Знайсці
15.04.2017 / 16:1028РусŁacБел

Усё, што трэба ведаць пра Вялікдзень і падрыхтоўку да яго

Вялікдзень не за гарамі: сёлета хрысціяне святкуюць яго 16 красавіка. Нагадваем пра традыцыйныя справы, якія трэба зрабіць да нядзелі.

На фотах — супрацоўнікі «Нашай Нівы» віншуюць вас з надыходзячым святам

Адкуль растуць «ногі» свята?

Вялікдзень, або Пасха, важнае свята хрысціян, уведзенае ў гонар Уваскрэсення Ісуса Хрыста. Акрамя таго, да гэтага дня прывязана шмат іншых падзей, якія адзначаюцца ў паслядоўнасці, апісанай у евангеллях: Лазарава субота, Вялікая пятніца, Чысты чацвер і іншыя. Тыя, хто не зусім у тэме, спытаюць: дык а прычым тут кулічы, свечкі і астатнія атрыбуты? Вогнішча, ручаі, яйкі і зайцы — гэта галоўныя сімвалы свята, якія нясуць у сабе значэнне святла, абнаўлення і жыцця. Вялікдзень — гэта таксама свята шчодрых страў пасля Вялікага посту.

Заданні на тыдзень

Справа № 1: прыбрацца дома

У Чысты чацвер, па традыцыі, наводзяць парадак у хаце. Бо вялікае свята трэба сустракаць і фізічна, і духоўна чыстымі.

Справа № 2: набыць прадукты

Традыцыйна святочны стол складаецца з пірагоў, мясных страў, свежанацёртага хрэну і, канечне, яек-крашанак. 

Не так даўно мы рабілі гутарку з беларускай Наталі Падаляк, якая стварыла ўласную анлайн-школу кандытарскага майстэрства. Прапануем вам выдатны відэа-рэцэпт пірага-пасхі. Дзякуючы яму, страва атрымаецца нават у той гаспадыні, якая пячэ ўпершыню.

Справа № 3: памаляваць яйкі

Яшчэ з паганскіх часоў яйка сімвалізавала труну і зараджэнне новага жыцця адначасова. Для хрысціян гэта напамін пра ўваскрэсенне Ісуса Хрыста. Існуе некалькі самых папулярных спосабаў зрабіць са звычайнага яйка твор мастацтва.

  • Варыянт для кансерватараў

Нашы бабулі адварвалі яйкі ў цыбульніку — сухім шалупінні цыбулі, якое збіралі за год. Яно дазваляе дабіцца залаціста-карычневага колеру (чым больш цыбульніку, тым ён больш насычаны). Можна пайсці арыгінальным шляхам і з дапамогай натуральных прадуктаў дабіцца яшчэ і карычневага (кава ці чай), бэзавага (буракі), светла-зялёнага (шпінат ці крапіва), жоўты (морква) адценняў.

  • Варыянт для рамантыкаў

Прымацаваўшы да чыстага яйка лісцікі, кветкі, выразаныя з паперы фігуркі, шчыльна абматаўшы яго карункамі або папярэдне намачыўшы ў вадзе і пакачаўшы ў крупах, і толькі пасля гэтага апусціўшы ў каляровы адвар, вы атрымаеце вельмі прыгожыя ўзоры. У якасці своеасаблівых трафарэтаў можна таксама выкарыстоўваць звычайныя ніткі або лапікі тканіны.

  • Варыянт для тых, хто не ўмее маляваць

Калі мастак з вас так сабе, прапануем асвоіць тэхніку дэкупаж. Дэкор яйка лёгка робіцца з дапамогай папяровых сурвэтак з малюнкамі і клею: проста выразайце ўзоры, якія вам спадабаліся, прыкладвайце да яйка і шчодра пакрывайце зверху ПВА.

  • Варыянт для лянівых

У крамах ужо не першы тыдзень прадаюцца спецыяльныя налепкі, фарбавальнікі і нават бліскаўкі з пацеркамі — набываем і робім прыгажосць па-хуткаму.

Справа № 4: схадзіць у царкву

Святкаванне Вялікадня пачынаецца з удзелу ў велікодным набажэнстве. Праваслаўныя і грэка-каталіцкія ўсяночныя службы стартуюць у поўнач, у старыя часы асвячэнне адбывалася на іх пад ранак, але цяпер усё спрасцілася, і пасвяціць стравы можна і на іншых службах на выхадныя.

Дарэчы, на Вялікдзень традыцыйна вітаюцца «Хрыстос уваскрос!», а адказваюць «Сапраўды ўваскрос!».

Кацярына Карпіцкая, фота Сяргея Гудзіліна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера