Знайсці
07.04.2017 / 23:41РусŁacБел

Андрэя Дундукова перавялі на Валадарку. А яго жонка атрымала два новыя лісты з «амерыканкі»

Сёння стала вядома, што Андрэя Дундукова, выратавальніка рэспубліканскага атрада спецыяльнага прызначэння і фігуранта «справы патрыётаў», перавялі з «амерыканкі» (СІЗА КДБ) на Валадарку (СІЗА №1). 

Яго затрымалі ноччу 22 сакавіка, калі ён разам з сям'ёй ехаў на адпачынак. Як стала вядома, яму выстаўлена абвінавачанне па 3 частцы 293 артыкула КК — навучанне і падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках. 

У распараджэнні «НН» аказаліся яшчэ два лісты Андрэя Дундукова да жонкі. Як і апублікаваныя раней (30 сакавіка і 6 красавіка), гэтыя лісты Дундукоў пісаў па-беларуску. Вось вытрымкі з новых лістоў.

«Прывітанне, даражэнькая. Гэта 4 ліст:) Трэці быў з малюначкам:)

Атрымаў усе твае 4 лісты. Каб ты разумела, тут іх правяраюць. Таму могуць ісці тры дні толькі да пошты. І твае могуць «падвісаць», маемо што маемо».

«Я б назваў твой шлях да мовы пакутным. Але ты на яго стала і гэта вельмі добра:) Я проста ззяю ад шчасця, калі атрымліваю ад цябе лісты па-беларуску».

«Сёння мыліся пад душам. І я зноў з пакетамі на нагах. Я тут яшчэ болей пачаў любіць свабоду і камфорт. Адразу марыў пачысціць зубы, потым пастрыгчы кіпцюры. Зараз мару пастрыгчыся і нармальна схадзіць у душ у сланцах:) Потым буду марыць пра пральную машынку:)»

«У кожнага свой шлях да Бога. Я таксама падумваю за Біблію. Але яе не перададуць, бо перадаваць кнігі забаронена. Калі будзе магчымасць, паедзь на Радуніцу на могілкі. Запалі на магіле дзеда, бабулі і маёй маці свечкі, бо я заўседы дзюжа перажываў, што не магу завітаць на могілкі на святы.

Агародніну перадавай. З садавіны можна толькі яблыкі і грушы!!!

На прагулцы ходзім па дворыку, магу трохі папрысядаць і паадціскацца. Дужа хачу пабегаць…

Не хапае турніка. Баюся: упадуць падцягванні, а разам з імі і ўзровень лазання… Прыйдзецца пачынаць амаль з нуля».

«За працу ўжо не турбуюся….Я зараз як даасісіт:) Значыць, пачну новы шлях:) Усё больш задумваюся за фельчара:) Не хочацца штосьці загадваць…»

«Я вось думаю. Не атрымалася быць вайскоўцам, як дзед і бацька. Мо пайсці на медыцыну, як бабуля і маці? Адразу на фельчара. Неяк гаўняна гучыць: «Я працягнуў традыцыю сямейную па бабулі і матулі, улічваючы, што я мужык»:) Бо часу хапае — можна і біялогію падвучыць».

«Грошы не дайшлі. Іх раз на тыдзень прыносяць.

Тут можна набыць амаль усё.

Я бы набыў пару кніжак. Бо я тут чытаю рознае г… З больш-менш годных — гэта «Спартак». Зара чытаю М. Чаргінец «Сыновья». Не ведаю, як з такімі творамі магчыма стаць кіраўніком саюза пісьменнікаў. Там у Марціновіча выйшла кніга новая. Не можаш удакладніць, як называецца?»

«Мне сніўся сон: я знайшоў тэлефон, а табе дазваніцца не магу. Тут кожную ноч нешта сніцца, бо спім са святлом. Сёння снілася, што ты будзіш мяне, а я спаў на канапе ў Бабруйску. Разлюпляю вочы: камод і мех з цацкамі. Другі раз разлюпляю вочы — камера.

Я не ў адзіным парыве пішу ліст. Таму часам думкі губляюцца. Нават тут е час, калі занятыя:)»

«Я разумею, што ў мяне е адрэналінавая залежнасць. Хочацца або ў верталёт ці хаця б заняткаў на вяроўках. Але е і мацнейшая залежнасць — гэта ты і мой сынулька.:) Калі без адрэналіна можна, то без вас зусім цяжка. Але не перажывай за гэта. Думаю, можа, атрымаецца або тут пабачыцца. Калі не, то ўжо на судзе…

«Тут табе намаляваў закладку. Гэта арнаменты дзед і баба. Даследчыкі кажуць, што гэта сямейны арнамент… Моцна не спадзяюся, але мо дапаможа хутчэй пабачыцца. Выражы яго і трымай з сабою».

***

«Атрымаў толькі што твой 7-ы ліст. А перад гэтым быў 4-ы:)

…Што далей будзе, пакуль не ўяўляю і чакаю хутчэй суда. З тым, што жыццё не будзе, як раней, звыкся, маю на ўвазе працу…»

«Я ўпэўнены, што ўсё будзе добра, толькі дачакайся мяне!»

nn.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930