Знайсці
18.04.2017 / 12:218РусŁacБел

Віктар Марціновіч. Як быць добрым грамадзянінам

Адной з базавых штучак, неабходных для камфортнага жыцця, з’яўляецца дакладнае разуменне мяжы, пераступіўшы якую, ты трапляеш пад раздачу. Раней мяжа была выразна акрэсленая: «не лезці ў палітыку».

Зразумела, што кожны грамадзянін, які спрабаваў быць «добрым», трактаваў тое «не лезці» ў меру сваёй баязлівасці. Для кагось «не лезці» азначала не вылучацца ў прэзідэнты, бо колькі ўжо іх перасаджалі, тых кандыдатаў. Для кагосьці — не толькі не ўваходзіць у перадвыбарчыя штабы, але нават не сябраваць з тымі, хто «пайшоў», не размаўляць з імі па тэлефоне, не пісаць «палітычных статусаў» у сацыяльных сетках, не каменціць, не лайкаць, адфрэндзіцца.

Паняцце «палітыкі» тым часам рабілася ўсё шырэйшым. Як «палітыку» пачалі трактаваць енкі пра падвышэнне пенсійнага ўзросту, скаргі на нізкія заробкі і беспрацоўе. Але ўсе трывалі, не лезлі. Маўчалі. Не пісалі. Не згадвалі. Не сябравалі. Адфрэнджваліся. Калі рабілася немагчыма — лезлі на вежавы кран і расказвалі пра сваё гора адтуль. Кшталту мы не на плошчы, мы ў паднябессі, таму не карайце нас, а?

Чым адметная вясна 2017-га, дык гэта тым, што папярэдняе вызначэнне «добрага грамадзяніна», якому «няма чаго баяцца», болей не працуе.

Вось узяць хлапцоў, пра якіх на БТ паказалі бульба-хорар. Я наўмысна не буду называць гэта «справай Белага Легіёна», бо Белага Легіёна, як мы ведаем з медыяў, не існуе больш за 10 гадоў. Не буду я называць затрыманых і фігурантамі «справы патрыётаў», каб не ўводзіць у зман сваіх замежных чытачоў. Бо, ведаеце, гэта ж толькі ў нас «патрыётам» завецца той, хто любіць Радзіму. У сучаснай англійскай мове «патрыёт» — той, хто лічыць, што мексіканцаў трэба дэпартаваць за сценку на мяжы ЗША. У Нямеччыне «патрыётамі» называюць сябе людзі, што вераць у неабходнасць «ачышчэння» Еўропы ад мусульман. Мяркуючы па інтэрв’ю, ніхто з хлапцоў на шавінізм не хварэе. Таму адзіная назва, прымяняльная да гэтай справы, — «справа тых, хто любіць Радзіму».

Яны «не лезлі ў палітыку», болей за тое, публічна дэкларавалі, што калі спатрэбіцца бараніць незалежнасць, будуць дапамагаць існаму рэжыму. Дык чаму б ім не быць спакойнымі? Але не! Выявілася, што спакойным і ўпэўненым у заўтрашнім дні сёння не можа быць проста ніхто.

Уласна, пачуццё свідруючай трывогі тут узнікае ад таго, што ўся краіна ўсведамляе: узялі іх ні за што. Праз тэрміновую патрэбу паказаць па тэлебачанні страшнае.

Каб людзі спалохаліся і вярнуліся са сваімі праблемамі на вежавыя краны. І паколькі за дзесяцігоддзе выціскання людзей са сферы палітычнага ніякіх сапраўдных «ворагаў» унутры краіны не засталося, ворагаў трэба было імкліва прыдумаць. У строгай адпаведнасці са справамі 1920-х — 1930-х: «Маладняка» і «Саюза вызвалення Беларусі». Таму прыйшлі да тых, хто некалі быў у базах. Не вінаваты? Нічога не рыхтаваў? І што з таго? У краіне, дзе ролю следства бяруць на сябе ананімныя дыктары на ТБ, невінаватасць не мае аніякага значэння.

Але гэты допіс — не пра герояў прапагандысцкіх пужалак. Ён — пра нас з вамі, пра гледачоў. Што чухаюць цяпер патыліцы з думай, як жыць далей, каб па табе не праехаліся. Я спрабую вылучыць з падзей мінулых тыдняў нейкую новую канвенцыю, «правілы жыцця добрага грамадзяніна» і проста не магу. Не дапаможаце?

Ну вось, напрыклад, бізнесовец Кныровіч. Ён у палітыку не лез, не вылучаўся ў дэпутаты і толькі зрэдку, у межах піяр-суправаджэння сваіх бізнес-праектаў, дазваляў сабе пабурчаць на маднявых гарадскіх сайтах. Закрылі. Значыць, бурчаць на маднявых гарадскіх сайтах нельга. Але як разумець затрыманне бізнесоўца Арбузава? Бо ён якраз нічога нідзе не бурчаў, усведамляў і баяўся. Як вынікае з допісаў на буйных парталах, быў упэўнены ў тым, што з праваахоўнікамі пытанні вырашыў. Чыж, Авяр’янаў — вы бачыце сістэму? Я яе не бачу.

Бо яе насамрэч няма. Сярод бізнесоўцаў гэтымі днямі гуляе апокрыф пра «праскрыпцыі» — спісы тых, да каго даяры прыйдуць наступнымі. І рэч не ў тым, што фігуранты спісу ў нечым вінаватыя. Проста краіне патрэбныя грошы. Вось і ўсё.

Гэтыя два матывы — «патрэбныя грошы» і «патрэбныя відовішчы» — здольныя загнаць у вязніцу любога.

Займаешся ёгай? Канае пад мерапрыемствы, накіраваныя на падрыхтоўку да ўдзелу ў масавых мерапрыемствах. Збіраўся, сука, праслізгваць паміж шчытамі АМАПа! Не еў мяса? Вызнаваў дэструктыўную ідэалогію веганства? Пад следства за падрыў сельскагаспадарчай бяспекі дзяржавы! Разам з Данквертам! Не п’еш? Падазрона, хутчэй за ўсё шпіён! П’еш — алкаголік, пазбаўленне правоў кіроўцы і на прымусовае лячэнне ў ЛПП! Сын ходзіць у секцыю дзюдо? Гатовы баявік, рыхтуецца праломваць міліцэйскія шыхты (у фільме пра яго пакажуць кадры з Майдану і з праспекта ў 1996-м). Дома ёсць цукар? Алей? Шрубы і гайкі? Капец, чакай групы захвату!

Але і на тым баку шыхтоў таксама няма спакою.

Як вельмі трапна адзначыў адзін абазнаны чалавек, пацанчыкі з камерамі патрэбныя зусім не для таго, каб здымаць людзей, што злезлі з вежавых кранаў. Бо людзям гэтым хапае адной звіздзюліны дручком, каб вярнуцца на кран. Відэа патрэбнае для аналізу тых самых, з дручкамі. Каб, калі нехта завагаецца выконваць загад, своечасова выклікаць да начальства і разглядзець паводзіны на прадмет адпаведнасці статуту.

Сілавікі баяцца сілавікоў, чыноўнікі баяцца людзей, што злезлі з кранаў, людзі баяцца і чыноўнікаў, і сілавікоў — і з усім гэтым можна было б спакойна жыць (жылі ж дагэтуль!), калі б засталіся хаця б якія межы. Але бульба-хорары па ТБ і нуар-камедыі ў «СБ» патрэбныя якраз для дэманстрацыі: межаў болей няма, рабяты. Што б вы ні рабілі, як бы ні любілі краіну, дастаткова адной паперкі ад фрау, якая ніяк не вызначыцца, які акцэнт імітаваць, балтыйскі ці французскі (о, гэтае «провакатэўры»!), каб па вас праехаліся.

Прававую крыніцу турботнага перакосу вызначыць лёгка.

Праблема ў тым, што пакаранне ў нас аддзялілася ад правіны. Ты можаш быць «вінаваты» ў адным (бараніў Курапаты, удзельнічаў у мітынгу), а закрыюць цябе за іншае (рыхтаваў беспарадкі, лаяўся матам).

Больш за тое, ты можаш быць проста ні ў чым не вінаваты. Але паколькі краіне патрэбныя грошы і відовішчы, табе прыдумаюць і правіну, і пакаранне, каб толькі абшчыпаць і папужаць насельнікаў вежавых кранаў тваёй ёгай і тваім веганствам.

Калі ўлада збіраецца калі-небудзь згарнуць рэжым неаб’яўленай надзвычайнай сітуацыі, у якім няўтульна жыць ужо проста нікому, пачынаць трэба з вяртання простай узаемасувязі паміж злачынствам і адказнасцю.

Віктар Марціновіч, budzma.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930