Знайсці
03.04.2017 / 17:5311РусŁacБел

Мінюст вынес папярэджанні АГП і БНФ і пагражае «іншымі мерамі адказнасці»

Аб'яднаная грамадзянская партыя і партыя БНФ атрымалі папярэджанні Мінюста за заўчаснае анансаванне акцыі пратэсту на Дзень Волі. У выпадку паўторнага папярэджання ўлады пагражаюць апазіцыйным партыям іншымі мерамі адказнасці. Па законе — гэта прыпыненне дзейнасці або ліквідацыя партыі, піша Tut.by

Копіі лістоў ад Мінюста партыя БНФ размясціла ў твітары, а лідар АГП Анатоль Лябедзька ў фэйсбуку. Лісты падпісаныя асабіста міністрам юстыцыі Алегам Сліжэўскім.

Фота з фэйсбука Анатоля Лябедзькі

У папярэджанні гаворыцца, што «арганізатары мерапрыемства заклікалі грамадзян прыняць у ім удзел і агучвалі сцэнар правядзення гэтага мерапрыемства». Такія дзеянні да атрымання дазволу на заяўку забароненыя, адзначае Мінюст. Прадстаўнікоў АГП і БНФ, якія былі заяўнікамі акцыі на Дзень Волі, вінавацяць у парушэнні адразу двух законаў — аб масавых мерапрыемствах і аб палітычных партыях.

Мінюст таксама зазначае, што ў выпадку паўторнага падобнага парушэння ведамства разгледзіць іншыя меры адказнасці да партыі. У адпаведнасці з законам «Аб палітычных партыях», такімі мерамі могуць быць прыпыненне дзейнасці партыі на тэрмін да паўгода і ліквідацыя партыі.

Анатоль Лябедзька сказаў, што заўтра партыя на палітрадзе разгледзіць рашэнне Мінюста і вызначыцца з рэакцыяй.

— Відавочна, што гэта ініцыятыва не міністра юстыцыі, а палітычная замова. Нягледзячы на адсутнасць судовай сістэмы, будзем, хутчэй за ўсё, абскарджваць.

Нагадаем, заяўнікамі акцыі пратэсту на Дзень Волі акрамя прадстаўнікоў АГП і БНФ былі актывісты руху салідарнасці «Разам», «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі» і руху «За свабоду». З трох структур толькі ў апошняй ёсць рэгістрацыя.

Кіраўнік «За свабоду» Юрась Губарэвіч распавёў, што таксама атрымаў апавяшчэнне, што на пошце яго чакае заказны ліст ад Мінюста. Палітык упэўнены, што там аналагічнае папярэджанне.

— Натуральна, будзем абскарджваць, гэта поўны абсурд. Арганізацыя не нясе адказнасць за дзеянні актывістаў. Чалавек, які падаў заяўку, падаваў як фізычная асоба, а не ад арганізацыі. Ён мог быць сябрам і «Чырвонага крыжа», і «Белай Русі», і ветэранскай арганізацыі.

Адзначым, што разглядаючы заяўку на шэсце па праспекце Незалежнасці 25 сакавіка, Мінгарвыканкам прапанаваў заяўнікам зменены сцэнар акцыі толькі ўвечары 24 сакавіка, а не за 5 дзён да акцыі. Пры гэтым генеральны пракурор Беларусі Аляксандр Канюк заявіў, што Мінгарвыканкам «нічога не пратэрмінаваў». Арганізатары ў знак пратэсту адклікалі свае подпісы, кіраўнік Мінска Андрэй Шорац абвясціў любыя акцыі 25 сакавіка незаконнымі. Спроба правесці яе скончылася жорсткім разгонам, сотнямі затрыманняў і дзясяткамі адміністрацыйных арыштаў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера