Знайсці
04.04.2017 / 23:2934РусŁacБел

Прэйгерман: Я заклікаў не «заплюшчыць вочы на арышты», а да перамоваў

Ліст кіраўніка «Ліберальнага клуба» ў Рэдакцыю «Нашай Нівы».

Загаловак да пераказу майго артыкула для аналітычнага цэнтру Carnegie Europe, які з’явіўся на «Нашай Ніве», абсалютна скажае мой мэсідж.

Ці «Прэйгерман заклікаў ЕС заплюшчыць вочы на арышты ў Беларусі»? Калі Прэйгерман да чаго ЕС і ўсіх каментатараў і заклікаў, то акурат да таго, каб вочы расплюшчыць. А таксама ўключыць галовы!

Як чалавеку, які глядзіць на палітыку і міжнародныя адносіны праз прызму навуковых метадаў (а не фантазій, эмоцый ці палітычных амбіцый), мне сорамна і балюча, што незалежная будучыня Беларусі з’ўляецца закладніцай дурасці. Адной з форм дурасці, як вядома, ёсць надзея, што паўтарэнне адных і тых жа памылак нейкім цудоўным чынам прывядзе да лепшых вынікаў. А менавіта гэта шмат гадоў і працягваецца ў нашых дачыненнях з ЕС.

Дурасцю вельмі лёгка маніпуляваць. Менавіта гэтым доўгія гады займаюцца розныя людзі ўнутры і па-за межамі Беларусі. На жаль, наша краіна мала кім у ЕС і агулам на Захадзе ўспрымаецца як стратэгічна важная. Таму замест сур’ёзных інвестыцый часу і рэсурсаў у развіццё адносін з Беларуссю заходнія палітыкі і чыноўнікі схільныя да простых рашэнняў. А што можа быць прасцей, чым гучна ўвесці санкцыі, якія ніяк на адаб’юцца на інтарэсах абсалютнай большасці краін ЕС?

Але трагедыя ў тым, што такія простыя рашэнні адбіваюцца на будучыні Беларусі. Я думаю, што ўсе чытачы «Нашай Нівы», як і я, хацелі б жыць у незалежнай краіне, якія б унутраныя і знешнія выклікі нас з вамі ні чакалі. Чаму санкцыі і мінімізацыя супрацы з ЕС падрываюць перспектывы нашай незалежнасці — чытайце ў маім артыкуле на сайце Carnegie Europe. Калі ёсць праблемы з разуменнем ангельскай мовы, то пераканайце рэдакцыю «Нашай нівы» усё ж такі перакласці яго цалкам. Бо мяне яны не слухаюць.

Да чаго ж усё ж Прэйгерман заклікаў ЕС?

Да таго, каб шукаць новыя падыходы да Беларусі, якія прывядуць да лепшых вынікаў для 9,5 мільёнаў грамадзян краіны і для беларуска-еўрапейскіх адносін. І калі «Наша Ніва» не зразумела галоўны мэсідж, то вось ён.

Так, толькі перамовы могуць прывесці ў нашай рэчаіснасці да пазітыўных вынікаў у адносінах паміж ЕС і Беларуссю. Толькі перамовы могуць спрыяць паляпшэнню сітуацыі ўнутры краіны, перадухіленню новых рэпрэсій і зняволенняў. Пры гэтым перамовы не выключаюць магчымасці ўжывання ўсяго арсеналу метадаў уздзеяння на іншы перамоўны бок, у тым ліку і санкцый.

Але ж не трэба блытаць перамовы з эпізадычнымі візітамі еўрачыноўнікаў ці еўрадэпутатаў, якія прыязджаюць, каб зрабіць чарговыя палітычныя дэкларацыі і заклікаць Менск адмяніць смяротнае пакаранне. Перамовы — гэта сур’ёзны дыпламатычны інструмент, які патрабуе адпаведнай палітычнай волі і прафесійнай падрыхтоўкі. Яны могуць быць вельмі непрыемнымі для ўдзельнікаў, але ж для таго ў нашым жыцці і з’явіліся дыпламаты.

Таму ЕС (гэтак жа, як і «Нашу Ніву») я заклікаю ўсяго толькі быць крыху больш прафесійным у адносінах да Беларусі. Пры гэтым я не сцвярджаю, што прафесіяналізму еўрапейскім дыпламатам бракуе. Проста прафесіяналам трэба даць працаваць, а не рабіць іх закладнікамі простых рашэнняў.

Яўгеній Прэйгерман

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930