Знайсці
04.04.2017 / 20:2616РусŁacБел

Еўрасаюз зноў крытыкуе Мінск за падаўленне пратэстаў

Нягледзячы на заклікі міжнароднай супольнасці праяўляць стрыманасць, дзеянні ўладаў Беларусі, у тым ліку «прэвентыўныя арышты напярэдадні і вялікая колькасць арыштаў і затрыманняў мірных дэманстрантаў 25 сакавіка, былі неабачлівымі і недарэчнымі». Пра гэта заявіла дэлегацыя Бруселя на сустрэчах у Мінску ў рамках пасяджэння Каардынацыйнай групы ЕС-Беларусь 3-4 красавіка, паведамляе прэс-служба прадстаўніцтва Еўрасаюза, піша Tut.by.

Фота прэс-службы МЗС Беларусі

Паводле ацэнкі дэлегацыі ЕС, якую ўзначальваў Томас Маер-Хартынг, выканаўчы дырэктар па пытаннях Еўропы і Цэнтральнай Азіі ў Еўрапейскай службе знешніх дзеянняў (ЕСЗД), беларускія ўлады абмежавалі свабоду выказванняў і сходаў насуперак «заяўленай Беларуссю палітыцы дэмакратызацыі і яе міжнародным абавязацельствам».

Чыноўнікі з ЕС на сустрэчах у Мінску адзначалі, што «канкрэтныя і незваротныя крокі з боку Беларусі да забеспячэння універсальных фундаментальных свабод, у тым ліку свабоды выказвання, сходаў і СМІ, а таксама вяршэнства права і праў чалавека, у тым ліку адмена смяротнага пакарання, застануцца ключавымі пры фармаванні будучай палітыкі ЕС у дачыненні да Беларусі і адносін ЕС з гэтай краінай».

На сустрэчах закраналася і тэма будаўніцтва БелАЭС. «Еўрапейскі бок падкрэсліў неабходнасць поўнай празрыстасці і супрацоўніцтва па пытаннях ядзернай бяспекі», — заявілі ў прадстаўніцтве ЕС.

У дэлегацыю ЕС таксама ўвайшлі прадстаўнікі ЕСЗД і генеральных дырэктаратаў Еўрапейскай камісіі, адказных за пытанні Еўрапейскай палітыкі суседства, гандлю, энергетыкі, а таксама ўнутраных спраў. Беларуская дэлегацыя працавала пад кіраўніцтвам намесніка кіраўніка МЗС Алег Краўчанка, і ўключала ў сябе прадстаўнікоў іншых галіновых міністэрстваў.

Дэлегацыю ЕС таксама прымалі кіраўнік МЗС Уладзімір Макей і першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Максім Рыжанкоў.

У сустрэчах таксама бралі ўдзел беларускія эксперты і няўрадавыя арганізацыі. Як і ў мінулы раз, на пасяджэнні ў лістападзе 2016 года, правы чалавека па парадку дня былі пастаўленыя ў асобную сесію, закрытую для грамадзянскай супольнасці. У гэты раз сярод беларускіх экспертаў упершыню былі і праўладныя палітолагі.

Акрамя праў чалавека, каардынацыйная група абмеркавала пытанні мабільнасці, кантактаў паміж людзьмі, гандлю, энергетыкі, мытнай дзейнасці, транспарту, навакольнага асяроддзя, навуковых даследаванняў, адукацыі, санітарных і фітасанітарных стандартаў, сельскай гаспадаркі і сацыяльнай абароны. Бакі абмяняліся поглядамі на падзеі ў рэгіёне.

Дыпламаты з ЕС правялі асобныя сустрэчы з беларускімі праваабаронцамі, прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і апазіцыі.

«Еўрапейскі саюз зноў пацвердзіў сваю прыхільнасць мэце забеспячэння стабільнай, дэмакратычнай і квітнеючай Беларусі на карысць яе народа і будзе і надалей працаваць разам з усімі зацікаўленымі бакамі для яе дасягнення».

Каардынацыйная група — фармат дыялогу паміж Мінскам і Бруселем, які быў запушчаны год таму на хвалі нармалізацыі беларуска-еўрапейскіх адносін. Сустрэчы групы праходзяць кожныя паўгода. Сёлета пасяджэнне праходзіць на фоне незадаволенасці ЕС разгонам акцыі пратэсту 25 сакавіка ў Мінску і хваляй адміністрацыйных арыштаў да і пасля яе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930