Знайсці
19.04.2017 / 10:1739РусŁacБел

Аляксандр Белы: Самагон і крамбамбуля — не нацыянальныя напоі, наша — гэта крупнік і старка

Гісторык Аляксандр Белы падрыхтаваў да друку кнігу «Сакатала бочачка: праўдзівая гісторыя нашых напояў». Цяпер на пляцоўцы ulej.by працягваецца краўндфандынгавая кампанія на выданне кнігі. Сабрана ўжо больш за 50% ад неабходнай сумы. Кожны ахвотны можа дапамагчы, каб кніга пабачыла свет.

«Наша Ніва»: Якія самыя першыя алкагольныя напоі з’яўляюцца на тэрыторыі сучаснай Беларусі?

Аляксандр Белы:

Першымі алкагольнымі напоямі, як амаль ва ўсіх еўрапейскіх народаў на поўнач ад рымскага лімеса, былі піва і пітны мёд. Гэта напоі з самай глыбіні перадгісторыі, як бачна і з вельмі старой прыказкі: мёд-піва піў. Моцны алкаголь з’явіўся на тысячы гадоў пазней. З гісторыі піва і мёду кніга і пачынаецца.

«НН»: А што сабой уяўляе мёд: гэта тое, што называюць цяпер медавухай?

АБ: Не, пітны мёд — значна больш высакародны напой. У тыя «медавухі», што дзе-нідзе прысутнічаюць на нашым рынку, хіба што для паху дадаюць трохі мёду, і не факт, што натуральнага, прытым не ў якасці крыніцы для ферментацыі цукровых рэчываў у спірт, як у сапраўдным пітным мёдзе. І, канечне, ніхто не дадае ў тыя «медавухі» хмель, не вытрымлівае як след дабраджванне і іншых нюансаў тэхналогіі. 

У кнізе ёсць, дарэчы, раздел і пра вельмі цікавы гатунак пітнога мёду — дубняк — пітны мёд, які доўга вытрымліваўся ў дубовых бочках, як віскі або старка. Не ўпэўнены, што сучасны беларускі рынак гатовы да сапраўднага пітнога мёду, прынамсі, беларускай вытворчасці, хаця ў Польшчы і Літве гэты старадаўні напой заўжды мае пэўную долю рынку, можа, якія 2—3%.

У мёдзе «дарагія градусы», значна даражэйшыя, чым у піве, не кажучы ўжо пра гарэлку, а густу і сімпатый да гістарычнага і культурнага сімвалізму мёду, які дае яму спажыўцоў у краінах-суседзях, у беларускім грамадстве няма. Іх стварае толькі адукацыя, вернасць векавым традыцыям і рытуалам, якія ў нас перапыненыя даўно. Ва ўкраінцаў мёдаварэнне вельмі павольна, але адраджаецца, хаця і там гэты працэс моцна тармазіцца старой бюракратыяй. У нас жа, апроч неадукаванасці, дзейнічае яшчэ і вельмі высокі бюракратычны бар’ер. За 25 гадоў незалежнасці Беларусі не толькі не вернуты з нябыту ніводзін гістарычны напой, але нават не паўстала такое пытанне, такая задача ў грамадстве. Ні па адным напоі!

«НН»: Сённяшняе піва моцна адрознівалася ад таго, што пілі нашы продкі ў мінулым?

АБ:

Ну, якраз па піве розніца ў спажыванні была найменшая. Калі казаць пра сітуацыю прыкладна XV—XVII ст., дык усе пілі прыкладна адно і тое ж піва — слабое, каля 1,5—2,5 % алкаголю, каламутнае, якое вельмі хутка скісала, таму яго трэба было выпіць на працягу пары дзён пасля варкі. Адно што шляхта піла піва трохі лепшай якасці і значна часцей, паводле некаторых падлікаў — да 700 літраў штогод.

«НН»: Папулярная версія, што прычынай развалу Рэчы Паспалітай былі п’янкі і распуста магнатаў і шляхты. Хаця б часткова згодны з такім?

АБ: Згодны, нават не часткова, а ў значнай ступені! Пра гэта я не раскажу нічога новага, але мая кніга ў значна большай ступені датычыць таго часу, калі Радзіму ўжо прапілі і пачыналі балюча працвярэжвацца, — ХІХ ст. Дарэчы, ліцвінская гастранамічная традыцыя, і ў тым, што датычыць яе знакавых страў і знакавых напояў, сфармавалася не за часамі Рэчы Паспалітай, а менавіта пад уладай Расійскай Імперыі, у яе нетрах.

Жаночыя вобразы ў гэтай кнізе займаюць цэнтральнае месца. Маладая дзяўчына з вясельнай песні «Сакатала Бочачка», якая і дала назву ўсёй кнізе; какетка Тэлімена, за гонар якой уступіўся малады пан Тадэвуш з раздзелу пра пунш; дасведчаныя гаспадыні дому — прызнаныя майстрыхі варыць крупнік; ну і, не ў апошнюю чаргу, «панны аптэчковыя», якія ў вялікіх дамах загадвалі «аптэчкамі прыемнымі» — закрытымі на замок шафкамі з разнастайнымі скарбамі смаку: не толькі з алкаголем хатняга вырабу, але і са спецыямі, зёлкамі, «цукрамі», пернікамі, канфітурамі, пазней таксама кавай і гарбатай.

Але ў вашым пытанні мне чуецца іншы намёк. Мне ўжо даводзілася чуць закіды, што, маўляў, мая кніга яшчэ болей пагоршыць сітуацыю, якая склалася ў нашай краіне з п’янствам. Дарэчы, заўважце, што сённяшнія беларускія піякі — зусім не шляхта, а спраўляюцца з гэтай «задачай» не горш, ані каліва. Дык, можа, і сёння, калі шляхты ўжо няма, небяспека банальна прапіць краіну таксама існуе? Мы часам выходзім нават у сусветныя лідары ў спажыванні на душу насельніцтва, таму ёсць сэнс не так дакараць даўнюю Рэч Паспалітую, як пільней зірнуць на саміх сябе, сучасных і нешляхетных. Але з закідамі ў адрас кнігі «Сакатала бочачка» я не згодны катэгарычна. Яна ніяк не заахвочвае да п’янства.

Мае чытачы, канечне, не абстыненты, але прыхільнікі памяркоўнага, удумлівага спажывання алкаголю. У якім разважанне над гістарычнымі здарэннямі, над з’явамі нацыянальнай культуры займае не апошняе месца. А гэта зусім не той тып спажывання, які напаўняе наш дзяржаўны скарб і запаўняе сучасную рэкламную прастору. Таксама хочацца думаць, што, калі вытворцы пойдуць за маімі парадамі, адроджаныя гістарычныя напоі не будуць і занадта таннымі, што таксама будзе істотнай перашкодай для пашырэння алкагалізму. Я выступаю менавіта за дарагія, якасныя, памяркоўна спажываныя напоі.

«НН»: У папярэдніх інтэрв’ю вы казалі, што крамбамбуля — гэта вялікі міф. А якія доказы гэтага?

АБ: Мне здаецца, гэта, хутчэй, «фанатам» крамбамбулі трэба доўга працаваць, каб знайці хоць нейкія доказы асаблівай папулярнасці крамбамбулі на нашай тэрыторыі, хоць у часы ВКЛ, хоць у эпоху Расійскай Імперыі. Я такіх доказаў у гістарычных дакументах не сустракаў.

Тое, што гданьская нямецкая крамбамбуля ў нас зрэдку сустракалася, як сустракаліся яшчэ часцей імпартныя джын, арак або шампанскае, — ні ў якім разе не робіць яе «беларускім» або «ліцвінскім» напоем. Бо гэта былі чыста імпартныя прадукты, ніяк не засвоеныя мясцовай культурай, не асэнсаваныя як мясцовыя культурныя знакі.

У нямецкамоўным свеце, у якім і ўзнікла крамбамбуля, гэтае слова асацыюецца сёння найперш з сабакамі і «сабачым светам», а не з напоем, дзякуючы апавяданню Марыі фон Эбнер-Эшэнбах, якое даўно зрабілася класікай для дзяцей і падлеткаў. Так называюць сабачыя прытулкі, цырульні, крамы аксесуараў. На фоне рэальнай гісторыі нямецкай крамбамбулі яе новаствораная беларуская міфалогія апошніх 15 гадоў выглядае забаўным кур'ёзам.

Калі мы зірнем на сучасныя паліцы нашых крамаў, дык пабачым на іх вялікую і стракатую разнастайнасць імпартных бутэлек. А віскі і тэкілу нават ад нядаўна разліваюць у Беларусі. Ці робіць гэта іх «нацыянальнымі напоямі» краіны? Можа быць, праз 150 гадоў недалёкія даследчыкі нашых часоў так і будуць рэтраспектыўна сцвярджаць, натрапіўшы на некалькі выпадковых звестак пра сучасныя беларускія віскі і тэкілу? Але глыбокае вывучэнне крыніц прыводзіць да зусім іншых высноў.

Прычынай, чаму зусім выпадковая ў нашай гісторыі нямецкая крамбамбуля так уразіла адраджэнскую публіку на пачатку 2000-х, хутчэй за ўсё, была сугучнасць гэтага слова з назвай эпатажнага літаратурнага аб’яднання «Бум-Бам-Літ», якое ўзнікла ў сярэдзіне 90-х, і тады яшчэ добра было на слыху. Вось так і паўстала масавая ілюзія пра «спрадвечную беларускасць крамбамбулі». Арганізатары «раскруткі» крамбамбулі ў якасці «нацыянальнага сімвала», якіх найменш цікавіла гістарычная верагоднасць, палічылі, што публіцы спадабаецца «прыкольнае» гучанне слова, —і не памыліліся. Але камерцыйны поспех не можа падмяніць аўтэнтычную нацыянальную памяць. Падазраю, што для вялікай колькасці людзей крамбамбуля так і застанецца аб’ектам іррацыянальнай веры і пакланення, блізкіх да рэлігійных. Аднак я пішу, пераважна, для больш цвярозых і зацікаўленых у аб’ектыўным разглядзе крыніц людзей.

Дарэчы, падобную ж асветніцкую кампанію, з пераменным поспехам, я вяду і ў дачыненні да самагону, які таксама, як і крамбамбулю, многія ўпарта прасоўваюць на пазіцыю «сапраўднага нацыянальнага напою Беларусі». Што, безумоўна, не так, але гэта асобнае пытанне. У кнізе яно таксама закранаецца.

Мне здаецца, на жаль, што папулярная айчынная культура мае глыбокую траўматычную непрыязь да аўтэнтычнай шляхецкай, «панскай» культуры і таму падсвядома імкнецца замяняць сапраўдныя яе знакавыя артэфакты фальсіфікатамі, як больш «бяспечнымі». Гэта датычыць многіх сфер і аспектаў культуры, але ў гастранаміі выяўляецца найбольш рэльефна.

«НН»: А замест крамбамбулі можна вылучыць нейкі асаблівы беларускі напой, які б мы маглі культываваць як брэнд нашай краіны?

АБ:

Так, безумоўна. У першую чаргу крупнік і старку. Прычым крупнік найбольш відавочны канкурэнт крамбамбулі, рэцэптурна адносна блізкі да яе, толькі сапраўды свой, глыбока ўкаранёны ў беларускую і літоўскую глебу.

Сяброўская кампанія за палаючым крупнікам. Серыя малюнкаў Алесі Галоты, прысвечаных самым знакавым напоям нашай гісторыі, істотна дапаўняе змест кнігі.

Я прыводжу ў кнізе шмат вельмі яскравых рытуалаў і гістарычных анекдотаў, звязаных з крупнікам. Згадаю тут толькі пару з тых, якія мяне найбольш уразілі: нататку з варшаўскай газеты 1841 г., у якой выхадзец з гістарычнай Літвы паведамляе, як выпадкова натрапіў у Старым Месце на кнайпу з назвай Krupnik Litewski, эмблемай якой быў вялікі келіх з палаючым крупнікам, і якія настальгічныя пачуцці гэта ў яго абудзіла. Або традыцыя, паводле якой крупнік пілі на замірэнне варагуючых бакоў. Нічога такога пра нямецкую крамбамбулю вы ані ў якіх крыніцах не знойдзеце, хіба што давядзецца бессаромна фальсіфікаваць.

«НН»: А калі на нашых абшарах пачынае панаваць гарэлка? Як яна стала выцясняць больш традыцыйныя напоі?

АБ:

Гарэлка вядомая ў нас з самага пачатку XVI ст., можа быць, з’явілася ў самым канцы XV ст., толькі пра гэта пакуль не знойдзена дакладных крыніц. Яна прыйшла да нас з Тэўтонскага Ордэна, але шырока распаўсюджвацца пачала з сярэдзіны XVIІ ст. Выцясняць піва і пітны мёд яна змагла дзякуючы працяглым войнам і разбурэнням, асабліва маскоўска-шведска-казацкаму «Патопу» і Паўночнай вайне. Гарэлка больш трывалы і, у пераліку на градусы, больш танны напой, таму ў часы войнаў яна заўжды выйграе ў занадта «далікатнага», занадта бюргерскага піва. Зрэшты, у адносна мірным часе, калі не лічыць паўстанняў, ХІХ ст., піва ў нас панесла найбольшыя страты, але гэта ўжо вынік абсурднай падаткавай палітыкі Расійскай Імперыі.

«НН»: Алкагалізацыя насельніцтва — гэта ўжо з’ява ХХ стагоддзя? Ці яна была і раней? Што рабіць сёння, каб павысіць сярод беларусаў культуру спажывання алкагольных напояў?

Карыкатура віленскага мастака К.Кукевіча, якая паказвае напаўразваленую карчму ў ваколіцах Вільні 1820-х, з выхвальнай шыльдай Tu jest piwa dobrego, bardzo marcowego («Тут ёсць добрае піва, вельмі марцовае»).

АБ: Не, алкагалізацыя пачалася яшчэ з сярэдзіны XVІІ ст., узмацнілася пад уладай Расійскай Імперыі, затым падчас сусветных войнаў, а сёння мы назіраем, як яна няўхільна пашыраецца ўжо ў незалежнай Беларусі. Няма аднаго рэцэпта, як павысіць культуру спажывання. Трэба і змагацца з беднасцю, і ствараць альтэрнатывы і ў сферы вытворчасці, і ў сферы адпачынку, і выхоўваць уласна нацыянальныя рытуалы спажывання, а не ў апошнюю чаргу — падвышаць кошты і прасоўваць на рынак менавіта нацыянальныя віды напояў і брэнды, а не банальную гарэлку. Спадзяюся, мая кніга, прынамсі, прымусіць задумацца над гэтымі праблемамі.

Гутарыў Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера