Знайсці
14.04.2017 / 18:3724РусŁacБел

У Магілёве міліцыя праводзіць праверку ў дачыненні да дэпутата Марзалюка за ўдзел у мітынгу

Магілёўскі праваабаронца Аляксандр Хамратаў дайшоў да суда ў спробе высветліць, чаму за ўдзел у недазволеным мітынгу 15 сакавіка ў Магілёве не пакаралі дэпутата Ігара Марзалюка, які выступіў перад прысутнымі, паведамляе Tut.by са спасылкай на mspring.online.

Фота: Анжаліка Васілеўская, TUT.BY

УУС Магілёўскага аблвыканкама паведаміла праваабаронцу: распачатая дадатковая праверка дзеянняў дэпутата падчас несанкцыянаванага мітынгу ў Магілёве.

15 сакавіка ў Магілёве на вуліцы Ленінскай прайшоў мірны мітынг за адмену дэкрэта № 3. Мерапрыемства не было дазволена ўладамі. У цэнтры горада сабралася каля пяцісот чалавек. Некаторыя былі з транспарантамі.

Удзельнікі мітынгу па чарзе бралі ў рукі мегафон і казалі пра тое, што іх хвалюе. Праз гадзіну пасля пачатку акцыі супраць дэкрэта № 3 на месца збору прыйшоў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ігар Марзалюк. Ён узяў у рукі мегафон, аднак выступіць не змог — у вострую палеміку з ім спачатку ўступіла жанчына, а затым асвістаў натоўп з крыкамі «Ганьба!» і «Сыходзь».

Ігар Марзалюк пакінуў мегафон, але не сышоў. Ён застаўся на месцы сходу, дзе дапазна адказваў на пытанні людзей.

Пасля мітынгу затрымалі 9 чалавек — усе яны выступалі з мегафонам — і даставілі ў Ленінскае РАУС. Непаўналетняга хлопца праз некалькі гадзін адпусцілі. На наступны дзень у судзе Ленінскага раёну разгледзелі справы астатніх затрыманых і вынеслі рашэнні: ад штрафу ў памеры 10 базавых велічынь да 15 сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Студэнтку Алену Кісель, якая была аштрафаваная на 15 базавых велічынь, пазней адлічылі з універсітэта.

Праваабаронца Аляксандр Хамратаў спрабуе дамагчыся адказу на пытанне, чаму пасля выступу з мегафонам панеслі адміністрацыйную адказнасць усе, акрамя дэпутата Ігара Марзалюка.

Афіцыйныя асобы Ленінскага РАУС двойчы заявілі Хамратаву, што ў дзеяннях Марзалюка адсутнічае склад правапарушэння. Намеснік начальніка УУС Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Рыжанкоў абвясціў Хамратаву, што на абласным узроўні яго зварот па сутнасці разглядацца не будзе.

12 красавіка праваабаронца звярнуўся ў суд Ленінскага раёна.

«З мэтай разумення і ацэнкі сітуацыі, а таксама прычын, якія паслужылі падставай для вызвалення Марзалюка ад адміністрацыйнай адказнасці, я звярнуўся з адпаведным запытам у кампетэнтныя органы, у чые абавязкі ўваходзіць дача прававой ацэнкі для дадзенага выпадку. У сваім запыце я прасіў растлумачыць, па якой прычыне на дэпутата не складаўся пратакол за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Адказам з Ленінскага РАУС мне было паведамлена, што ў дзеяннях дэпутата няма складу правапарушэння. Я вырашыў удакладніць абгрунтаванасць такога вываду, бо не хачу парушаць закон і маю намер разумець мяжу паміж «дабром і злом». У паўторным адказе з РАУС мне паўторна заявілі аб факце адсутнасці складу правапарушэння ў Марзалюка, без усякага абгрунтавання, што парушае маё права на атрыманне інфармацыі», — лічыць Аляксандр Хамратаў.

Праваабаронца праз суд паспрабуе нагадаць супрацоўнікам РАУС аб сваім праве на інфармацыю, у тым ліку аб дзейнасці дзяржорганаў і іншых суб'ектаў улады. Ён просіць суд вынесці прыватнае вызначэнне ў адрас Ленінскага РАУС, а таксама абавязаць іх даць адказ па сутнасці зададзенага пытання.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера