Знайсці
13.04.2017 / 20:0720РусŁacБел

Справа Арбузава: 12 затрыманых, меркаваная шкода больш за 120 мільёнаў рублёў

Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю сумесна з Дэпартаментам фінансавага маніторынгу КДК у рамках процідзеяння злачынствам у эканамічнай сферы, якія носяць сістэмны характар, выявіў і спыніў маштабную супрацьпраўную дзейнасць старшыні савета дырэктараў групы кампаній Fenox Global Group Віталя Арбузава і шэрагу службовых асоб беларускіх суб'ектаў гаспадарання, паведамляе Tut.by са спасылкай на прэс-службу КДК.

zautra.by

Затрыманы 12 красавіка Арбузаў падазраецца ў ажыццяўленні з 2010 года супрацьпраўнай дзейнасці, звязанай з ухіленнем ад выплаты падаткаў, а таксама неправамерным атрыманнем з бюджэту падатку на дабаўленую вартасць. У прыватнасці, паведамляе КДК, падкантрольныя яму беларускія прадпрыемствы, па-першае, завышалі ў разы кошт імпартаванай прадукцыі, што дазваляла ім павялічваць выдаткі і памяншаць падаткаабкладаную базу для выплаты падаткаў. Па-другое, рэалізоўваючы ў Беларусі, Расіі, Украіне прадукцыю за наяўны разлік, яны афармлялі дакументы на экспарт тавараў па заніжаным кошце, што дазваляла не толькі заніжаць выручку, але і вяртаць з бюджэту ПДВ. Набытыя тавары рэалізоўваліся таксама ў адрас буйных прамысловых прадпрыемстваў у Беларусі, МАЗа, МЗКЦ, «Пеленг», а таксама ў Расіі, што пасля ўплывала на кошт вырабленай імі прадукцыі.

«Заніжэнне выручкі і завышэнне выдаткаў дазваляла прадпрыемствам незаконна звесці да мінімуму памер выплачваемых імі падаткаў, фактычна пералічваючы ў бюджэт толькі падаходны падатак і адлічэнні ў фонд сацыяльнай абароны насельніцтва з заработнай платы сваіх работнікаў. Пры гэтым дадаткова да налічанай работнікам таксама выплачвалася заработная плата «ў канвертах» ў сумах ад 2 тысяч рублёў», — гаворыцца ў паведамленні.

Устаноўленая на падставе сабраных матэрыялаў сума нявыплачаных падаткаў склала больш за 100 млн рублёў, а сума незаконна вернутага з бюджэту ПДВ — больш за 20 млн рублёў.

Па гэтых фактах дэпартамент распачаў 8 крымінальных спраў па частках 1 — 4 артыкула 210 (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі) Крымінальнага кодэкса, а таксама 11 крымінальных спраў па частках 1 і 2 артыкула 243 (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў) КК. Падазраванымі па крымінальных справах прызнана 18 чалавек, 12 з якіх затрыманыя.

«У ходзе правядзення неадкладных следчых і іншых працэсуальных дзеянняў па крымінальных справах канфіскаваныя бухгалтарскія дакументы, камп'ютарная тэхніка і іншыя носьбіты інфармацыі, якія ўтрымліваюць звесткі, што характарызуюць злачынную дзейнасць падазраваных асоб, а таксама замежная валюта на агульную суму больш за 115 тысяч даляраў у эквіваленце», — гаворыцца ў паведамленні.

Акрамя таго, прыпыненыя расходныя аперацыі па разліковых рахунках прадпрыемстваў, выкарыстаных для здзяйснення злачынстваў, на якіх заблакавана ў эквіваленце больш за 3,5 млн рублёў.

З мэтай кампенсацыі шкоды, нанесенай дзяржаве ў выглядзе нявыплачаных падаткаў, а таксама вернутага ПДВ на маёмасць падазраваных, у тым ліку дарагія аб'екты нерухомасці (катэджы, кватэры) і аўтамабілі, накладзены арышт.

У цяперашні час па распачатых крымінальных справах вядзецца папярэдняе расследаванне.

Арбузаў, № 11 у топ-200 самых уплывовых беларускіх бізнесменаў па версіі «Ежедневника», з'яўляецца старшынёй савета дырэктараў Fenox Global Group, старшынёй рады дырэктараў Fenox Venture Capital. У холдынг Fenox уваходзяць, у прыватнасці, Fenox Automative Сomponents (вытворчасць і распаўсюджванне аўтакампанентаў), Fenox Retail (сетка харчовых крамаў Preston), Fenox Construction (інвестыцыі ў нерухомасць).

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера