Знайсці
01.04.2017 / 11:4522РусŁacБел

Ім не спадабаўся зубр Валера — і яны стварылі свайго. А яшчэ ваўчыцу, лася і зайца ФОТЫ

Чатыры гады таму двое маладых хлопцаў, што толькі скончылі ўніверсітэт, вырашылі рабіць цішоткі, якія б адрознівалі іх, вылучалі сярод натоўпу і распавядалі пра тое, хто яны ёсць. Учарашнія студэнты падзарабілі крыху грошай на будоўлі, адшкадавалі $500 ды ўзяліся за справу. Так нарадзіўся брэнд Zhart.

«Нам было цікава зразумець, хто мы. Хацелася ўвагі да сябе, да беларусаў, да таго, што адбываецца ў нашай краіне. Можна набыць нармальную футболку ў якім-небудзь Colin’s. На ёй будзе напісана, да прыкладу, Brooklyn. Але ж мы не з Брукліна!» — кажа адзін са стваральнікаў брэнда Zhart Раман Герасімаў. У творчым дуэце зазвычай ён генеруе ідэі, а Пятро Пішчанка прыдумляе ім форму.

Апошняя калекцыя ад Zhart’а з жыццёсцвярджальнай назвай «Усё будзе фаўна» хіба найбольш палюбілася беларусам. Як не ўпадабаць прыгажуна-зубра ці не ўсміхнуцца далікатнаму ласю? Цяпер Раман з Пятром уключыліся ў краўдфандынг і прымаюць заявы на цішоткі праз платформу Ulej.

Раман Герасімаў: «Сюжэт роліка не зусім праўдзівы, таму што насамрэч усё наадварот. Не прынты нараджаюцца з вобразаў людзей, а людзі пазнаюць сябе ў прынтах. Ідэі ж для іх мы бяром аднекуль з космасу».

Пра тое, адкуль узяўся вобраз зубра

«Нам не падабаўся зубр Валера, які з’явіўся падчас чэмпіянату свету па хакеі. Мы ж не такія, прынамсі, я не такі. Я не асацыюю сябе з гэтай істотай, — прыгадвае Раман. — Тады якраз у Еўропе было папулярна ствараць выявы людзей з галовамі самых розных жывёл. Можна было адшукаць каго заўгодна, акрамя зубра. Бо леў — ён паўсюль леў. А вось зубра хто ведае? Мы вырашылі закрыць гештальт, і гэты прынт стаў вельмі папулярным».

Зразумеўшы, што на хвалі, хлопцы стварылі і іншыя цікавыя вобразы. У кампаніі зубра з’явіліся лось, ваўчыца і заяц.

«Адзін малюнак не можа распавесці пра ўсіх беларусаў, мы ж усе розныя, — працягвае Раман. — Таму сталі шукаць іншыя супярэчлівыя цікавыя вобразы.

Ваўчыца-вегетарыянка на прынце застаецца драпежнай жывёлай. Яна трымае ў руцэ нож і так глядзіць на моркву, быццам будзе ў яе зараз угрызацца. Тут ёсць нейкая неадпаведнасць, канфлікт. Ульяна, якая здымалася ў нашым роліку і якая ўпадабала нашу ваўчыцу, сказала: «Вось я ем траву, і што, я цяпер трус?». Насамрэч, наадварот, каб быць вегетарыянцам, патрэбная воля, стрыжань. Нашмат прасцей пасці ў «Мак» і не парыцца.

З зайцам усё яшчэ прасцей. Наш — зусім не баязлівец, ён можа за сябе пастаяць. Мы спрабуем данесці, што беларус — не значыць памяркоўны чалавек, гэта як мінімум не абавязкова. А вось лось, дарэчы, не асабліва супярэчлівы, затое прышпільны».

Людзі стаміліся ад ЦУМаў і ГУМаў

Раман прызнаецца, што калі толькі яны з Пятром браліся за выраб цішотак, меркавалі, што іх прынты ацэняць хіба людзі творчых прафесій. Цяпер жа бачаць, што памыляліся, таму што імі цікавяцца і дактары, і настаўнікі, і супрацоўнікі метрапалітэна, і курсанты вайсковых вучэльняў.

«Людзі стаміліся ад ЦУМаў, ГУМаў, яны хочуць бачыць добрую якасць і цікавыя ілюстрацыі, зробленыя беларусамі пра беларусаў і для беларусаў», — мяркуе Раман.

Малады чалавек упэўнены, што буйныя айчынныя вытворцы не могуць пазбавіцца ад налёту «калгаснасці», таму што ім папросту не хапае ініцыятыўнасці.

«Адкуль бярэцца гэтая «калгаснасць»? Таму што складана праяўляць ініцыятыву, яна нікому не патрэбная, — акцэнтуе малады чалавек. — У нас ёсць таленавітыя людзі, але яны знаходзяцца ў адной тусоўцы, а вытворчыя магутнасці — у іншай. І паміж імі вялікая прорва. Наступны крок, які нам бы хацелася зрабіць, — стаць мостам паміж імі. Мы хочам пазнаёміць беларусаў з беларусамі, паказаць, што мы штосьці можам».

Раман Герасімаў.

Бяздумнае тыражаванне можа апашліць любы сімвал

За год да вышыванкавага буму хлопцы стварылі прынт, на якім сімвал маладосці разбураецца ў камп’ютарнай гульні Arkanoid. Тады ім здавалася гэта праўдзівым і актуальным. Калі ж пачаўся ўздым беларушчыны, стваральнікі брэнда перайгралі сюжэт. Яны вырабілі прынт, дзе сімвал, наадварот, выбудоўваўся на тэтрысе.

«Ёсць два падыходы. Адзін, самы просты, але таксама важны, — проста шлёпнуць арнамент хоць куды. Але сёння на гэта папросту не хочацца глядзець, бо надакучыла. Бяздумнае тыражаванне можа апашліць любы сімвал, — заўважае Раман.

— Мы вырашылі, што, каб традыцыя жыла, яе трэба інтэрпрэтаваць. Я, напрыклад, не разумею тых людзей, якія заўзята абараняюць спрадвечную вышыванку. Інтэрпрэтацыя значыць, што сімвал жыве. Гэта наадварот цудоўна, гэта трэба ўсяляк падтрымліваць».

НР

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930