Знайсці
08.04.2017 / 16:2645РусŁacБел

Станіслаў Багданкевіч: «Прасіць МВФ не даваць Беларусі крэдыт — няправільная ідэя»

У інтэрнэце нейкімі людзьмі разгорнута акцыя па зборы подпісаў супраць выдзялення Беларусі крэдыту Міжнароднага валютнага фонду.

Пэтыцыю «Не крэдыту МВФ для Беларусі!» падпісалі ўжо нібыта больш за 2500 чалавек.

У тэксце звароту сказана: «Mы, ніжэйпадпісаныя, патрабуем спыніць усе перамовы (уключаючы кансультацыі) паміж МВФ і кіраўніцтвам Беларусі…

Mы патрабуем ад МВФ не даваць фінансавай дапамогі Беларусі, пакуль цяперашняе кіраўніцтва застаецца ва ўладзе».

Наколькі вытлумачальна з'яўленне такога звароту да МВФ? Бо Міжнародны валютны фонд проста так грошы не вылучае - толькі пад эканамічныя рэформы. Ці хто-небудзь думае, што на фоне пагаршэння адносін з Расіяй МВФ зоймецца дабрачыннасцю і дасць у доўг беларускім уладам некалькі мільярдаў даляраў, не чакаючы правядзення рэформаў?

За каментаром мы звярнуліся да доктара эканамічных навук, экс-кіраўніка Нацбанка Беларусі Станіслава Багданкевіча.

- Асабіста я такія заклікі не падтрымліваю, - кажа Станіслаў Антонавіч. -

Міжнародны валютны фонд дае крэдыты толькі ўзамен на пераўтварэнні ў эканоміцы. Не будзе праграмы эканамічных пераўтварэнняў, якія зрушаць Беларусь да прагрэсу, эфектыўнага кіравання эканомікай, росту ВУП і ў канчатковым выніку да паляпшэння ўзроўню жыцця і дабрабыту народа, - не будзе грошай.

Так што ўсе гэтыя звароты па сутнасці нічога не мяняюць, пазіцыя МВФ застаецца ранейшай.

- Беларусь не першы раз просіць грошы ў МВФ. У 2009 годзе мы ўжо атрымалі крэдыт у 3,5 мільярда даляраў, і тады, дарэчы, Беларусь ўмовы Міжнароднага валютнага фонду, пад якія выдаваліся грошы, выканала часткова.

- Мяркую, што МВФ разумнее і робіць высновы. Хутчэй за ўсё, у гэты раз валютны фонд не будзе даваць грошы толькі пад абяцанні рэформаў. Як бачыце, да гэтага часу мы і не можам дамовіцца. Галоўнае, як мне здаецца, выдзяляць крэдыт траншамі і пасля таго, як будуць выкананыя ўзгодненыя праграмы па пераўтварэнні эканомікі.

- А чаго канкрэтна хочуць ад нас міжнародныя эксперты? Народу часцей за ўсё кажуць пра патрабаванні перакласці на плечы насельніцтва аплату ЖКГ і не павышаць зарплаты і пенсіі.

- Перш за ўсё МВФ рэкамендуе афіцыйнаму Мінску рэфармаваць сектар дзяржпрадпрыемстваў, каб нашы заводы не выпускалі прадукцыю на склад, а сталі канкурэнтаздольнымі.

Прапануецца адключыць іх ад дзяржпраграм, і прадпрыемствы, якія не змогуць існаваць самастойна, павінны быць альбо ліквідаваныя, альбо рэструктурызаваная. Таксама гаворка ідзе і аб прыватызацыі дзяржпрадпрыемстваў і падтрымцы беспрацоўных. Галоўным паказчыкам выкананай працы стане рост дадатковай вартасці, рост рэнтабельнасці прадпрыемстваў. Гэта ўсё трэба закладаць у праграму і пад гэта атрымліваць крэдыт МВФ. А атрымліваць грошы для падтрымання статус-кво, праядаць іх - такі крэдыт нам не патрэбны.

Але МВФ і не збіраецца даваць Беларусі крэдыт пад статус-кво.

На мой погляд, заклікі да МВФ не даваць нам крэдыт - няправільная ідэя. Эканамічныя рэформы, якія нам прапануе МВФ, гэта перабудова эканомікі, якая пацягне і перабудову ў палітыцы.

Бедныя краіны, жабрацкія народы - паглядзіце на Паўночную Карэю, Гаіці і г.д. - улады не мяняюць. А калі расце дабрабыт, расце і культурны ўзровень, адукацыйны, мяняецца грамадзянская супольнасць.

- На ваш погляд, якія шанцы ў беларускіх уладаў атрымаць крэдыт МВФ?

- Яны ёсць. У Беларусі добрая крэдытная гісторыя: ні разу ніякіх пратэрмінаваных запазычанасцяў перад МВФ у нас не было, таму адмовіць нам цяжка. Але

Аляксандр Лукашэнка павінен заявіць і падпісацца пад тым, што ён гатовы мяняць эканамічную мадэль краіны. Тая мадэль, якую ён пабудаваў, працавала толькі тады, калі яе фінансавала Расія, а цяпер гэтага няма.

Але Лукашэнка пакуль такіх абяцанняў, мабыць, не дае. Але мне здаецца, жыццё прымусіць, сітуацыя ў краіне бязвыхадная, прыйдзецца пайсці на рэформы.

* * *

Колькі і каму павінна Беларусь выплаціць па даўгах ў 2017 годзе і ў каго яшчэ просіць грошай?

Наша краіна ў 2017 годзе павінна выплаціць па замежнай і ўнутранай дзяржпазыцы каля 3,5 мільярда даляраў. Што тычыцца замежных запазычанасцяў, то Расіі мы павінны 741,3 мільёна долараў, Еўразійскаму фонду стабілізацыі і развіцця - 487,9 мільёна долараў, а таксама Кітаю - яшчэ 381,7 мільёна. Каб разлічыцца па старых даўгах, беларускія ўлады планавалі ў гэтым годзе прыцягнуць 700 мільёнаў даляраў у выглядзе траншаў Еўразійскай фонду стабілізацыі і развіцця, а яшчэ 800 мільёнаў даляраў атрымаць ад размяшчэння новага выпуску еўрааблігацый. Аднак на дадзены момант ЕФСР не выдзеліў Беларусі яшчэ нават леташні транш крэдыту.

Марыя Эйсмант, «Народная Воля»

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера