Знайсці
16.04.2017 / 16:5518РусŁacБел

У парку між вуліцамі Альшэўскага і Данілы Сердзіча будуць будаваць

Пра абыходжанне гарадскіх уладаў з паркам 60-годдзя Кастрычніка нам напісаў чытач «Нашай Нівы» Дзяніс Тушынскі. 

Адшумелі ў парку яліны, бярозы… Затое загулі бензапілы. У канцы 2016 года іх ахвярай паў добры кавалак парка «60-годдзя Кастрычніка» ў Менску.

Больш за сто дрэваў былі бязлітасна высечаныя згодна з рашэннем Менгарвыканкама ад 26 лістапада 2015 № 3227 года аб перадачы больш чым 4 гектараў паркавай зямлі Гарадскому цэнтру алімпійскага рэзерва па тэнісе Упраўлення спорту і турызму Менгарвыканкама для будаўніцтва крытых тэнісных кортаў. Трэба сказаць, што гэты цэнтр распаўзаецца па парку як пухліна. Некалькі год таму на зялёнай зоне ўжо былі пабудаваныя адкрытыя корты і крыты корт у арыгінальным стылі «хай-тэк будан».

Праект аддае гігантаманіяй: плануецца ўзвядзенне 19 тысячаў кв. м.: дзве залы на чатыры корты кожны плюс трохпавярховы будынак з крамамі, спортзаламі і прочая, прочая плюс паркоўка.

Некалькі месяцаў таму «Наша Ніва» апублікавала мой артыкул аб сітуацыі з Д. Сердзіча, 12, што месціцца зусім побач. Там улады жадаюць знесці былы дзіцячы садок і пабудаваць адміністратыўны будынак. Калі частка жыхароў прылеглых дамоў запатрабавала стварыць на гэтым месцы спартыўную пляцоўку, архітэктурна-будаўнічая рада пры галоўным архітэктары г. Мінска заявіла ім, што, маўляў, спартыўных аб’ектаў вам у раёне хапае, спаслаўшыся на наяўнасць цяперашніх спартыўных аб’ектаў у парку «60-годдзя». Калі мясцовым жыхарам «хапае» таго, што ёсць, то для каго будуецца новае? Для жыхароў катэджаў за кальцавой?

Улады зрабілі ўсё, каб не даць грамадскасці магчымасць умяшацца ў сітуацыю. Зачыстка зялёнай зоны ад дрэваў была праведзена аператыўна, за адзін дзень.

Насуперак патрабаванням «Закона аб раслінным свеце»: уладам спрыяць удзелу грамадзян у вырашэнні пытанняў, звязаных з гэтым самым светам — рашэнне Менгарвыканкама не было размешчана на яго сайце. Той жа закон патрабуе, каб праект схемы зялёных тэрыторый грамадскага карыстання прайшоў грамадскае абмеркаванне, якое не было арганізавана. Больш за тое, «Сістэма рэгламентаў Генплана г. Мінска» забараняе размяшчаць любыя віды капітальнага будаўніцтва на тэрыторыі сфармаваных паркаў.

Асабліва цынічна, што задоўга пасля прыняцця рашэння аб будаўніцтве і нават пасля высечкі дрэў спарткомплекс быў вынесены на грамадскае абмеркаванне ў складзе праекта дэтальнага планавання тэрыторыі парку і двух сумежных кварталаў. Заўважу, што Закон «Аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь» патрабуе ад органаў улады прымаць рашэнні па забудове і праводзіць экспертызы толькі пасля правядзення грамадскіх абмеркаванняў.

Але гэты праект дэтальнага планавання і арганізацыя яго абмеркавання — асобная песня. З экспазіцыі праекта жыхары даведаліся, што ў парку плануюць збудаваць яшчэ і кавярню (асабліва падрэсліваецца, што туалет, які калісь працаваў на гэтым месцы, будзе захаваны — іншай карысці мясцовым жыхарам ад гэтага аб’екта, відаць, не будзе). Праз паркавую тэрыторыю пракладуць і «працяг» вуліцы Д. Сердзіча да Альшэўскага (трэба ж неяк пад’язджаць да кавярні-туалета). У кварталах запланавана будаўніцтва прыкладна пятнаццаці новых парковак і стаянак, многія з якіх, натуральна, зоймуць месца зялёных зон проста пад вокнамі жылых дамоў. Ну а архітэктурнай дамінантай, так сказаць, сімвалам перамогі інвестараў над мясцовымі жыхарамі, павінен быў стаць 18-павярховы гмах проста ў двары некалькіх жылых дамоў на рагу праспекта Пушкіна і вуліцы Альшэўскага.

На прэзентацыі праекта ў мясцовай школе прадстаўнікі ўладаў спрабавалі пераканаць мясцовых жыхароў, што ім ужо запозна ствараць ініцыятыўную групу па зборы подпісаў супраць праекта. Маўляў, рабіць гэта трэба было яшчэ да стварэння камісіі па падвядзенні вынікаў абмеркавання. Відаць, рана ці позна ўлады выхаваюць у нашым народзе прарочыя здольнасці: людзі будуць за пару тыдняў здагадвацца пра правядзенне чарговага «грамадскага абмеркавання» і паспяваць зрэагаваць на гэта.

Насуперак псіхалагічнай атацы, ініцыятыўная група ўсё ж была створана, а ўладам прыйшлося яе зарэгістраваць. Агулам было сабрана амаль 2000 подпісаў, большасць з якіх — супраць зацвярджэння праекта цалкам, астатнія — супраць асобных аб’ектаў. Але далей пачаліся выкрутасы. Паводле «Палажэння аб правядзенні грамадскіх абмеркаванняў» на пасяджэннях камісіі маюць права прысутнічаць тры прадстаўнікі ініцыятыўнай групы. Але з нашай групы на выніковае пасяджэнне быў запрошаны толькі адзін чалавек, затое, як аказалася, існуюць яшчэ дзве «ініцыятыўныя» групы, адкуль таксама запрасілі па прадстаўніку. У чым заключалася «ініцыятыва» гэтых груп няясна, бо, паводле пратакола, ніхто подпісаў у падтрымку праекта не збіраў. Аднак дзве прыбыўшыя на пасяджэнне ў дарагіх футрах прадстаўніцы падпісаліся пад рашэннем зацвердзіць праект у тым выглядзе, у якім ён быў прапанаваны. Няўжо нейкія мясцовыя жыхары сапраўды стварылі ажно дзве групы ў падтрымку змяншэння зялёных зон, высякання часткі парку і за будоўлю парковак пад вокнамі? Перад некалькімі прадстаўнікамі нашай групы, якія папрасілі проста папрысутнічаць на пасяджэнні хай і без права голасу «слугі народа», проста захлопнулі дзверы.

За выключэннем нашага прадстаўніка, які падаў асаблівае меркаванне, уся камісія дружна прагаласавала за рэкамендацыю праекта да зацвярджэння. Узначальваў камісію намеснік кіраўніка Адміністрацыі Фрунзенскага раёна. Уваходзіў у камісію і дэпутат Мінскага гарсавета дэпутатаў па Пушкінскай акрузе.

У савецкім Вярхоўным Савеце дэпутатаў называлі народнымі, гэтак іх называюць і ў цяперашняй Вярхоўнай Радзе Украіны. Дэпутат па Пушкінскай акрузе не называецца народным і можа сабе дазволіць напляваць на дзве тысячы народных подпісаў.

Увайшла ў камісію і галоўны спецыяліст аддзела дзяржаўнай экалагічнай экспертызы, інфармацыі і (ўвага!) прапаганды экалагічных ведаў Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Дарэчы, істотная частка больш чым 20-старонкавага дакумента з заўвагамі і прапановамі па праекце, які быў далучаны да подпісаў, змяшчала аналіз супярэчнасцяў праекта прыродаахоўнаму заканадаўству. Таму дзіўна, што ў згаданым камітэце няма аддзела экалагічнай контрпрапаганды.

Подпіс пад рашэннем дырэктара раённага «зелянбуду», натуральна, не здзіўляе: «прывыклі рукі да сякераў». Здзіўляе вось што: чаму сімвалам менскага «зелянбуду» з’яўляецца зялёны лісток? Трэба дадаць да яго бензапілу і сякеру. Увогуле, прыгадваецца «451˚ па Фарэнгейце» Брэдберы: там пажарныя палілі кнігі, а ў нас «зелянбуд» высякае паркі. Ды і назву арганізацыі трэба апгрэйдзіць да філасофскага ўзроўню, падкрэсліць адзінства і барацьбу супрацьлегласцяў: «Дэпартамент зялёнага будаўніцтва і масавага знішчэння», напрыклад.

Пасля пасяджэння камісіі свету быў яўлены пратакол з адказамі на заўвагі і прапановы на 25 старонках. Пад ціскам грамадскасці ўлады былі вымушаныя зрабіць саступку — выключыць з праекта 18-павярховік. Уяўляю, якой упартай унутранай барацьбы гэта запатрабавала, таму не дзіўна, што гэта саступка стала адзінай. Шэраг заўваг быў праігнараваны, на многія камісія, па сутнасці, не адказала.

А вось які адказ даецца на заўвагу аб неадпаведнасці праекта цяперашнім нарматывам «Сістэмы рэгламентаў Генеральнага плана г. Мінска» па максімальнай плошчы забудовы ландшафтна-рэкрэацыйных зон і мінімальным працэнце іх азелянення пры будаўніцтве спарткомплекса. Камісія піша, што праект адпавядае нормам, пры гэтым спасылаючыся на папярэднюю версію рэгламентаў, якая спыніла дзеянне ў верасні 2016 года і мела ўдвая менш жорсткія патрабаванні, чым актуальная. Дзіўна, што яны не спаслаліся на Рымскае права ці законы Хамурапі.

У тым жа духу адбіваюць заўвагу аб тым, што не было праведзена грамадскае абмеркаванне схемы зялёных тэрыторый грамадскага карыстання. Аказваецца, праект выкананы да прыняцця адпаведнага заканадаўства, і гэта, на думку камісіі, вызваляе распрацоўшчыкаў ад яго выканання: «Тукі-тукі — я ў дамку».

Такі падыход уладаў выклікаў натуральны пратэст. Вось прыклад надпісаў, што з’яўляюцца на агароджы вакол высечанага кавалка парку.

Гэта далёка не адзіны выпадак, калі падчас грамадскіх абмеркаванняў камісіі рэкамендуюць праекты да зацвярджэння насуперак волі жыхароў. Памятаеце трэці артыкул Канстытуцыі: «Адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам суверэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца народ»? Прыспеў час ставіць пытанне перад Канстутуцыйным судом: ці адпавядаюць галоўнаму закону падобныя рашэнні камісій і цяперашняе дзіравае заканадаўства, якое здавалася б прызвана бараніць права грамадзян на ўдзел у прыняцці рашэнняў у сферы горадабудаўніцтва?

Даслаў чытач Дзяніс Тушынскі, Менск

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930