Знайсці
07.04.2017 / 16:5741РусŁacБел

Стась Карпаў: Усе патрабуюць ад журналіста бесстароннасці «ў прынцыпе», але прыязнасці да сябе асабіста

Публіцыст выказаў сваё меркаванне для baj.by.

Калі ў мяне спыталі, ці не хачу я напісаць тэкст пра працу журналістаў у Беларусі — я адразу сказаў, што хачу. Я, наогул, пастаянна нешта хачу напісаць, але не ведаю пра што. А тут — падказачка.

Тым болей падзеі такія ў апошні час… Арышты, вобшукі, канфіскацыі. Бяры і пішы. Вось журналісты і чытачы па адзін бок. А вось улада. Як бы па-іншы. Можна напісаць пра харошых журналістаў і кепскую ўладу. Ці наадварот.

Але неўзабаве адбыўся яшчэ адзін эпізод, які, уявіце сабе, уразіў мяне больш.

Ён, канешне, не такі брутальны і, безумоўна, не рэзанансны. Не падзея, а радок у хроніцы. Але, падумаў я, пра мянтоў і журналістаў напіша нехта і без мяне. Нехта менш рэфлексіўны, нехта больш канкрэтны і заглыблены. А я хачу вось пра што.

У чарговы раз на журналістаў (на гэты раз «Нашай Нівы») падалі скаргу ў БАЖ, на гэты раз беларускія літаратары. Прычына: выданне парушыла журналісцкую этыку, асвятляючы ўганараванне лаўрэатаў прэміі «Кніга году — 2016».

Да гэтага, памятаю, было разбіральніцва з нагоды «няправільнага» інтэрв’ю Кацярыны Андрэевай («Народная Воля») з Уладзімірам Някляевым. Тады журналістцы ў віну ставілі словы героя інтэрв'ю.

Разумееце, я не хачу і не буду расказваць пра віны і матывы. Пра правату і неправату. Я хачу сказаць вось пра што.

Праца беларускіх журналістаў у нашай краіне — гэта не толькі рызыка быць збітым ці пасаджаным. Гэта не толькі вялізная работа за невялізныя грошы. І не толькі супрацьстаянне генератарам рэальнасці, якія таксама «ціпа журналісты». Гэта яшчэ і бясконцае паломніцтва з завязанымі вачамі па мінным полі чужых пачуццяў.

Памятаю, падчас запісу перадачы з Аляксандрай Баярынай я спытаў, ці хацела б яна вярнуць Вільню, дапусцім, калі б гэта магчыма было зрабіць бяскроўна.

І пытанне выклікала страшэннае абурэнне з патрабаваннямі забараніць паказ інтэрв’ю і зняць яго з сайта. Разумееце? Пытанне выклікала абурэнне. А абурэнне выклікала патрабаванне забараніць.

І штука ў тым, што патрабавалі тыя самыя людзі, якія любяць расказваць пра нялёгкую барацьбу з цэнзурай, пра свае пакуты ад гэтай цэнзуры… Як бачым, пакуты пакутамі, але прыходзіць момант і высвятляецца, што пацярпелыя ад цэнзуры самі не ведаюць іншых механізмаў барацьбы з непрыемным. Таму журналіст бясконца змагаецца не толькі з уладай, непераможнай машынай тысяч дубінак і, што яшчэ страшней, соцень тысяч падпісаных і незапоўненых бланкаў. Ён змагаецца з «пачуццямі вернікаў», а вернікі, не стрымліваючыся, абражаюцца. Іх пачуцці растуць як пухліна і як газ займаюць усю наяўную прастору.

Як толькі «неабыякавы грамадзянін» усвядоміў, што ягоныя пачуцці можна абараняць працэдурна — душа ягоная пачынае балець за ўсё. Ён патрабуе усім заткнуць рот. А я хачу прапанаваць грамадзяніну — не абражацца.

Не абражайцеся. Ці абражайцеся і лайцеся матам. Пішыце лісты з праклёнамі ці з’едлівыя каментары. Не любіце. Не купляйце. Не заўважайце. Выкрэслівайце. Але не патрабуйце забараняць і караць ад імя і па даручэнні. Гэта пошлы жанр кляўз.

Ніхто не абвінавачвае журналіста ў неэтычнасці, пакуль той піша пра верніка «прыемнае». Але калі наадварот, то імгненна з’яўляюцца фармулўёкі тыпу «распальвання варожасці і напружання ў грамадстве». Такія фармулёўкі-прэзерватывы, якія можна нацягнуць на праблему любой формы і аб’ёма.

Праблема, разумееце, з’яўляецца не тады, калі нехта непаліткарэктна пажартаваў ці расказаў, што адзін дзядзя шчыра не любіць іншага. Яна з’яўляецца, калі я адмаўляю іншым у праве гаварыць толькі таму, што не хачу чуць. Калі я патрабую прыняць мой маральны кодэкс нават на пачатку спрэчкі проста таму, што маё права ўсміхацца — гэта ўсеагульны абавязак заткнуцца.

Усе патрабуюць ад журналіста бесстароннасці «ў прынцыпе», але прыязнасці да сябе асабіста. Усе любяць займацца іншымі, бо іх не шкада і ненавідзяць займацца сабой: быць незадаволеным сабой — невыносна, але змяніць сябе немагчыма.

Паколькі я быў і супраць пасадак «рэгнумаўцаў», мне лёгка гаворыцца на тэму свабоды выказвання наогул. Я упэўнены, што для журналістыкі ў прыватнасці і для грамадства ў цэлым куды карысней не абражацца ці па-чалавечы сварыцца, чым скардзіцца.

За савецкім часам склалі дастаткова індывідуальных і калектыўных скаргаў на чужыя маральныя абліччы, каб нарэшце забыцца на гэты жанр.

Таму калі казаць пра працу работнікаў медыя ў Беларусі, то хацелася б, каб журналісты пры ўсіх наяўных праблемах не змагаліся хаця бы з чытачом, які ўпэўнены, што трымае ў руках рубільнік ад журналістыкі.



Стась Карпаў

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930