Знайсці
08.04.2017 / 19:104РусŁacБел

Абвешчаны збор сродкаў на электравазок для Дар'і Ліс

Пісьменьніцы, журналістцы, стыпэндыятцы фонду Магдалены Радзівіл Дар’і Ліс неабходны новы інвалідны вазок. Даша жыве ў Залесьсі на Смаргоншчыне, больш за 20 гадоў яна абмежаваная ў перасоўваньні і кантактах са зьнешнім сьветам.

На плятформе talaka.by cябры дзяўчыны арганізавалі збор сродкаў на сучасны нямецкі электравазок з вэртыкалізатарам, які забясьпечыць Дашы зручнасьць ды мабільнасьць, дасьць свабоду творчасьці.

Інфармацыйным суправаджэньнем праекту займаецца паэтка, перакладчыца Марыйка Мартысевіч. Вызначаныя канкрэтныя этапы кампаніі: ад збору грошай да пералёту ў Брэмэн для «прымеркі» вазка.

Дар’я Ліс нарадзілася і жыве ў вёсцы Залесьсе на Смаргоншчыне. Праз разьвіцьцё сьпінальна-мышачнай атрафіі — генэтычнага захворваньня, пры якім не працуюць мышцы ног, галавы і шыі — падлеткам яна страціла магчымасьць самастойна хадзіць.

Хвароба адкарэктавала пляны дзяўчыны на прафэсію. У Менскім лінгвістычным унівэрсытэце, куды пры канцы 1990-х Дар’я хацела паступаць на францускае аддзяленьне, элемэнтарна не аказалася ліфту, шлях туды быў закрыты ў літаральным сэнсе. Яна скончыла факультэт беларускай філялёгіі і культуры Беларускага пэдагагічнага ўнівэрсытэту, пачала займацца літаратурнай творчасьцю і журналістыкай.

Цяпер Дар’я Ліс супрацоўнічае з «Радыё Рацыя» ды шэрагам іншых незалежных мэдыяў, вядзе блог і піша ў сацыяльных сетках, займае выразную грамадзянскую пазыцыю.

У 2008 годзе пабачыла сьвет яе кніга вершаў і апавяданьняў «Вясновы джаз». У 2013-м Дар’ю прынялі ў Саюз беларускіх пісьменьнікаў.

Некалькі гадоў таму сям’і з дапамогай сяброў удалося набыць для Дар’і электравазок. З таго часу яна змагла вандраваць — з бацькамі езьдзіць па Беларусі, у Вільню, Беласток, на Балтыку. Аднойчы пабывала зь сяброўкай у Парыжы. Яе чакаюць у Італіі, ЗША, Нямеччыне, але з тэхнічных праблемаў рэалізаваць пляны не ўдаецца.

Дарогі ў Залесьсі і ваколіцах ня лепшай якасьці і цяперашні электравазок зусім растрэсься.

Паўстала неабходнасьць у новым. Да таго ж, тэхналёгіі ідуць наперад, ёсьць магчымасьць выбраць варыянт з так званым вэртыкалізатарам. Такі вазок дазваляе карыстальніку прыняць вэртыкальнае становішча, як бы «стаяць», а не «сядзець». Такая магчымасьць зьмяншае наступствы пастаяннага знаходжаньня ў сядзячым/ляжачым становішчы, разгружае тазасьцёгнавыя суставы, дапамагае дацягвацца да паліцаў.

У сакавіку 2017 году Дар’я Ліс атрымала стыпэндыю імя Магдалены Радзівіл для пісьменьніц і перакладчыц.

Журы пад старшынствам Сьвятланы Алексіевіч абрала трох аўтарак, якім для творчага штуршка неабходная фінансавая падтрымка.

Паводле ўмовы, стыпэндыяткі атрымалі па 2000 рублёў, якія могуць патраціць на ўласныя патрэбы. Дар’я ўспрыняла ўганараваньне як першы крок да рэалізацыі сваёй мэты, бо сваю свабоду творчасьці наўпрост зьвязвае з мабільнасьцю. Але гэтых сродкаў, на жаль, недастаткова.

Мадэль Ottobock C1000 SF, якую можна замовіць, каштуе больш за 30 тысяч беларускіх рублёў, з падаткамі — наогул 34 тысячы.

У зьвязку з гэтым сябры і калегі абвяшчаюць грамадзкі збор сродкаў на вазок для Дашы.

Мэта акцыі — даць таленавітай дзяўчыне мабільнасьць і незалежнасьць, што аўтаматычна азначае свабоду творчасьці. А самае галоўнае — надзея на падвышэньне якасьці і павелічэньне працягласьці жыцьця.

Грошы на вазок можна ахвяраваць на плятформе talaka.by ці наўпрост на дабрачынны рахунак:

Транзытны рахунак банка 3812 114 000 312«Прыёрбанк» ААТКод банка 749УНП 100220190Прызначэньне: для залічэньня на дабрачынны рахунак № 749142-00631-000001 (Ліс Дар’я Алегаўна).

Зьвесткі пра паступленьне грошай на дабрачынны рахунак будуць фіксавацца ў лічыльніку гэтай кампаніі.

Выправіцца ў Брэмен, калі неабходная сума будзе сабраная, Дар’я плянуе сама — тэхнічна складаны вазок патрабуе абавязковай «прымеркі». Грошы на падарожжа дзяўчына ўжо адклала з журналісцкіх заробкаў.

Радыё «Свабода»

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930