Знайсці
05.04.2017 / 13:232РусŁacБел

Сорамна не паглядзець: топ-7 тэатральных прэм’ер вясны

Самы час, нарэшце, выбрацца з-пад коўдры і разнастаіць вечар паходам у тэатр. 

Фота: kupalauski.by

«Войцэк»: 6, 7 і 22 красавіка, Купалаўскі тэатр

На камернай сцэне ўпершыню пакажуць спектакль паводле самай знакамітай п’есы Георга Бюхнера. Увасабленне гісторыі дэфармаванага грамадствам і бязрадасным жыццём салдата — першая праца рэжысёра Юрыя Дзівакова ў драматычным тэатры. Сюжэт п’есы ўзяты са старонак газет, дзе ў 1836 годзе шырока абмяркоўвалі гісторыю Іагана Крысціяна Войцэка, які забіў сваю сужыцельку і за гэта быў пакараны адсячэннем галавы.

Ведаючы любоў Дзівакова да хуліганства, візуальных вобразаў і рытму, можна сказаць дакладна, што сумна не будзе нікому.


«Пансіён «Бельведэр»: 7 і 28 красавіка, Беларускі дзяржаўны тэатр лялек

Калі вы паставілі 10 балаў на «Кінапошуку» фільму «Маладосць» Сарэнціна, вам дакладна спадабаецца і гэтая пастаноўка. Тым больш, што зрабіў яе таксама італьянец — Матэа Сп’яцы, які да гэтага працаваў з нашым тэатрам імя М. Горкага.

Галоўныя героі спектакля — сталыя людзі, чыё жыццё хутка скончыцца, але гэта не замінае ім раз-пораз трапляць у розныя камічныя і трагічныя сітуацыі. Рэкамендуецца глядзець і атрымліваць асалоду ўсёй сям'ёй: з татамі, маці, дзецьмі, бабулямі і дзядулямі.

Фота: bygeo.ru

«Кар'ера доктара Рауса»: 19 красавіка, 10 і 31 мая, Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі 

Асаблівая падзея па дзвюх прычынах: першае сцэнічнае ўвасабленне тэксту Віктара Марціновіча і погляд на Францыска Скарыну праз прызму сучаснасці. Як кажа сам аўтар п’есы: «У скарынавых няўдачах, бадзянні па свеце можна пабачыць лёсы шмат якіх яго наступнікаў. Гэта кандэнсаваная формула беларускай кармы. У гэтым сэнсе твор «Кар'ера доктара Рауса» і пра Алексіевіч, і пра Міхалка, і пра ўсіх тых, хто, бадзяючыся па замежжы, спрабуе ўславіць радзіму».

Фота: bolshoibelarus.by

«Чароўная флейта»: 18 красавіка і 21 мая, Вялікі тэатр оперы і балета

З оперы Моцарта тут зрабілі сапраўднае фэнтэзі а-ля «Уладар пярсцёнкаў» ці «Гульня прастолаў», дзе паміж сабой будуць змагацца цёмны жаночы пачатак і светлы мужчынскі. Гучыць інтрыгоўна, ці не так?

Пастаноўка зроблена у рамках Аўстрыйскага культурнага сезона, таму вакальная частка будзе спявацца на нямецкай мове, але ўсе астатнія рэчытатывы прамаўляюць на рускай.

Фота: mdrama.by

«Рамантыкі»: 27-29 красавіка, Магілёўскі драматычны тэатр

Вясёлая ненадакучлівая камедыя, сюжет якой вельмі падобны да таго, што адбывалася паміж сем'ямі Рамэо і Джульеты. Але тут, здаецца, рэжысёр Міхаіл Лашыцкі абяцае шчаслівы фінал. Разыначку пастаноўцы дадасць ансамбль класічнай і сучаснай музыкі «Экспромт-Класіка». Відовішча выдатна пасуе вясноваму настрою.

Фота: binkl.by

«Жоўты заяц»: 9 красавіка, Брэсцкая абласная філармонія

Жаночы монаспектакль пра ўсіх, хто крыху крэйзі. Ён вельмі шчыры, бо зроблены на тэкстах, якія пісьменніца і блогер Наталля Якушына посціла ў фэйсбук. Гэта такі дзённік, зазірнуць куды вам дазволіў сам аўтар. Са снамі, у якіх да яе прыйшлі Пугачова і Пуцін, з развагамі пра нармальнасць. Пры чым тут жоўты заяц? Менавіта так стваральнікі спектакля «абазвалі» усіх творчых людзей. Менавіта ім уся дзея, ў першую чаргу, і прысвячаецца.

Фота: belarusfreetheatre.com

«Дэжавю»: Свабодны тэатр

Сачыце за афішай тут.

Працягваючы тэму монаспектакляў. У «Дэжавю» перад гледачамі паўстае свет самотнай вясковай кабеты, якая хварэе на анкалагічнае захворванне. Яна зусім не такая, як суседзі: яркая, дзікаватая, творчая. Пастаноўку «Дэжавю» тэатральныя крытыкі ўжо зараз называюць адным з моцных адкрыццяў сезона: тут ёсць і гендарная праблематыка, і сацыяльная. Галоўная актрыса Яна Русакевіч на Дзень Волі атрымала дубінкай па галаве, таму, як толькі яна канчаткова паправіцца, трэба ісці на пастаноўку, каб апладзіраваць ёй і за талент, і за мужнасць.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Кацярына Карпіцкая

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930