Знайсці
22.04.2017 / 11:3136РусŁacБел

Акно ў Вялікае Княства — пачаў працу сайт «Просвіт» з навінамі з беларуска-ўкраінска-польскага памежжа

Жыццё на памежжы

Пачалася пара пасадак, і на берасцейскай мытні затрымалі фуру з 5,5 тысячамі саджанцаў маліны, не ўказанымі ў дэкларацыі. Пакуль мытнікі думалі, што рабіць з багаццем, недалёка, за якую гадзіну язды, але ўжо па іншы бок мяжы, таксама было хваляванне: на Ковельшчыне выпадкова знайшлі 10 тон боепрыпасаў часоў сусветных войнаў. У гэты час у Вялікіх Матыкалах дзве сяброўкі, не заклапочаныя ні саджанцамі, ні патронамі, добра выпілі за сустрэчу. Потым адна вырашыла падвезці другую дамоў. Трэба было праехаць якіх пяць будынкаў, але аварыі не пазбеглі: урэзаліся ў прыпаркаванае аўто. Даішніку, які жанчыну спыніў, яна патлумачыла: так, піла. Але яна цяжарная і затрымліваць яе ніяк нельга.

Абразкі, з якіх складаецца карціна рэгіянальнага жыцця. Карціну ўжо некалькі месяцаў прамалёўвае берасцейскі сайт «Просвіт». Інтэрнэт—рэсурс унікальны, ён змяшчае навіны з памежжа адразу трох дзяржаў: Беларусі, Украіны і Польшчы. 

— Ідэя рэсурсу звязаная з назвай: сайт мае асветніцкую скіраванасць, —

кажа адміністратар і натхняльнік праекта, культуролаг Віктар Місіюк. — Людзям бракуе класічных ведаў пра культуру, а таксама пра тое, што адбываецца ў свеце. Таму мы папулярна даем інфармацыю, якую лічым аб’ектыўнай і цікавай. Гэта не толькі падзеі мясцовага жыцця. Напрыклад, у нас была нататка пра француза, які ставіў рэкорды ў 105 гадоў. Гэта такая інфармацыя-арыенцір: не тычыцца нас непасрэдна, але натхняе нас тут, на Берасцейшчыне.

Культуролаг Віктар Місіюк - адміністратар берасцейскага сайта.

Аўтары спецыяльна канцэнтруюцца не на палітыцы і эканоміцы, а на паўсядзённасці і культуры, пішуць на тэмы, цікавыя і датычныя ўсіх.

Таму на сайце многа жартаў, фотаздымкаў, тэкстаў па экалогіі, кулінарыі… Вялікая рубрыка прысвечана здароўю і выхаванню дзяцей. У топе самых чытаных — тэкст пра ўжыванне мясцовага выразу «Ранок—панок» (аналагічнага «Хто рана ўстае, таму Бог дае»), допіс пра ранняе развіццё дзіцяці і старадаўнія мотальскія пацешкі. Добра чытаецца гутарка з вандроўніцай з Камянца, якая аб'ехала паўсвету, а таксама матэрыял пра здымкі фільма «Пафарбаванае птушаня» — на Валыні здымаюць экранізацыю культавага рамана польска-амерыканскага пісьменніка Ежы Касыньскага (галоўны герой — яўрэйскі хлопчык, які ў час вайны аказаўся без апекі).

У топе і крымінал. Моцны бок «Просвіту»: сайт не проста перадрукоўвае інфармацыйныя матэрыялы, а пераказвае, расстаўляючы акцэнты.

Напрыклад, рэпартажык з суда над тэрэспальскім хуліганам, які ледзь не зарэзаў знаёмца ў краме, а потым даводзіў суддзі, што хацеў адно папужаць. Або суперкаларытныя навіны з гэтага боку мяжы. Хлопец з Янова прыехаў у Берасце, выпіў, сеў за стырно. На нейкім павароце яго пабачыў даішнік і загадаў спыніцца, але хлапчына паляцеў па брэсцкіх вулках, шукаючы надзейную схованку. Калі пасля пагоні хулігана такі нагналі, той пераскочыў на пасажырскае крэсла і выдаў: «А я нікуды не еду, я тут сяджу і п’ю».

Гэта гісторыя нібы з камедыі, але жыццё і трагедыі падкідае. Вось у Маларыцкім раёне мужчына ў п'яным шаленстве да смерці збіў уласную маці, якая ўсё жыццё карміла і забяспечвала сына-алкаголіка. Пасля такой гісторыі задумаешся пра многае. Жыццё на памежжы — яно і такое таксама.

 

Культуролаг, хірург, музыка і педагог—арганізатар

«Просвіт» робяць 9—10 валанцёраў з Берасцейшчыны, далучаюцца памочнікі з Валыні і Падляшша. Касцяк калектыву — тры чалавекі: адміністратару сайта Віктару Місіюку, дапамагаюць лекар родам з Моталя Дмытро Кульбеда і настаўнік з Камянеччыны Аляксей Шумер.

Дзіма працуе хірургам у Мінску. Немаведама як, але час на напісанне матэрыялаў знаходзіць: адну-дзве гадзіны пасля работы, кажа, можна патраціць, бо сям’і пакуль няма.

А вось з натхненнем, кажа, складаней.

— Разумею, — усміхаецца Дзіма, — што крымінал чытаюць лепш, але мне больш імпануе культура і гісторыя. Чаму займаюся сайтам? Бо не хачу застацца без каранёў. Без каранёў цяжка жыць, асабліва цяпер. Цяпер такі свет, што складана знайсці сябе, але калі ёсць корань, ёсць штосьці роднае, то жыць лягчэй. Пачуццё сваіх каранёў — гэта не тупы нацыяналізм, гэта глыбей.

Усе аўтары «Просвіту» пішуць па—ўкраінску, але з ужываннем мясцовых слоўцаў: Дмытро Кульбеда — мотальскіх, Аляксей — камянецкіх. 

Хлопцы расказваюць, як фарміравалася іх украінская ідэнтычнасць.

— Я памятаю, беларусам на першым курсе лёгка было стаць, — дзеліцца Дзіма сваім досведам. — Бо прыехаў у Мінск, а тут значкі, стужкі… Але ўкраінцам я станавіўся паступова, і канчаткова сцвердзіўся ў гэтым падчас апошняга перапісу. Кім запісацца? Беларусам? Так, я грамадзянін Беларусі. Але мова маіх бацькоў — руская… У выніку я вырашыў арыентавацца на дзядоў. Іх мова, якую я чуў з маленства — украінская, хоць яны яе так не называлі. Так патрохі і прыйшоў да ўкраінскасці.

— У нас по сэлах у всіх така мова, — адказвае на пытанне пра мову стваральнік і тэхнічны рэдактар сайта Андрэй Хвісевіч. Ён добра вядомы аматарам беларускай музыкі як удзельнік гурту «Палац».

З Віктарам Місіюком музыка знаёмы 7 гадоў, а заняцца сайтам «мусово було», — усміхаецца Андрэй.

Тэхнічны рэдактар сайта Андрэй Хвісевіч (справа) — удзельнік гурту «Палац». Фота budzma.by.

Настаўнік з Камянеччыны Аляксей Шумер стаў вядомы ў вобласці пасля таго, як арганізаваў раённы конкурс літаратурных твораў і перакладаў на камянецкую гаворку. Дасылалі яму і Талстога, і Гогаля, і вясёлыя прабабіны гісторыі з разраду «як воно було колысь». Конкурс, абвешчаны для школьнікаў, выклікаў нечаканы ажыятаж сярод бацькоў.

— Я жыхар Камянеччыны, — кажа Аляксей, — і, як мясцовага, мяне хвалюе лёс маёй роднай мовы. А роднай я лічу ўкраінскую. Многія скажуць, маўляў, не, наша мясцовая гаворка моцна адрозніваецца ад той мовы, якую можна чуць, напрыклад, на ўкраінскім тэлебачанні. Але ж не трэба параўноўваць літаратурную мову з дыялектнай! Параўнайце берасцейскія гаворкі з гаворкамі Валыні і ўсё стане ясна! Некалі адзін кіяўлянін мне так і сказаў: «Ты размаўляеш як валынянін».

Аўтар з Камянеччыны Аляксей Шумер.

Многія не ведаюць пра распаўсюджанне ўкраінскай мовы на Берасцейскім Палессі, а некаторыя не хочуць гэтага прызнаваць. А ўкраінскамоўны сайт — гэта як сцверджанне: мова тут ёсць! — кажа Аляксей.

 

Нашто «Просвіт» Беларусі?

— «Просвіт» — гэта ўнёсак у захаванне рэгіянальнай культурнай спадчыны Беларусі. Таксама гэта такі масток, хоць і невялікі, для падтрымання добрасуседства між Беларуссю і Украінай, — адказвае Аляксей.

— Галоўнае, што гэта патрэбна нам: мне і тым-сім з майго асяродку, моладзі з Берасцейшчыны, — Дзмітро менш амбітна бачыць мэты сайту. — Ёсць паняцце, што трэба пачынаць з малога. Можа і так. Не ведаю, у што гэта разаўецца. Я вялікіх мэтаў не стаўлю, проста ёсць кусок работы, і трэба яго рабіць.

А як памагчы «Просвіту»?

— На сайце ніхто не працуе прафесійна, усе — валанцёры, робяць тэксты на грамадскіх пачатках. І мы вітаем любую падтрымку: інфармацыйную, матэрыяльную і проста чытанне, — усміхаецца адміністратар.

Адміністратары цешацца, што колькасць наведнікаў расце. Але, кажуць, ёсць трохі і боязь: ці ўдасца апраўдаць давер…

— Зараз мы раскачваем сайт каментарамі, каб людзі бачылі, што ёсць рух, ёсць рэакцыя, — кажа Віктар.

«Просвіт» будзе цікавы не толькі ўраджэнцам і аматарам Берасцейшчыны, але таксама і людзям з іншых абласцей і культурных рэгіёнаў — як узор душэўнага рэсурсу, які можна стварыць з любові да мясцовай культуры.

Гомельшчына—Чарнігаўшчына—Браншчына, Магілёўшчына—Смаленшчына, Паазер’е—Латгалія, Ашмяншчына—Віленшчына, Гродзеншчына—Беласточчына… Ці не занадта лёгка мы пагадзіліся быць падзеленымі? Ці не запроста адмовіліся ад супольнай спадчыны і замкнуліся на сабе?

Малымі крокамі «Просвітаўцы» вяртаюць Берасцейшчыне такое важнае, такое патрэбнае адчуванне ўключанасці ў вялікі свет.

Мінуў той час, калі жыхары рэгіёну хадзілі на рынак у Берасце, ездзілі на кірмаш у Ковель і перабіраліся па бужскай грэблі на кодыньскі спаскі фэст. Савецкі рэжым нішчыў традыцыю ў розных праявах. Дзяржаўная мяжа спыніла кантакты не толькі паміж суседзямі, а нават і ўнутры сям'і.

Цяпер стваральнікі «Просвіту» спрабуюць склеіць адбітыя часціны, рэканструяваць былыя адносіны, падлячыць рэгіянальную траўму ад раптоўнай страты сувязяў. Ваду ў такую склееную талерачку ўжо мо і не нальеш, але кріп та цыбулю спокійно можня покласты

Такія навіны — з розных куткоў рэгіёну — прыносяць адчуванне, быццам і не існуе віз, калючага дроту ды пунктаў памежнага кантролю. Як быццам і не знікала Вялікае Княства. 

Паўліна Купрысь

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера