атрымаецца быць вайскоўцам, як тата і дзед, але, мабыць, буду медыкам, як маці і бабуля». Для мужчыны гэта, канечне, няпроста».

У пятніцу прынесла мужу перадачу, а гавораць, што яго няма

«Я спыталася, няўжо адпусцілі? У КДБ такая адметнасць, што яны не адказваюць ніколі, не даюць інфармацыі. Толькі чалавек, які прымаў перадачу, параіў «паглядзіце побач». Я прыйшла на Валадарку потым, і там сказалі, што Дундукоў у іх. Там трошкі прасцей было, бо ў КДБ нічога не кажуць і твары ва ўсіх такія «адпаведныя».

Памятаю, як першы раз прыйшлі перадаваць перадачу пяць напалоханых дзяўчын. Ва ўсіх рукі трасуцца, не ведаем, што рабіць. Толькі разабралася і прыстасавалася да ўмоў, як мужа перавялі на Валадарку.

Андрэй кажа, што там кепскае харчаванне і зусім не хочацца есці. Ён заўжды быў добра загартаваны і ў файнай форме, а з такімі ўмовамі падтрымліваць яе будзе цяжка. Цяпер стараемся перадаваць нешта смачнае, напрыклад, сала ці гародніну. Муж вельмі любіць гародніну, і яму будзе цяжка без яе. Кажа, што трошкі пачаў займацца фізічнымі практыкаваннямі падчас шпацыраў».

Цуд на Вялікдзень

«На Вялікдзень паехалі да бацькоў у Брэст. Была ў дрэнным настроі і нічога рабіць не магла, але зазірнула ў паштовую скрыню, і там былі адразу чатыры лісты. Адзін нават вялікі, і ў ім трошкі інфармацыі, што яго перавялі. Нават паштовачку нам намаляваў да свята! Такі цуд на Вялікдзень.

Я з першага дня чакаю вызвалення мужа. Спачатку чакала, што на першыя суткі вызваляць, потым чакала на трэція, потым на 10 дзён, а цяпер тэрмін перанёсся на два месяцы. Але ведаю, што людзей яны цяпер проста так не могуць вызваліць. У нашай дзяржаве могуць любую рэч павярнуць супраць чалавека, зняць фільм ці яшчэ што».

Мы чакаем усіх, бо калі ўсе выйдуць, а застанецца нехта адзін — гэта будзе яшчэ цяжэй

«Я як мама вельмі радуюся, што Дашкевіча вызвалілі і ён вярнуўся да Насты і двух дзетак. Але, канешне, мы перажываем, што застаюцца за кратамі і некаторыя знаёмыя, і зусім незнаёмыя людзі. Кожны чакае свайго, але мы чакаем усіх, бо калі выйдуць усе, а застанецца нехта адзін — гэта будзе яшчэ цяжэй.

Быў момант, калі я нічога не хацела, проста ляжала і ні з кім не размаўляла. Быццам праходзіш пяць стадый прыняцця непазбежнага. Першыя з іх дэпрэсія і гнеў, у мяне яны праходзілі адначасова. Апошняя з іх — змірэнне. Але як тут змірыцца? Сядзець і чакаць? Гэта будзе азначаць, што я паклала рукі на каленкі і ўсё, але вельмі хочацца зрабіць для яго нешта.

Фота з сямейнага архіва

Зміцер Хведарук, фота Ірыны Арахоўскай

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера